Галоўнае на гэты момант
- Расея ня можа дамагчыся перавагі на франтах, таму працягвае ракетныя абстрэлы гарадоў Украіны.
- Расея і Ўкраіна спынілі перамовы.
- Ракетамі абстралялі вёску Дзясна на Чарнігаўшчыне.
- Расейскія войскі ракетамі абстралялі Львоў і вайсковы аб'ект на мяжы з Польшчай.
- Паводле зьвестак украінскіх вайскоўцаў, расейцы ўмацоўваюць занятыя пазыцыі ў Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях, а наступ спынілі.
- З «Азоўсталі» вывезьлі 266 украінскіх вайскоўцаў, іх маюць абмяняць на расейскіх палонных.
- Спадарожнік зафіксаваў чацьвёртае месца масавага пахаваньня ў Марыюпалі.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 18 траўня
З «Азоўсталі» на тэрыторыю, кантраляваную расейцамі, вывезьлі 959 украінскіх вайскоўцаў
Украінскіх вайскоўцаў, якія выйшлі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, даставілі ў былую папраўчую калёнію ў сяле Аленаўка пад Данецкам, якая знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў сэпаратысцкай «ДНР».
Паводле Мінабароны Расеі, усяго з «Азоўсталі» вывезьлі 959 вайскоўцаў, зь іх 51 паранены дастаўлены ў шпіталь Новаазоўску ў Данецкай вобласьці, які таксама кантралюецца расейскімі войскамі і сэпаратыстамі.
Расейцы працягваюць абстрэлы Залатога, Папаснай, Севераданецку
Зараз мэдыкі ў Дніпры змагаюцца за жыцьцё 15-гадовага дзіцяці з Горскага, які пазаўчора пасьля абстрэлу расейцамі вёскі атрымаў траўму ныркі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
«Амаль кожны дзень гінуць мірныя жыхары, мы страчваем жыльлё, прамысловасьць. Безь людзей, дамоў, заводаў — гэтае жыцьцё Луганскай вобласьці хоча навязаць „русский мир“, які зьнішчае ўсё на сваім шляху. Учора ў Прывольлі каля ракі Северскі Данец былі знойдзеныя двое пацярпелых з траўмамі ў выглядзе мінных пашкоджаньняў, таксама паступіла інфармацыя пра загінулых у Залатым і Папаснай.
Акрамя таго, учора асколкамі быў паранены жыхар Севераданецку. У другой палове дня расейцы зноў адкрылі агонь па „Азоце“ — пашкоджаны адзін з адміністрацыйных будынкаў і КПП аб’яднаньня», — адзначыў Гайдай.
Расейскія войскі не спыняюць абстрэлы памежных раёнаў Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей
Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, 18 траўня з тэрыторыі Расеі адбылося сем такіх абстрэлаў: пяць — у Сумскай вобласьці, два — у Чарнігаўскай.
Украінская частка Луганскай вобласьці засталася безь сьвятла
У выніку баявых дзеяньняў была пашкоджана апошняя буйная электрападстанцыя Луганскай вобласьці, рэгіён абясточаны, паведамляе кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.
«Паблізу Лісічанску ідуць актыўныя баявыя дзеяньні, ёсьць трапляньне ў лінію электраперадачы напружаньнем 220 кВ, — адзначыў Гайдай. — Разбурэньне вельмі сур’ёзнае. Рамонт немагчымы да спыненьня баявых дзеяньняў».
Ва Ўкраіне працягнулі ваеннае становішча
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 18 траўня падпісаў указ аб працягу ваеннага становішча яшчэ на 90 дзён з 24 траўня (да 23 жніўня).
У Чарнобыльскай зоне бушуе найбуйнейшы з пачатку году пажар
Плошча пажару ў лесе ў Чарнобыльскай зоне адчужэньня перавышае 1500 га, паведаміла Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня. Адзначаецца, што радыяцыйны фон у межах нормы, магчыма перамяшчэньне задымленьня ў бок Вышгарада і Кіева.
Украінскае войска вызваліла яшчэ адну вёску пад Харкавам — Генштаб УСУ
Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы за 18 траўня паведамляе, што ўкраінскія войскі вызвалілі вёску Дземянцееўка каля Харкава. Гэтая вёска — каля трасы, што вядзе ад Харкава на поўнач, да мяжы і далей у Белгарад.
Таксама ў Генштабе паведамляюць, што на ўсходзе расейцы «працягваюць наступальныя дзеяньні» і бамбуюць украінскія пазыцыі па ўсёй лініі судакрананьня ў раёне Данецку і на славянскім напрамку.
На поўдзень ад Севераданецку расейцы штурмуюць паселішча Ніжняе — беспасьпяхова, як сьцьвярджае ўкраінскі генштаб. У тым жа раёне расейцы атакуюць сяло Кацярынаўка — але таксама пакуль яго не ўзялі. У раёне Данецку расейцы спрабуюць узяць Навасёлаўку і Перамогу, пакуль беспасьпяхова.
У Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях празь мяжу з артылерыі і мінамётаў абстраляныя дзьве вёскі. На фронце ў Запароскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях актыўных баявых дзеяньняў няма, працягваюцца абстрэлы.
Па Адэскай вобласьці нанесены чарговы ракетны ўдар з акваторыі Чорнага мора
Пра гэта 18 траўня паведаміла апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» УСУ. «Вораг працягвае спробы разбурэньня інфраструктуры і псыхалягічны ціск на мірных жыхароў, атакуючы досьвіткам населеныя пункты рэгіёну», — пішуць вайскоўцы. Па папярэдняй інфармацыі, істотных разбурэньняў і пацярпелых няма.
Расейскія войскі абстралялі эвакуацыйную калёну ў Херсонскай вобласьці
18 траўня расейскія войскі з «Градаў» абстралялі мірную калёну людзей, якія спрабавалі эвакуавацца з Херсонскай вобласьці. Сама меней тры чалавекі загінулі, яшчэ шэсьць атрымалі цяжкія раненьні, паведаміў кіраўнік вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу Аляксандар Вілкул.
Па падазрэньні ў дэзэртэрстве затрымалі намесьніка дырэктара Чарнобыльскай АЭС
Сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны затрымалі намесьніка дырэктара Чарнобыльскай АЭС; яго імя не называецца. Згодна са структурай упраўленьня Чарнобыльскай АЭС у генэральнага дырэктара ёсьць намесьнік па рэжыме фізычнай абароны. Да апошняга часу на гэтай пасадзе працаваў Валянцін Вецер.
Затрыманага падазраюць у дэзэртэрстве (ч. 5 арт. 407 КК), суд абраў мерай стрыманьня ўтрыманьне пад вартай. Па вэрсіі сьледзтва, намесьнік дырэктара пакінуў станцыю і не забясьпечыў абарону аб'екта, што ўваходзіла ў яго прамыя абавязкі. Таксама вырашаецца пытаньне аб завядзеньні крымінальнай справы аб дзяржаўнай здрадзе.
Амаль 1300 целаў мірных жыхароў знойдзеныя ў Кіеўскай вобласьці
У Кіеўскай вобласьці на тэрыторыях, якія ў лютым-сакавіку займалі расейскія войскі, знайшлі ўжо 1288 целаў мірных жыхароў, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» начальнік ГУ Нацыянальнай паліцыі Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў. «Большасьць зь іх былі застрэленыя з аўтаматычнай зброі», — сказаў Небытаў. Паводле яго, паліцыя працягвае знаходзіць новыя пахаваньні забітых мірных жыхароў у рэгіёне.
Толькі ў горадзе Буча побач з Кіевам падчас расейскай акупацыі загінулі больш як тысяча мірных жыхароў. Большасьць зь іх — больш за 650 чалавек — як кажуць украінскія ўлады, загінулі не выпадкова пад абстрэламі, а былі забітыя са стралковай зброі.
Марыюпальскі гарсавет паведамляе аб пагрозе поўнага выміраньня Азоўскага мора
Паводле гарсавету, бамбардаваньні «Азоўсталі» маглі пашкодзіць тэхнічнае збудаваньне, якое стрымлівае дзясяткі тысяч тон канцэнтраванага раствору серавадароду. «Выцек гэтай вадкасьці цалкам заб’е флёру і фаўну Азоўскага мора. Далей небясьпечныя рэчывы могуць трапіць у Чорнае і Міжземнае мора», — гаворыцца ў паведамленьні.
Як заявіў мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка, «неабходны неадкладны допуск на абʼект міжнародных экспэртаў і ААН для вывучэньня сытуацыі і прадухіленьня экалягічнай катастрофы сусьветнага ўзроўню».
Расейскі салдат на судовым працэсе ў Кіеве прызнаў віну ў забойстве мірнага жыхара
21-гадовы расейскі вайсковец Вадзім Шышымарын 28 лютага 2022 году расстраляў з аўтамата Калашнікава бяззбройнага жыхара паселішча Чупахаўка Сумскай вобласьці, які ішоў уздоўж дарогі і вёў ровар. 62-гадовы пацярпелы загінуў за некалькі дзясяткаў мэтраў ад сваёй хаты.
Расейцу далі бясплатнага адваката і перакладчыка. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: забойства і парушэньне законаў і звычаяў вайны. Ён ад пачатку расьсьледаваньня прызнаў сваю віну, раскаяўся і супрацоўнічаў са сьледзтвам.
За апошні дзень пад абстрэламі расейскага войска загінулі 10 мірных жыхароў Данбасу
«18 траўня ў Данецкай вобласьці расейцы забілі 10 мірных жыхароў: 7 у Лімане і 3 у Бахмуце. У Бахмуце загінула адно дзіця. Сёньня яшчэ сем чалавек атрымалі раненьні», — паведаміў кіраўнік Данецкай вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка.
ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 3752 мірныя жыхары
Яшчэ 4062 чалавекі параненыя. Сярод загінулых 250 — гэта дзеці, паведамілі ў ААН. Пры гэтым у арганізацыі адзначаюць, што рэальныя лічбы загінулых вышэйшыя, але зь месцаў, дзе ідуць інтэнсіўныя баявыя дзеяньні, інфармацыя паступае са спазьненьнем, і многія паведамленьні яшчэ патрабуюць пацьверджаньня. У прыватнасьці, няма поўнай інфармацыі аб колькасьці ахвяраў у Марыюпалі, Ізюме і Папаснай, дзе, як мяркуецца, пацярпелі тысячы людзей.
Да большасьці зарэгістраваных выпадкаў гібелі і раненьняў прывялі ўдары зброі выбуховага дзеяньня зь вялікім радыюсам паражэньня, уключаючы абстрэлы з прымяненьнем цяжкай артылерыі і рэактыўных сыстэм залпавага агню, а таксама ракетныя і авіяцыйныя ўдары, зазначаюць у ААН.
Амбасада ЗША аднавіла працу ў Кіеве
Амбасада ЗША ва Ўкраіне пасьля трохмесячнага перапынку аднавіла 18 траўня сваю працу ў Кіеве, паведаміла агенцтва Reuters.
Амэрыканскія дыпляматы пакінулі сталіцу Ўкраіны 14 лютага, за 10 дзён да ўварваньня. Праца амбасады была арганізаваная ў Львове. Пасьля пачатку вайны на нейкі час дыпляматы выехалі ў Польшчу, аднак частка супрацоўнікаў амбасады прыяжджала ў Львоў, каб вырашаць неадкладныя задачы.
У школах Жытоміра перастануць вывучаць расейскую мову
Як расказала «Суспiльне» 18 траўня галоўны спэцыяліст гарадзкога дэпартамэнту адукацыі Вольга Ермакова, цяпер у Жытоміры 40 клясаў, у якіх выкладаецца расейская мова — гэта 10 школ, каля тысячы навучэнцаў. У наступным навучальным годзе такога прадмета ў школах гораду ня будзе. Пры гэтым у школах змогуць праводзіць індывідуальныя або групавыя кансультацыі па расейскай мове для тых, каму гэта неабходна.
Уцекачы ад вайны
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня.
Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,27 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 895,8 тысячы — у Румынію, больш за 583 тысячы — у Вугоршчыну.
У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 785 тысяч чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.
Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.
Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Расея выслала 85 дыпляматаў з краінаў ЭЗ і закрыла бюро канадзкай CBC
Расея высылае 34 супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Францыі, 27 — Гішпаніі і 24 — Італіі. Ім далі два тыдні на тое, каб пакінуць краіну. Як заявіла расейскае МЗС, гэтыя меры былі прынятыя ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны.
Таксама прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла аб закрыцьці ў Маскве карпункту канадзкай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыі CBC: акрэдытацыі і расейскія візы журналістаў будуць ануляваныя.
Мін'юст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»
У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць дзейных адвакатаў адвакацкага статусу. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.
Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня
На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімферопаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.
Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.
Расейцы пачалі менш давяраць тэлевізіі
Паводле дасьледаваньня Accelerate research, 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлевізію найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі ўжо 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлевізіі ў жыхароў невялікіх гарадоў (з 34 да 24%), а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.
У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19 да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў — з 26 да 23%.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Беларускае войска ля мяжы з Украінай
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
Як рэагуе сьвет
ЭЗ выдзеліць яшчэ 9 мільярдаў эўра на аднаўленьне Ўкраіны
«Мы будзем працягваць быць побач з Украінай на працягу ўсёй гэтай вайны і калі яна пачне аднаўляцца. Мы прапануем Украіне новую макрафінансавую дапамогу ў памеры да 9 мільярдаў эўра ў 2022 годзе», — заявіла 18 траўня старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
FIBA выключыла баскетбольныя зборныя Расеі і Беларусі са сваіх спаборніцтваў
Выканаўчы камітэт Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу прыняў рашэньне, што афіцыйныя баскетбольныя спаборніцтвы FIBA не павінны праводзіцца ў Расеі ці Беларусі да далейшага апавяшчэньня, а каманды Расейскай фэдэрацыі баскетболу і Беларускай фэдэрацыі баскетболу павінны быць зьнятыя з усіх нацыянальных камандных спаборніцтваў FIBA.
У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі
Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над зьмяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.
Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць вайсковую і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».
«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.
Латвія пашырыла сьпіс непажаданых асобаў з Расеі
МЗС Латвіі дадало ў сьпіс непажаданых асобаў з Расеі яшчэ 102 чалавек за «выказваньне актыўнай падтрымкі рашэньня Пуціна аб уварваньні ва Ўкраіну». Ім забаронены ўезд у краіну на нявызначаны тэрмін. Сярод іншых, у сьпіс трапілі акторы Аляксандар Панкратаў-Чорны і Ўладзімір Гасьцюхін, рэжысэр Юрый Кара, паэт-песеньнік Аляксандар Шаганаў, музыка Канстанцін Бубноў.
У канцы сакавіка Латвія ўжо ўключыла ў сьпіс непажаданых асоб 31 дзеяча культуры, многія зь іх узялі ўдзел у канцэрце-мітынгу «Крымская вясна», прысьвечаным гадавіне анэксіі паўвострава.
ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закуп цяжкіх узбраеньняў
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль абвясьціў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. Гэтыя грошы пойдуць на закуп цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бранятэхніка).
Індыя прыпыніла перамовы з Расеяй аб пастаўцы 10 верталётаў Ка-31 на суму 520 мільёнаў даляраў
Пра гэта паведамляе DefenseNews са спасылкай на ананімную крыніцу ў індыйскім Мінабароны.
Па словах суразмоўцы выданьня, Дэлі асьцерагаецца, што Расея на фоне збройнага канфлікту з Украінай, санкцый і з прычыны праблем, зьвязаных з плацяжамі, ня зможа выканаць абаронную замову.
Крыніца ўдакладніла, што індыйскі Цэнтрабанк распрацоўваў мэханізм аплаты зьдзелак з Расеяй у рублях і рупіях, але спробы посьпехам не ўвянчаліся.
DefenseNews дапускае, што прыпыненьне ўгоды можа быць зьвязана зь міжнародным ціскам на Індыю з прычыны супрацоўніцтва з Расеяй і з нэўтральнай пазыцыяй Дэлі наконт расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.
Вашынгтон раней заклікаў Дэлі адмовіцца ад партнэрства з Масквой і зрушыць фокус на стратэгічнае ўзаемадзеяньне са Злучанымі Штатамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.