Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве за супрацу з ФБК асудзілі чатырох незалежных журналістаў


Антаніна Фаворская на лаве падсудных
Антаніна Фаворская на лаве падсудных

ФБК — Фонд барацьбы з карупцыяй, заснаваны памерлым расейскім палітыкам Аляксеем Навальным. Фонд раскрываў карупцыйныя схемы, якія выкарыстоўвала пуцінскае атачэньне для ўласнага ўзбагачэньня і абкраданьня Расеі.

Нагацінскі раённы суд Масквы прысудзіў да 5,5 гадоў пазбаўленьня волі журналістаў Антаніну Фаворскую, Арцёма Крыгера, Сяргея Карэліна і Канстанціна Габава, паведамляе «Медиазона». Дзяржаўнае абвінавачаньне патрабавала для іх па 5 гадоў і 11 месяцаў пазбаўленьня волі.

На абвяшчэньне прысуду прыйшлі каля 40-50 чалавек, у тым ліку палітыкіня Кацярына Дунцова і старшыня партыі «Яблоко» Мікалай Рыбакоў.

Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Судзьдзя, закрываючы працэс летась, спаслалася на ліст ад Цэнтру супрацьдзеяньня экстрэмізму МУС (Цэнтар «Э») аб нібыта падрыхтоўцы правакацыяў з боку каманды Навальнага.

Усіх чацьвярых прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў «экстрэмісцкай супольнасьці», да якой расейскія ўлады адносяць Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК), штабы Навальнага і іншыя праекты, заснаваныя апазыцыйным палітыкам. Ніхто з падсудных журналістаў віны не прызнаў.

Габаў у апошнім слове зазначыў, што яго судзяць за прафэсійную дзейнасьць.

Канстанцін Габаў
Канстанцін Габаў


«Я ніколі ня быў сябрам ніякай палітычнай партыі, заўсёды лічачы сваім абавязкам журналіста аб’ектыўны паказ меркаваньняў людзей самых розных поглядаў, дапамагаючы ім у тым, каб улада іх пачула, — заявіў ён. — Нават знаходзячыся за кратамі, я ўпэўнены, што аб падзеях і праблемах Расеі трэба гаварыць з Расеі, працаваць у такіх экстрэмальных умовах складана, але магчыма. Галоўнае — гэта неабходна, паказаць, што ў краіне ёсьць і іншы пункт гледжаньня, што тут жывуць людзі, зь якімі можна і трэба размаўляць, ня ўсё ў Расеі „ў чадзе“».

Праваабарончы праект «Падтрымка палітвязьняў. Мэмарыял» прызнаў асуджаных журналістаў палітвязьнямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG