Генпракурор Беларусі накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнаньні Nexta «тэрарыстычнай арганізацыяй».
«Генэральны пракурор Андрэй Швед на падставе закону Рэспублікі Беларусь „Аб барацьбе з тэрарызмам“ на прапанову старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнаньні нефармальнай арганізацыі Nexta са структурнымі падразьдзяленьнямі Nexta Live і Luxta, якія ўваходзяць у яе, тэрарыстычнай», — гаворыцца ў заяве.
У 2020 годзе Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў тэлеграм-канал Nexta Live і лягатып Nexta «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У лютым 2021 году Nexta Live, Nexta і яго лягатып, а таксама сатырычны канал Luxta ўнесьлі ў сьпіс рэспубліканскіх экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Супраць заснавальніка Nexta і Nexta Live Сьцяпана Пуцілы ўлады завялі некалькі крымінальных спраў, у тым ліку паводле артыкулацў аб арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкулу 293 КК) і распальваньні варожасьці (частка 3 артыкулу 130 КК). У лістападзе 2020 году КДБ Беларусі ўнёс Пуцілу ў пералік арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.
Улады аб’явілі яго ў міжнародны вышук. Пуціла жыве ў Варшаве. Аднак спроба дамагчыся яго выдачы ў Беларусь правалілася — суд у польскай сталіцы адмовіў уладам Беларусі, прызнаўшы перасьлед Пуцілы палітычна матываваным.