Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралія ўвяла трэці пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі за датычнасьць да вайны ва Ўкраіне


Сьцяг Аўстраліі
Сьцяг Аўстраліі

Пад іх падпалі «Мінатор-Сэрвіс» і КБ «Радар — Кіроўная кампанія холдынгу „Радыёлякацыйныя сыстэмы“».

Урад Аўстраліі ўвёў новыя санкцыі ў дачыненьні да дзьвюх беларускіх кампаній, паведаміла 18 траўня міністар замежных спраў Аўстраліі Мэрыс Пэйн.

Пад абмежавальныя захады трапілі вытворча-камэрцыйнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Мінатор-Сэрвіс» і ААТ КБ «Радар — Кіроўная кампанія холдынгу „Радыёлякацыйныя сыстэмы“».

Як адзначыла кіраўніца МЗС краіны, «абедзьве кампаніі вырабляюць складанае абсталяваньне, якое выкарыстоўваецца Ўзброенымі сіламі Беларусі, якія, у сваю чаргу, аказваюць значную стратэгічную падтрымку расейскім сілам».

Раней афіцыйная Канбэра заяўляла, што «беларускі ўрад дазволіў расейскім узброеным сілам праводзіць вучэньні ў сваёй краіне за некалькі тыдняў да ўварваньня. Ён дазволіў Расеі запускаць балістычныя ракеты з Беларусі ва Ўкраіну, перакідваць расейскіх вайскоўцаў, цяжкае ўзбраеньне і танкі, прадаставіў пункты дазапраўкі самалётаў і пляцоўкі для расейскай зброі і вайсковай тэхнікі».

Першы пакет санкцый супраць беларускіх уладаў, зьвязаны з саўдзелам у нападзе РФ ва Ўкраіну, Аўстралія ўвяла 28 лютага, другі — 25 сакавіка.

16 траўня аб увядзеньні новых санкцый у дачыненьні да беларускіх грамадзян і арганізацый заявіла міністарка замежных спраў Новай Зэляндыі Наная Махута.

«Мінатор-Сэрвіс», як напісана на сайце кампаніі, займаецца «распрацоўкай, вытворчасьцю і абслугоўваньнем баявых гусенічных машын, прызначаных для выкарыстаньня ў сухапутных войсках і падразьдзяленьнях марской пяхоты».
Асноўнымі відамі яе дзейнасьці зьяўляюцца, акрамя ўсяго, вытворчасьць браняваных машын, рамонт і сэрвіснае абслугоўваньне баявых машын.

Сярод распрацовак «Мінатор-Сэрвісу» — унівэрсальныя браняваныя гусенічныя шасі "Брыз"/"Моск«, шматцэлевы плаваючы браняваны аўтамабіль «Вітым», баявая машына выведкі 2Т «Сталкер», 82-мілімэтровы мінамёт.

ААТ «КБ Радар» — кіроўная кампанія холдынгу «Сыстэмы радыёлакацыі». Холдынг быў створаны ў мэтах «сумеснай скаардынаванай рэалізацыі працэсаў распрацоўкі і ўкараненьня радыёлякацыйных сыстэм і сродкаў РЭБ, іншых праектаў ваеннага і цывільнага прызначэньня ў адпаведнасьці са статутамі кіроўнай і кампаній — удзельнікаў холдынгу, на аснове сучасных навукова-тэхнічных дасягненьняў і інавацыйных тэхналёгій».

Гэта адна зь вядучых арганізацый, падпарадкаваных Дзяржаўнаму вайскова-прамысловаму камітэту. Холдынг, як указваецца на яго сайце, «выконвае поўны цыкль работ — ад распрацоўкі да вытворчасьці і суправаджэньня эксплюатацыі радыёлякацыйных сыстэм і сродкаў РЭБ».

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG