Як гаворыцца ў паведамленьні, у дапаўненьне да рашэньня, прынятага 1 сакавіка 2022 году і пацьверджанага Цэнтральнай радай 25 сакавіка 2022 году — не дапускаць расейскія каманды і афіцыйных асобаў да ўдзелу ў спаборніцтвах FIBA па баскетболе і баскетболе 3×3, — выканаўчы камітэт FIBA прыняў наступныя рашэньні ў дачыненьні да Расейскай фэдэрацыі баскетбола і Беларускай фэдэрацыі баскетболу:
- Афіцыйныя баскетбольныя спаборніцтвы FIBA не павінны праводзіцца ў Расеі ці Беларусі да далейшага апавяшчэньня.
- Каманды Расейскай фэдэрацыі баскетболу і Беларускай фэдэрацыі баскетболу павінны быць зьнятыя з усіх нацыянальных камандных спаборніцтваў FIBA.
У прыватнасьці, што тычыцца Беларусі, каманду здымаюць з:
- адборачных матчаў чэмпіянату сьвету ў баскетболе FIBA, 2023. Беларусь выбывае з групы B эўрапейскай кваліфікацыі чэмпіянату сьвету па баскетболе FIBA 2023 без прызначэньня замяшчальных камандаў. Усе вынікі каманды анулююцца;
- з кваліфікацыі FIBA 3×3 Europe Cup Qualifiers 2022;
- з кваліфікацыі FIBA 3×3 U17 Europe Cup Qualifiers 2022, замены каманды ня будзе;
- з удзелу ў чэмпіянаце сьвету па баскетболе 3×3 сярод юнакоў да 18 гадоў 2022 году (да ўдзелу будуць запрошаныя наступныя па рэйтынгу каманды: Бэльгія сярод жанчын і Літва сярод мужчын).
Каманды, якія прадстаўляюць расейскія ці беларускія клюбы ці гарады, а таксама расейскія і беларускія гульцы, ня могуць зарэгістравацца, і адборачныя турніры ня будуць праводзіцца ў Расеі ці Беларусі для наступных турніраў FIBA 3×3 Pro Circuit:
- Сусьветны тур FIBA
- 3×3 Чэленджэры FIBA 3×3
- Жаночая сэрыя FIBA 3×3
Радзе эўрапейскай зоны FIBA і Радзе баскетбольнай Лігі чэмпіёнаў было прапанавана прыняць адпаведныя рашэньні для адпаведных нацыянальных зборных і клюбных спаборніцтваў, пра што будзе паведамлена ў найбліжэйшыя дні.