Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пакуль не заяўляюць аб пагрозах праз вучэньні «Захад-2025», але будуць улічваць гэты фактар


Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі, архіўнае фота
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі, архіўнае фота

У 2022 годзе Расея ўварвалася ва Ўкраіну пасьля правядзеньня супольных зь Беларусьсю вучэньняў «Саюзная рашучасьць» на беларускай тэрыторыі.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Украіны Аляксандар Сырскі заявіў, што ўкраінскі бок будзе ўлічваць факт правядзеньня ўвосень на тэрыторыі Беларусі супольных з Расеяй вайсковых вучэньняў «Захад-2025».

«Усе вучэньні маюць нейкую мэту. І адна з такіх мэтаў — гэта прыхаванае стварэньне груповак наступальных войскаў. То бо вучэньні — гэта найбольш прымальны спосаб перабазаваць, перакінуць войскі, сканцэнтраваць на нейкім кірунку і стварыць групоўку войскаў. Уласна, так пачыналася і ў 2022 годзе.

Вы ж памятаеце, што спачатку была створаная групоўка, яна праводзіла вучэньні, і мы ўсе спадзяваліся, што яны закончацца, расейскія войскі вернуцца на сваю тэрыторыю», — сказаў Аляксандар Сырскі ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню lb.ua.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны дадаў, што ён адразу ўсё зразумеў, калі было абвешчана аб працягу вучэньняў на тэрыторыі Беларусі.

На пытаньне журналіста, ці чакае ён паўтарэньня сёлета той сытуацыі, Аляксандар Сырскі адказаў:

«Ня тое, каб чакаю. Але гэты фактар мы абавязкова павінны ўлічваць».

Трэцяга красавіка стала вядома, што ў Беларусі ў верасьні адбудуцца тры вайсковыя вучэньні Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — «Узаемадзеяньне-2025», «Пошук-2025» і «Эшалён-2025» — задумы якіх цесна зьвяжуць з мэтамі стратэгічных расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2025», што таксама адбудуцца ў верасьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG