Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Ўкраіны і Расеі ў Стамбуле пра спыненьне агню і гарантыі бясьпекі завяршыліся. Што кажуць бакі


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган выступае перад пачаткам перамоваў дэлегацый Украіны і Расеі. Стамбул, 29 сакавіка
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган выступае перад пачаткам перамоваў дэлегацый Украіны і Расеі. Стамбул, 29 сакавіка

Пасьля чатырох гадзін перамоваў у Стамбуле дэлегацыі Ўкраіны і Расеі прыпынілі дыскусію. Іх удзельнікі выступілі з брыфінгам аб выніках, заявілі дэталі пазыцыяў.

Украінская і расейская дэлегацыі пачалі перамовы раніцай 29 сакавіка ў турэцкім Стамбуле. Гэта першая сустрэча за апошнія больш чым за два тыдні. Перамовы плянуюцца на тры дні.

Што сказалі прадстаўнікі Ўкраіны

Кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах у Турэччыне Давід Арахамія заявіў аб перадачы Расеі праекту пагадненьня аб міжнародных гарантыях бясьпекі для краіны і спыненьні вайны на ўкраінскай тэрыторыі. Праект прадугледжвае

  • Міжнароднае пагадненьне аб гарантыях бясьпекі для Украіны «падобна артыкулу 5 NATO, але яшчэ больш жорсткае». Сярод краін-гарантаў – Вялікабрытанія, Кітай, Расія, ЗША, Францыя, Турцыя, Германія, Канада, Італія, Польшча, Ізраіль.
  • Гарантыі міжнароднай бясьпекі часова не будуць дзейнічаць на тэрыторыі АРДЛО і акупаванага Крыма.
  • Краіны-гарантыі павінны не толькі не пярэчыць супраць далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу, але і дапамагаць у гэтым.
  • Калі ключавыя палажэньні ў дамове могуць быць замацаваныя, Украіна можа замацаваць свой цяперашні статус пазаблёкавай бязьядзернай дзяржавы ў форме пастаяннага нэйтралітэту.
  • Плянуецца рэфэрэндум, на якім украінцы выкажуць сваю пазыцыю адносна гэтага пагадненьня. Пасьля яго – ратыфікацыя пагадненьня парлямэнтамі краін-гарантаў і парлямэнтам Украіны.
  • Прапануецца правесьці перамовы аб статусе Крыма і Севастопаля на працягу 15 гадоў. На працягу гэтага часу Украіна і Расея ня будуць выкарыстоўваць ваенную сілу для вырашэньня гэтага пытаньня.
  • Пытаньні АРДЛА вынесены ў асобны пункт, які будуць разглядацца прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі.

«Мы настойваем, каб гэта было міжнароднае пагадненьне, якое падпішуць усе гаранты бясьпекі, яно будзе ратыфікавацца парлямэнтамі, каб не паўтараць памылку з Будапэшцкім мэмарандумам», — заявіў Давід Арахамія.

«Краіны-гаранты будуць, паводле аналягу артыкулу 5 пагадненьня NATO, але мэханізм актывацыі больш жорсткі, бо ў NATO няма абмежаваньняў, колькі яны могуць праводзіць кансультацыі, — калі нешта адбылося, то абмеркаваньне можа працягвацца і год. Мы кажам аб трох днях на кансультацыі, і калі гэта вайна, агрэсія ці вайсковая апэрацыя, то краіны-гаранты маюць юрыдычны абавязак надаць нам дапамогу — зброю, сілы, узбраеньнем, закрыць неба — усё тое, чаго нам зараз так не хапае», — сказаў ён.

Ён удакладніў, што гарантамі бясьпекі Ўкраіны прапанавалі выступіць чальцам Рады Бясьпекі ААН — Вялікай Брытаніі, Кітаю, ЗША, Францыі, Турэччыне, Нямеччыне, Канадзе, Італіі, Ізраілю. «Сябрам Рады Бясьпекі ААН ёсьць і Расея, але гэта асобны момант», — дадаў Давід Арахамія.

Пакуль, паводле яго, за межамі гэтага пагадненьня застаюцца Крым і Севастопаль, а таксама часова акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласьцей. У праекце дакумэнту таксама прадугледжана, што ўсе краіны-гаранты не аспрэчваюць інтэграцыю Ўкраіну ў Эўразьвяз і нават гэтаму дапамагаюць.

У сваю чаргу ўкраінскі дыплямат Аляксандар Чалы, які ўзначальвае юрыдычную групу дэлегацыі Ўкраіны, падкрэсьліў, што гэтае пагадненьне — шлях да міру і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласьці.

«Калі нам удасца замацаваць усе абавязкі гарантаў, а для нас гэта прынцыповае патрабаваньне, то Ўкраіна фактычна зафіксуе свой сёньняшні статус пазаблёкавай і бязьядзернай дзяржавай у форме сталага нэўтралітэту, што гістарычна ўжо зафіксавана ў нашай дэклярацыі аб сувэрэнітэце, ухваленай 14 ліпеня 1990 году», — заявіў Аляксандар Чалы.

У прыватнасьці, паводле яго, гэта азначае, што Ўкраіна ня будзе разьмяшчаць замежныя вайсковыя базы і кантынгенты, а таксама ня будзе ўступаць у вайскова-палітычныя зьвязы.«Вайсковыя вучэньні будуць адбывацца са згоды краін-гарантаў. Але прынцыпова будзе палажэньне, што ніхто ня будзе выступаць супраць уступу ў Эўразьвяз», — дадаў ён.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк адзначыў, што Крым уключаны ў асобны пункт дагавору, у якім прапануецца зафіксаваць пазыцыю Ўкраіны і Расеі цягам 15 гадоў праводзіць двухбаковыя перамовы аб статусе Крыму і Севастопаля.

«Асобным пунктам мы прапануем Расеі наступнае: што Ўкраіна і Расея ня будуць цягам часу, пакуль будуць праводзіцца перамовы, выкарыстоўваць вайсковыя сілы, каб вырашыць пытаньне Крыму», — патлумачыў Міхайла Падаляк.

На думку лідэра крымскататарскага народу Ўкраіны Мустафы Джэмілева, такая фармулёўка наконт Крыму фактычна азначае прызнаньне Расеяй факту акупацыі Крыму.

«Адпаведна з Жэнэўскай канвэнцыяй 1949 году аб статусе акупаваных тэрыторый, на акупаванай тэрыторыі Крыму павінна дзейнічаць украінскае заканадаўства. Гэта для нас вельмі важна», — дадаў ён.

Што сказалі прадстаўнікі Расеі

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі заявіў, што:

  • Расея ня супраць уваходжаньня Ўкраіны ў Эўразьвяз.
  • Украіна адмаўляецца ад імкненьня вярнуць Крым і Данбас ваенным шляхам.
  • Кіеў абяцае адмовіцца ад уступленьня ў ваенныя саюзы.
  • Прапановы Кіева прадугледжваюць абвяшчэньне Ўкраіны пастаянна нэўтральнай дзяржавай пад міжнародна-прававымі гарантыямі.
  • Прапановы Ўкраіны — канструктыўны крок па накірунку да кампрамісу, Расея іх разгледзіць.
  • Сустрэча Пуціна і Зяленскага магчымая адначасова з парафаваньнем дамовы Расеі і Украіны на ўзроўні МЗС, дадаў Мядзінскі.

Пасьля перамоваў у Стамбуле паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін падчас падыходу да прэсы абвясьціў пра рашэньне Масквы «кардынальна скараціць баявыя дзеяньні на кіеўскім і чарнігаўскім кірунках».

«У сувязі з тым, што перамовы па падрыхтоўцы дамовы аб нэўтралітэце і бязьядзерным статусе Украіны, а таксама аб прадастаўленьні Ўкраіне гарантый бясьпекі пераходзяць у практычную плоскасьць, з улікам абмеркаваных у ходзе сёньняшняй сустрэчы прынцыпаў міністэрствам абароны РФ у мэтах павышэньня ўзаемнага даверу і стварэньня неабходных умоў для далейшага вядзеньня перамоваў дасягненьня канчатковай мэты ўзгадненьня і падпісаньня вышэйузгаданай дамовы прынята рашэньне кардынальна ў разы скараціць ваенную актыўнасьць на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамку.

Зыходзім з таго, што ў Кіеве будуць прыняты адпаведныя асноўныя рашэньні і павінны быць створаны ўмовы для далейшай нармальнай працы», — сказаў намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін.

Ён таксама заклікаў Украіну строга выконваць Жэнэўскую канвэнцыю, у тым ліку, у кантэксьце гуманнага абыходжаньня ў адносінах да ваеннапалонных.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG