Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя пра рахунак набліжанага да рэжыму бізнэсоўца Аляксея Алексіна ў банку Credit Suisse трапіла ў вольны доступ


Аляксей Алексін, 21 чэрвеня 2021 году
Аляксей Алексін, 21 чэрвеня 2021 году

Сярод кліентаў аднаго з найбуйнейшых у сьвеце прыватных банкаў, швайцарскага Credit Suisse, на працягу многіх гадоў маглі быць аўтакраты, бізнэсоўцы, якія трапілі пад санкцыі, і асобы, якія падазраюцца ў наркагандлі, кантрабандзе людзьмі і ваенных злачынствах.

Да такой высновы прыйшла група журналістаў зь ліку супрацоўнікаў нямецкай газэты Sueddeutsche Zeitung, брытанскай The Guardian, францускай Le Monde, The New York Times і іншых выданьняў, вывучыўшы матэрыялы буйнога выцеку дадзеных пра рахункі больш чым 30 тысяч кліентаў Credit Suisse па ўсім сьвеце.

Журналісты паказалі, што нячыстыя на руку людзі маглі адкрываць і падтрымліваць рахункі ў гэтым банку, нават калі фінансавая ўстанова, як мяркуецца, мела падставы сумнявацца ў паходжаньні іх грошай.

Усяго гаворка ідзе пра 18 тысяч банкаўскіх рахункаў на суму больш за 100 млрд даляраў.

Рахунак Аляксея Алексіна

Зьвесткі аб рахунках набліжанага да Лукашэнкі алігарха Аляксея Алексіна таксама апынуліся ў матэрыялах, якія трапілі ў інтэрнэт са швайцарскага банку Credit Suisse.

Зьвесткі былі перададзеныя журналістам праекта OCCRP. На працягу месяца ўдзельнікі праекту аналізавалі выцек, названы «Швайцарскія сакрэты». Вынікам стала публікацыя звестак аб 50 уладальніках рахункаў. У яе трапіў і адзін прадстаўнік Беларусі — Аляксей Алексін.

Крыніцы расьсьледаваньня

Адзначаецца, што Sueddeutsche Zeitung атрымала зьвесткі ананімна праз абароненую лічбавую паштовую скрыню больш за год таму. Дадзеныя тычыліся рахункаў, якія адкрываліся, пачынаючы з 1940-х гадоў і аж да апошняга дзесяцігодзьдзя.

Нямецкая газэта аналізавала атрыманую інфармацыю сумесна зь некамэрцыйнай журналісцкай групай — Цэнтрам дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), а таксама зь дзясяткамі партнэрскіх мэдыйных арганізацый.

Як адзначае The New York Times, выцек банкаўскай інфармацыі ўключаў, у прыватнасьці, рахункі, зьвязаныя з чыноўнікамі ў краінах Блізкага Ўсходу, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі.

Рахункі Такаевых

Як сьцьвярджаецца, адзін з рахункаў у Credit Suisse быў адкрыты ў 1998 годзе для жонкі Касым-Жамарта Такаева, які цяпер зьяўляецца прэзыдэнтам Казахстану, і іх сына Цімура, якому тады было ўсяго 14 гадоў. Пры гэтым Такаеў знаходзіўся на дзяржаўнай службе, ні ў яго, ні ў жонкі не было бізнэсу.

Credit Suisse абвяргае абвінавачваньні

Credit Suisse 20 лютага — у той жа дзень, калі стала вядома аб выцеку, — катэгарычна адхіліў абвінавачаньні.

«Справаздача заснаваная на няпоўнай, недакладнай або выбарачнай інфармацыі, вырванай з кантэксту, што прыводзіць да тэндэнцыйных тлумачэньняў дзелавой дзейнасьці банку», — заявілі ў Credit Suisse, дадаўшы, што 90 працэнтаў згаданых рахункаў ужо закрытыя або знаходзіліся ў працэсе закрыцьця да атрыманьня запытаў прэсы.

«Мы працягнем вывучэньне пытаньня і прымем далейшыя меры пры неабходнасьці», — адзначылі ў банку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG