Іх абвінавачваюць па ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асобаў з папярэдняй змовы або ў буйным памеры). Маўляў, аплочвалі камунальныя паслугі для рэдакцыі адпаведна тарыфам не для юрыдычных асобаў, а для фізычных. Ім пагражае да пяці гадоў зьняволеньня.
На судзе агучылі лічбы шкоды, якую Ягор і Андрэй нібыта нанесьлі: «Менскэнэрга» — 9866 рублёў і 20 капеек, а «Менскводаканалу» — 250 рублёў і 70 капеек. Агульная сума складае 10 116 рублёў і 90 капеек, яе абвінавачаныя кампэнсавалі.
За першым днём суду назірала жонка Андрэя Скурка Паўліна. Яна падзялілася ўражаньнямі ад працэсу са Свабодай.
«Першы дзень быў дастаткова фармальным. Паслухалі паказаньні пазоўніка з «Водаканалу», які тлумачыў, як менавіта была нанесеная шкода, але шмат чаго ён ня ведаў, блытаўся. То нават сказалі, каб прыслалі таго, хто можа патлумачыць усё», — кажа Паўліна.
У залю змаглі трапіць усяго адзінаццаць чалавек: шэсьць сваякоў, а таксама пяць чалавек, якія прыйшлі падтрымаць «нашаніўцаў».
«Хлопцы сымпатычныя: Андрэй надзеў байку зь Мікалаем Радзівілам «Чорным», Ягор – майку з надпісам «Радзіма». Судзьдзя нават палохала іх адміністрацыйнай адказнасьцю за перамаўленьні між сабой. Вясёлыя яны нават, я б сказала. Толькі ў фае змагла крыкнуць Андрэю, што люблю яго. Словам перамовіцца было немагчыма, нават жэстыкуляваць, то мы размаўлялі невэрбальна ўвесь час», — кажа Паўліна Скурко.
Ні Марціновіч, ні Скурко ня выказалі свайго стаўленьня да справы, паводле якой іх судзяць. Зьбіраюцца гэта зрабіць у другой частцы працэсу, калі дойдзе да іх допытаў.
Суд працягнецца аб 11-й ранку 2 сакавіка.