Расейскі суд ухваліў прашэньне актора Міхаіла Яфрэмава аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. Адвакат Яфрэмава расказаў, што яго вывезьлі з калёніі таемна, каб абмінуць журналістаў.
Пра тое, што Яфрэмава ўмоўна-датэрмінова вызваляць, стала вядома 24 сакавіка. Ён сказаў, што пастанавіў «выключыць алькаголь з свайго жыцьця» і ніколі больш ня сядзе за стырно. Таксама, паводле яго слоў, ён «сумуе аб прафэсіі» і хоча прыносіць карысьць грамадзтву.
8 чэрвеня 2020 года Яфрэмаў, быўшы п’яным, трапіў у аварыю на сваім бездарожніку. Ён выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў аўтамабіль «Лада» з фургонам. Раніцай на наступны дзень кіроўца фургону Сяргей Захараў памёр у шпіталі.
У верасьні 2020 году суд вынес Яфрэмаву вырак — восем гадоў калёніі. Пазьней тэрмін быў скарочаны да сямі з паловай гадоў, бо актор кампэнсаваў маральную шкоду сваякам загінулага.
Справа выклікала вялікі грамадзкі рэзананс у Расеі. Яфрэмаў прызнаў віну і раскаяўся.
Міхаіл Яфрэмаў — заслужаны артыст Расеі, вядомы ролямі ў дзясятках фільмаў і на тэатральнай сцэне. Ён таксама ўдзельнічаў у праектах «Гражданин поэт» і «Господин хороший», у якіх чытаў вершы Дзьмітрыя Быкава з сатырычным зьместам, часта крытычныя ў адрас расейскіх уладаў.