Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларускім тэатры лялек год ня могуць вырашыць праблемы з продажам квіткоў. І справа не ў дэфіцыце


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дырэктарка тэатру Тацяна Тоўсьцік сьцьвярджае, што сайт атакуюць «боты — праграмы, зробленыя адмыслова для адсочваньня рэзэрвацыі квіткоў».

Дырэктарка Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек Тацяна Тоўсьцік заявіла, што ўжо год спрабуюць вырашыць праблемы з набыцьцём квіткоў на спэктаклі тэатру.

«Гэтая праблема існуе цягам году, але яе маштаб расьце і набірае абароты менавіта зараз — атрымліваем скаргі на адрас тэатру», — сказала Тацяна Тоўсьцік у інтэрвію выданьню «Менск — Навіны».

Паводле яе слоў, спачатку вырашылі павялічыць колькасьць квіткоў, што прадаюцца праз касу, адпаведна зьменшыліся магчымасьці купіць іх online.

«Зь сьнежня 2024 году тэатар спыніў анансаваньне датаў продажу квіткоў, каб не нагнятаць сытуацыю. Нас нават абвінавачвалі ў тым, што мы штучна ствараем ажыятаж вакол тэатру, але пры цыяперашняй вядомасьці Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек нам гэта абсалютна непатрэбна. Мы выключылі анонсы старту продажу, і як толькі афіша трапляла на сайт тэатру, пачыналіся продажы і ў касе, і праз сайт. Так выраўнялі магчымасьці ўсіх бакоў. І зноў пасыпаліся скаргі — цяпер ужо на тое, што людзі працуюць і ня могуць у працоўныя дні купіць квіткі. Але калі мы пачалі прадаваць іх у нядзелю, знайшліся незадаволеныя і гэтым», — дадала дырэктарка тэатра.

Тацяна Тоўсьцік паведаміла, што ажыятаж на квіткі існуе на спэктаклі вечаровага рэпэртуару — «Записки юного врача», «Пансион «Бельведер», «На черной-черной улице», «Мроiва». Іх колькасьць павялічылі, але і гэта ня вырашыла праблемы.

Паводле яе, апошнія паўгоду тэатар праводзіў тэхнічную мадэрнізацыю сайту і перавёў яго на больш магутную плятформу.

«Але зафіксаваная нагрузка на сайт у пікавы момант продажу выключная і перавышае ўсе магчымасьці сыстэмы білетнага апэратара», — адзначыла яна.

Тацяна Тоўсьцік дадала, што сайт атакуюць «боты — праграмы, зробленыя адмыслова для адсочваньня рэзэрвацыі квіткоў».

«Для нашай тэатральнай прасторы нетыповы выпадак, але з гэтым ужо даўно сутыкнуліся калегі з Расеі. Паводле запыту ад білетнага цэнтру і ад пастаўніка інтэрнэт-паслугаў даведаліся, што 30 сакавіка а 12:15 на сайце ў адзін момант было 50 тысяч запытаў. Разумеем, што гэта боты, а не звычайныя гледачы. Паводле інфармацыі правайдэра, была дасягнутая мяжа 265 570 разоў уваходу на сайт у адзін момант, таму ён не вытрымліваў. Просты глядач, які хоча набыць там квіток, ня можа канкураваць з ботамі», — падкрэсьліла яна.

Апроч таго, паводле дырэктаркі тэатру, зьявіліся перакупнікі, якія выкарыстоўваюць сытуацыю і перапрадаюць квіткі ў інтэрнэце, што сапраўды нэгатыўна ўплывае на імідж тэатру.

«Гэтае пытаньне ў кампэтэнцыі праваахоўных органаў, і мы заклікаем усіх гледачоў быць пільнымі і паведамляць аб такіх выпадках», — заявіла Тацяна Тоўсьцік.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG