«Пачаліся работы яшчэ і па разборы завалаў у Барадзянцы. Там усё значна страшней (чым у іншых вызваленых ад акупантаў гарадах Кіеўскай вобласьці. — Рэд.). Яшчэ больш ахвяраў расейскіх акупантаў. А што ж будзе, калі сьвет даведаецца ўсю праўду пра тое, што расейскія вайскоўцы зрабілі у Марыюпалі? Там амаль на кожнай вуліцы — тое, што сьвет убачыў у Бучы і іншых гарадах Кіеўскай вобласьці пасьля сыходу расейскіх войскаў. Такая ж жорсткасьць. Такія ж страшныя злачынствы», — сказаў Зяленскі ў відэазвароце.
7 красавіка ў Барадзянцы дасталі 26 целаў загінулых мірных жыхароў.
Як адзначыла генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава, гэта «самы разбураны горад Кіеўшчыны: па ім білі некіравальнымі 250-кіляграмовымі фугаснымі авіябомбамі, „Ураганамі“ і „Сьмерчамі“»:
«Доказы ваенных злачынстваў РФ тут на кожным кроку: пад аптэкай забароненая касэтная бомба, уздоўж дарогі — спаленая транспартная зарадная машына „Сьмерчу“, а пад ёй ракета, якая ляціць да 90 км і нясе сьмерць і руіны», — сказала Венядзіктава, дадаўшы, што колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва будзе цяжка прадказаць.
У Бучы на сёньня сабралі каля 320 целаў забітых жыхароў Бучы, паведаміў мэр горада Анатоль Федарук. Ужо вызначылі асобы 163 мясцовых жыхароў.