Прадстаўнік расейскага боку на перамовах з Украінай Уладзімір Мядзінскі заявіў, што Масква «робіць два крокі» для дээскаляцыі сытуацыі.
«У сувязі з тым, што перамовы па падрыхтоўцы Дагавора аб нэўтралітэце і бязьядзерным статусе Ўкраіны, а таксама аб прадастаўленьні Ўкраіне гарантый бясьпекі пераходзяць у практычную плоскасьць, з улікам абмеркаваных у ходзе сёньняшняй сустрэчы прынцыпаў, Міністэрствам абароны РФ у мэтах павышэньня ўзаемнага даверу і стварэньня неабходных умоў для далейшага вядзеньня перамоваў і дасягненьні канчатковай мэты – узгадненьне і падпісаньне вышэйпаказанага дагавора – прынятае рашэньне кардынальна, у разы скараціць ваенную актыўнасьць на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамках», – сказаў ён.
Заява аб скарачэньні актыўнасьці зроблена пасьля завяршэньня перамоваў паміж бакамі ў Стамбуле. Незадоўга да гэтага расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу заявіў, што расейскае войска лічыць дасягнутымі першыя мэты ўварваньня ва Ўкраіну і плянуе засяродзіцца на выцясьненьні ўкраінскай арміі з Данбаса – тэрыторый сэпаратысцкіх рэспублік, незалежнасьць якіх Масква прызнала ў лютым.