Галоўнае на гэты момант
- У Турэччыне прайшлі перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны.
- Паводле брытанскай выведкі, расейцы перакідаюць сваіх наймітаў з Сырыі і Афрыкі ва Ўкраіну.
- Зяленскі скрытыкаваў Эўропу за затрымку дапамогі.
- Расейскія войскі пакінулі горад Славуціч ля ЧАЭС.
- Ва Ўкраіне абстрэламі і бамбаваньнямі пашкоджана звыш 730 навучальных установаў.
- Паводле зьвестак ААН, за 33 дні вайны ва Ўкраіне загінулі 1179 мірных грамадзян, яшчэ 1869 параненыя. Як адзначаюць у ААН, рэальныя страты значна вышэйшыя, бо інфармацыя з многіх раёнаў прыходзіць са спазьненьнем. Больш за 3,9 мільёна ўкраінцаў вымушана пакінулі краіну пасьля пачатку вайны.
- Уладзімір Зяленскі лічыць, што для бясьпекі ўсёй Эўропы NATO павінна даць самалёты і супрацькарабельную зброю Ўкраіне.
- Украінцы вызвалілі гарады Ірпень і Трасьцянец.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 29 сакавіка
Пасьля чатырох гадзін перамоваў у Стамбуле дэлегацыі Ўкраіны і Расеі прыпынілі дыскусію
Кіраўнік украінскай дэлегацыі Давід Арахамія заявіў аб перадачы Расеі праекту пагадненьня аб міжнародных гарантыях бясьпекі для краіны і спыненьні вайны на ўкраінскай тэрыторыі. Праект прадугледжвае
- Міжнароднае пагадненьне аб гарантыях бясьпекі для Ўкраіны «падобнае да артыкула 5 NATO, але яшчэ больш жорсткае». Сярод краін-гарантаў — Вялікая Брытанія, Кітай, Расея, ЗША, Францыя, Турэччына, Нямеччына, Канада, Італія, Польшча, Ізраіль.
- Гарантыі міжнароднай бясьпекі часова ня будуць дзейнічаць на тэрыторыі АРДЛА і акупаванага Крыму.
- Краіны-гаранты павінны ня толькі не пярэчыць супраць далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу, але і дапамагаць у гэтым.
- Калі ключавыя палажэньні ў дамове могуць быць замацаваныя, Украіна можа замацаваць свой цяперашні статус пазаблёкавай бязьядзернай дзяржавы ў форме пастаяннага нэўтралітэту.
- Плянуецца рэфэрэндум, на якім украінцы выкажуць сваю пазыцыю адносна гэтага пагадненьня. Пасьля яго — ратыфікацыя пагадненьня парлямэнтамі краін-гарантаў і парлямэнтам Украіны.
- Прапануецца правесьці перамовы аб статусе Крыму і Севастопаля на працягу 15 гадоў. На працягу гэтага часу Ўкраіна і Расея ня будуць выкарыстоўваць ваенную сілу для вырашэньня гэтага пытаньня.
- Пытаньні АРДЛА вынесеныя ў асобны пункт, які будзе разглядацца прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі.
Кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі заявіў, што:
- Расея ня супраць уваходжаньня Ўкраіны ў Эўразьвяз.
- Украіна адмаўляецца ад імкненьня вярнуць Крым і Данбас ваенным шляхам.
- Кіеў абяцае адмовіцца ад уступленьня ў ваенныя саюзы.
- Прапановы Кіева прадугледжваюць абвяшчэньне Ўкраіны пастаянна нэўтральнай дзяржавай пад міжнародна-прававымі гарантыямі.
- Прапановы Ўкраіны — канструктыўны крок у кірунку да кампрамісу, Расея іх разгледзіць.
- Сустрэча Пуціна і Зяленскага магчымая адначасова з парафаваньнем дамовы Расеі і Ўкраіны на ўзроўні МЗС, дадаў Мядзінскі.
Генштаб Украіны заявіў аб пасьпяховых контратаках на асобных кірунках
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што расейскія войскі працягваюць ажыцьцяўляць ракетна-бомбавыя ўдары па ўкраінскіх гарадах, але ўкраінскія войскі ня толькі стрымліваюць іх, але і пасьпяхова контранаступаюць.
Апрача таго, Генштаб заявіў: «У асобных раёнах Кіеўскай, Запароскай, Чарнігаўскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей расейцы працягваюць тэрор у дачыненьні да мясцовага насельніцтва, абстрэльваюць будынкі, выкрадаюць мясцовых жыхароў і займаюцца марадэрствам».
Крывы Рог пасьпяхова бароніцца
Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу Аляксандар Вілкул заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы адкінулі расейцаў ад гораду на адлегласьць ад 40 да 60 кілямэтраў, а таксама вызвалілі шэраг населеных пунктаў у Хэрсонскай вобласьці.
У Мікалаеве разбамбілі будынак абласной адміністрацыі
Расейскія войскі разбамбілі будынак абласной адміністрацыі ў Мікалаеве. Частка дзевяціпавярховага будынку абрынулася зь дзявятага па першы паверх.
«Развалілі паўбудынка, у кабінэт трапілі да мяне, сволачы… Глядзіце, па людзях, па ахвярах: ходзім пад богам, большасьць выйшла, выратавалася цудам», — расказаў кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім.
З-пад завалаў будынка дасталі целы 12 загінулых, паведамляе Дзяржаўная служба Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях. Пошукавыя працы працягваюцца. Паводле інфармацыі ДСНС, яшчэ 18 чалавек дасталі з-пад завалаў жывымі, іх перадалі мэдыкам.
Расейцы не прапусьцілі ніводнай гуманітарнай калёны ў Запарожжы
Пра гэта паведамляе глава Запароскай вобласьці Аляксандар Старух. Паводле яго, каля 70 аўтобусаў і грузавікоў, якія сёньня выехалі з Запарожжа, не дачакаліся «зялёнага калідора». Аўтамабілі з Энэргадару і калёна зь Бярдзянску таксама не змаглі праехаць у Запарожжа.
У Марыюпалі расейцы гвалтоўна вывезьлі на тэрыторыю РФ больш за 70 чалавек з радзільнага дома
Гарадзкая рада Марыюпалю паведамляе, што расейскія акупанты гвалтоўна вывезьлі ў Расею больш за 70 чалавек з радзільнага дома №2 у Левабярэжным раёне — гэта мэдычны пэрсанал і пацыенты.
«Войскі Расеі працягваюць цынічна дэпартаваць людзей на сваю тэрыторыю. Ужо вядома больш за 20 тысяч марыюпальцаў, якіх супраць іхнай волі вывезьлі на тэрыторыю Расеі. У грамадзян Украіны адбіраюць дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу, і адпраўляюць у так званыя фільтрацыйныя лягеры. Пасьля чаго перанакіроўваюць у аддаленыя гарады Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні гарадзкой рады.
Расея нанесла ўдар па аэрадроме ў Хмяльніцкай вобласьці
Расейскія войскі нанесьлі ўдар па аэрадроме ў горадзе Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобласьці. Ахвяраў няма, але зьнішчаныя запасы паліва, паведаміў мэр Стараканстанцінава Мікалай Мельнічук. «Вораг цалкам зьнішчыў усе наяўныя ў нас запасы гаруча-змазачных матэрыялаў, якія мы зь вялікімі намаганьнямі сабралі ў якасьці стратэгічнага запасу», — паведаміў мэр гораду.
У Харкаве ў выніку абстрэлу пашкоджаны гістарычны помнік
Расейцы абстрэламі пашкодзілі пажарнае дэпо канца ХІХ ст. Пра гэта паведаміла Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны ў Facebook.
«У выніку варожага абстрэлу гораду Харкава пашкоджаны помнік архітэктуры Харкаўскай вобласьці — былая пажарная частка 1887 году пабудовы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Брытанская выведка: Расея перакідае ва Ўкраіну «вагнэраўцаў»
Агулам больш за 1000 новых байцоў будуць ваяваць за Расею супраць Украіны. Гэта прадстаўнікі так званай групоўкі Вагнэра, баевікоў перакідаюць з Афрыкі і Сырыі. Як адзначаюць у брытанскай выведцы, гэта адбываецца таму, што расейскія войскі нясуць ва Ўкраіне значныя страты. Паводле ўкраінскага боку, загінулі ўжо каля 17 000 расейцаў, пры гэтым расейскі бок даваў значна ніжэйшыя лічбы, але агулам хавае статыстыку. Украінскі бок, у сваю чаргу, не паведамляе дакладных маштабаў сваіх стратаў.
Зяленскі крытыкуе Эўропу за зацягваньне з дапамогай
Прэзыдэнт Украіны анансаваў свае онлайн-выступы ў парлямэнтах Даніі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Грэцыі і Аўстраліі.
Ён зьбіраецца паўсюль падкрэсьліваць: ніхто ня мае права выкарыстоўваць жыцьці ўкраінцаў для захаваньня якіх-небудзь даходаў у Расеі або сумесных з Расеяй. І ўкраінцы не павінны гінуць толькі таму, што некаторыя не знаходзяць у сабе мужнасьці перадаць Украіне неабходную зброю.
«Народы Эўропы, народы сьвету мяне абавязкова пачуюць і падтрымаюць. І ўсе палітыкі павінны цяпер падумаць, што ў іх застанецца, калі яны не адпавядаюць пазыцыі свайго народу», — рэзюмаваў Зяленскі.
Уцекачы ад вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету.
Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.
«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і жадаюць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе бліжэйшай амбасадзе Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.
Паводле офісу Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі з Украіны выехалі больш за 3 мільёны 862 тысячы чалавек. Зь іх больш за 271 тысячу цяпер у Расеі.
Найбольш — 2 мільёны 293 тысячы — знайшлі прытулак у Польшчы. 354 тысячы грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 272 тысячы — у Славаччыну, 383 тысячы — у Малдову, 595 тысяч — у Румынію, 9075 чалавек — у Беларусь.
Што адбываецца ў Расеі
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings адклікала рэйтынгі Расеі з прычыны санкцыяў
Пра гэта паведамляе прэс-служба агенцтва. Сувэрэнны крэдытны рэйтынг — гэта меркаваньне рэйтынгавага агенцтва аб крэдытаздольнасьці краіны. Ён паказвае, наколькі імаверны дэфолт у дзяржаве.
Тры дні таму Fitch Ratings анулявала рэйтынгі ўсіх расейскіх кампаніяў, на якія Эўразьвяз наклаў санкцыі. Рэйтынгі адклікаюць да заканчэньня ўстаноўленага ЭЗ крайняга тэрміну — 15 красавіка 2022 году.
Аб прыпыненьні камэрцыйнай дзейнасьці ў Расеі кампанія Fitch Ratings заявіла на пачатку сакавіка. Раней аналягічнае рашэньне прыняла карпарацыя Moody’s, а рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings абвясьціла аб адкліканьні крэдытных рэйтынгаў усіх расейскіх кампаніяў.
Heineken пакідае Расею
Нідэрляндзкі піваварны канцэрн Heineken спыняе дзейнасьць на тэрыторыі Расеі і перадае бізнэс іншаму ўладальніку з прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пры гэтым у Heineken адзначылі, што ў любых абставінах гарантуюць захаваньне заробку 1800 расейскім супрацоўнікам да канца 2022 году.
Да зьяўленьня новага ўладальніка ўсе сем расейскіх заводаў, якія належаць Heineken, працягнуць працу, гаворыцца ў паведамленьні кампаніі ад 28 сакавіка.
16 сакавіка пра выхад з расейскага рынку абвясьціла іншая буйная піваварная кампанія Anheuser-Busch InBev. Дацкі канцэрн Carlsberg, які валодае кампаніяй «Балтика» ў Расеі, паведаміў, што спыняе інвэстыцыі ў гэтай краіне і пастаўкі імпартнага піва.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
З 24 сакавіка сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў
Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.
Як рэагуе сьвет
Bloomberg прыпыняе сваю дзейнасьць у Расеі і Беларусі пасьля ўварваньня ва Ўкраіну
Пра гэта гаворыцца ў заяве ад Bloomberg LP, кампаніі Bloomberg News:
«Кліенты ў гэтых дзьвюх краінах ня змогуць атрымаць доступ да ніводнага зь фінансавых прадуктаў Bloomberg, уключаючы тэрмінал, ліцэнзію на дадзеныя, паток дадзеных і электронныя гандлёвыя плятформы», — адзначылі ў Bloomberg LP.
Рашэньне азначае, што мясцовыя інвэстары страцяць доступ да ўсіх прадуктаў, якія прапануе гэтая кампанія.
Гандлёва-інфармацыйная плятформа Bloomberg — адзін зь вядучых сусьветных пастаўшчыкоў фінансавай інфармацыі для прафэсійных удзельнікаў фінансавых рынкаў.
Паўночная Македонія абвясьціла пра высылку пяці расейскіх дыпляматаў
Расейскі пасол Сяргей Базднікін у панядзелак быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Паўночнай Македоніі, дзе яму ўручылі дыпляматычную ноту аб высылцы пяці супрацоўнікаў пасольства. Ім дадзена пяць дзён на тое, каб пакінуць краіну. Аб прычынах высылкі не паведамляецца.
Раней Баўгарыя абвясьціла пэрсонамі нон грата 10 супрацоўнікаў расейскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў краіне, абвінаваціўшы іх у выведнай дзейнасьці. Таксама пра высылку расейскіх дыпляматаў абвяшчалі ўлады Латвіі, Літвы і Эстоніі. Рыга і Талін выслалі па тры супрацоўнікі пасольства Расеі, Вільня — чатырох.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.