Крыніцы агенцтва «Позірк» падзяліліся сьвежымі фатаграфіямі, на якіх зафіксаваны працяг будаўніцтва, распачаты ў 2023 годзе.
Паводле аднаго з суразмоўцаў, на месцы будаўніцтва ўжо масава высечаны лес. Да самога аб’екту праходу і пад’езду няма: лясныя сьцежкі і дарогі перагароджаныя будаўнічымі блёкамі. Па пэрымэтры новага вайсковага гарадку ўсталёўваюць жалезабэтонны плот.
На месцы працуюць экскаватары: капаюць катлаваны пад будучыя аб’екты — казармы, склады, гаражы для тэхнікі. На тэрыторыі будучай часткі ўжо разьмясьцілі «нейкі ангар».
Пра пляны пабудаваць пад Гомлем новы вайсковы гарадок «Позірк» даведаўся зь дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2023 год.
На праектна-пошукавыя работы ў тым годзе зь бюджэту ўлады мелі намер вылучыць 500 тысяч рублёў, у 2024-м і 2025-м — адпаведна 10 млн і 40 млн рублёў «у прагнозных цэнах».
Згодна з праграмай, скончыць будаўніцтва плянуецца ў 2027 годзе.
У траўні 2022 году Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся стварыць на ўкраінскім кірунку Паўднёвае апэратыўнае камандаваньне.
У 2024 годзе Радыё Свабода публікавала пашпарт аб’екту, разьмешчаны на плоце былога піянэрскага лягеру «Чайка». З пашпарту стала вядома, што заказчык будаўніцтва — упраўленьне капітальнага будаўніцтва Ўзброеных сілаў, распрацоўнік — менскі інстытут «Ваенпраект», генэральны падраднік — Гомельскі домабудаўнічы камбінат, будаўнічае ўпраўленьне № 243.
Недалёка ад новага аб’екту функцыянуе 1393-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, вайсковая часьць № 52208.
Піянэрскі лягер «Чайка», пабудаваны ў 1968 годзе, не выкарыстоўваўся з 2016 году. Раней ён належаў гомельскаму будаўнічаму трэсту № 14. Займаў плошчу 6,24 га неаднаразова выстаўляўся на таргі зь зьніжэньнем цаны. Дакладная дата продажу лягеру невядомая.
Форум