Вярхоўны суд на запыт Генпракуратуры прызнаў тры каналы праекту Nexta «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Як паведамляе «Вясна», гаворка ідзе пра каналы «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA».
У 2020 годзе Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў тэлеграм-канал Nexta Live і лягатып Nexta «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У лютым 2021 году Nexta Live, Nexta і яго лягатып, а таксама сатырычны канал Luxta ўнесьлі ў сьпіс рэспубліканскіх экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Супраць заснавальніка Nexta і Nexta Live Сьцяпана Пуцілы ўлады завялі некалькі крымінальных спраў, у тым ліку паводле артыкулаў аб арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкула 293 КК) і распальваньні варожасьці (частка 3 артыкула 130 КК). У лістападзе 2020 году КДБ Беларусі ўнёс Пуцілу ў пералік арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.
Улады абвясьцілі яго ў міжнародны вышук. Сьцяпан Пуціла жыве ў Варшаве. Аднак спроба дамагчыся яго выдачы ў Беларусь правалілася — суд у польскай сталіцы адмовіў уладам Беларусі, прызнаўшы перасьлед Пуцілы палітычна матываваным.
Раней «тэрарыстычнымі арганізацыямі» прызналі каналы АГСБ (Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» і «Супраціў».