Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Медуза»: новае відэа даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў той час, калі ў горадзе стаялі расейскія войскі


Целы людзей, сабраныя з вуліц Бучы, ляжаць на могілках гораду
Целы людзей, сабраныя з вуліц Бучы, ляжаць на могілках гораду

Інтэрнэт-выданьне «Медуза» апублікавала відэазапіс з дрона паўднёвых раёнаў гораду Буча Кіеўскай вобласьці. Паводле «Медузы», мэтададзеныя файлаў сьведчаць, што гэтыя відэа былі зьнятыя на працягу некалькіх дзён, з 23 па 30 сакавіка 2022 году, і яны паказваюць (разам са спадарожнікавымі здымкамі ў The New York Times), што людзей у Бучы забілі яшчэ да таго, як з гораду адступілі расейскія войскі.

Што відаць на здымках?

На гэтых запісах можна ўбачыць целы забітых, якія ляжаць на вуліцы Яблонскай, а таксама на некалькіх суседніх вуліцах Бучы. «Мэдуза» правяла геалякацыю разьмяшчэньня целаў, і яна цалкам супала зь лякацыяй целаў, зьнятых украінскай паліцыяй і журналістамі зь зямлі на відэа і фота 1 і 2 красавіка 2022 году, пасьля адступленьня з гораду расейскіх войскаў. Як адзначае выданьне, усе загінулыя, зьнятыя з паветра, ляжаць ня проста на тых жа месцах, але і ў тых жа паставах, што і на здымках зь зямлі.

На некалькіх відэа побач зь целамі (на адлегласьці ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў мэтраў) можна ўбачыць ваенную тэхніку, падобную да тэхнікі, якая ёсьць на ўзбраеньні расейскіх дэсантных частак (верагодна, гэта БМД і БТР-Д). На адным з запісаў можна адрозьніць людзей побач з адной з гэтых баявых машын. Тым часам целы забітых працягваюць ляжаць за некалькі дзясятках мэтраў ад разьмяшчэньня вайскоўцаў.

На здымках ад 29 і 30 сакавіка расейскай ваеннай тэхнікі на ранейшым месцы не аказалася. Менавіта 30 сакавіка расейскае Міністэрства абароны называе днём вываду войскаў з Бучы.

Пра што сьведчаць гэтыя здымкі?

Дагэтуль галоўным аб’ектыўным дакумэнтальным доказам таго, што людзей у Бучы забілі падчас прысутнасьці там расейскіх войскаў, піша «Медуза», былі спадарожнікавыя здымкі гораду ад кампаніі Maxar. На здымках, якія кампанія датуе сярэдзінай сакавіка, відаць «прадметы, падобныя на целы людзей» на Яблонскай вуліцы. Аднак расейскія пракрамлёўскія блогеры з дапамогай астранамічнага аналізу ценяў спрабавалі даказаць, што здымкі Maxar рабілі 1 красавіка, калі ў Бучу ўвайшлі ўкраінскія войскі.

«Медуза» дадае, што новыя здымкі ня толькі сьведчаць пра прысутнасьць расейскіх войскаў у Бучы ў той час, калі там былі забітыя мірныя жыхары, але іх датаваньне з 23 па 30 сакавіка пацьвердзілася астранамічнымі вымярэньнямі.

Адкуль у «Медузы» гэтыя відэазапісы?

Відэа выданьню перадаў расейскі нацыяналіст, грамадзянін Беларусі Сяргей Кароткіх, чыя група ваюе на баку Ўкраіны. Ён сьцьвярджае, што ягоныя байцы вялі рэгулярныя здымкі расейскіх пазыцый у паўднёвых раёнах Бучы з уласнага дрона.

Кароткіх у гэтай гісторыі — зацікаўленая асоба, бо праўладныя расейскія журналісты абвінавачваюць яго і ягоную групу ў тым, што менавіта яны забілі жыхароў Бучы 31 сакавіка ці 1 красавіка, калі горад ужо пакінулі расейскія войскі. Аднак «Медуза» адзначае, што ёсьць тры галоўныя аргумэнты, якія дазваляюць сьцьвярджаць што відэа зьнятае да адступленьня з Бучы расейскіх войскаў:

  • Расейская ваенная тэхніка добра бачная на вуліцы Яблонскай, прычым на некалькіх здымках і ў розныя дні. Некалькі бронемашын знаходзяцца там з 23-га ажно да 28 сакавіка. На відэа, датаваным 29 сакавіка, расейскай тэхнікі на вуліцы ўжо няма. На ўзбраеньні ўкраінскага войска такой тэхнікі няма.
  • «Медуза» атрымала неапрацаваныя, зыходныя відэафайлы, зьнятыя дронам. Гэтыя файлы ўтрымліваюць падрабязныя мэтададзеныя, у тым ліку і дадзеныя аб часе здымкі.
  • Выданьне піша, што два незалежныя экспэрты праверылі час здымкаў з дапамогай астранамічнага аналізу ценяў на малюнку. Яго вынікі дазволілі пацьвердзіць, што час у мэтададзеных супадае з рэальным часам здымкаў, а першае відэа з забітымі не магло быць зьнятае пасьля 26 сакавіка 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG