Пра гэта піша The New York Times.
Але навукоўцы лічаць, што такі сцэнарый малаверагодны. Разам з тым, новы варыянт, які атрымаў назву BA.2 або «Стэлс-Омікрон» і зьяўляецца адной з трох галін сямейства вірусаў «Омікрон», можа зацягнуць распаўсюджваньне каранавірусу ў сьвеце.
1. Адкуль узяўся «Стэлс-Омікрон»?
У лістападзе 2021 году мэдыкі ў Паўднёвай Афрыцы ўпершыню забілі трывогу з нагоды новага штаму «Омікрон». Гэты варыянт меў 53 мутацыі, якія адрозьнівалі яго ад першапачатковага штаму каранавірусу, знойдзенага ў канцы 2019 году ва Ўхані.
Некаторыя з гэтых мутацый дазволілі «Омікрону» пазьбягаць антыцелаў, якія былі выпрацаваныя вакцынамі або папярэднімі інфэкцыямі. Іншыя мутацыі прымусілі яго канцэнтравацца ў верхніх дыхальных шляхах, а ня ў лёгкіх. За два месяцы гэтыя генэтычныя зьмены прывялі «Омікрон» да перамогі над іншымі штамамі і панаваньня ва ўсім сьвеце.
Празь некалькі тыдняў пасьля зьяўленьня «Омікрону» дасьледнікі ў Паўднёвай Афрыцы пачалі знаходзіць некалькі загадкавых варыянтаў, падобных да «Омікрону». Гэтыя варыянты мелі некаторыя адметныя мутацыі «Омікрону», але, разам з тым, мелі і некаторыя ўласныя ўнікальныя мутацыі.
Неўзабаве стала ясна, што «Омікрон» складаецца з трох асобных галін, якія адлучыліся ад агульнага продка. Навукоўцы назвалі галіны BA.1, BA.2 і BA.3.
2. Ці «Стэлс-Омікрон» больш небясьпечны?
Пакуль што BA.2 не выклікае больш сур’ёзных захворваньняў, і вакцыны супраць яго гэтак жа эфэктыўныя, як і супраць іншых формаў «Омікрону». Але ён дэманструе прыкметы яшчэ большай заразнасьці ў параўнаньні зь першым варыянтам «Омікрону».
«Гэта можа азначаць больш высокі пік захворваньня ў тых краінах і гарадах, дзе „Омікрон“ яшчэ не дасягнуў свайго піку», — мяркуе вірусоляг з Імпэрскага каледжа Лёндану Томас Пікок. Таксама, «Стэлс-Омікрон» можа запаволіць тэндэнцыю да зьніжэньня колькасьці захворваньняў у месцах, дзе пік «Омікрону» ўжо пройдзены
3. Чаму новы варыянт назвалі «Стэлс-Омікронам»?
Самыя раньнія ўзоры «Омікрону» належалі BA.1. BA.2 сустракаўся радзей. BA.3, які сустракаўся яшчэ радзей, відаць, зьяўляецца прадуктам пэўнага віруснага «сэксу»: BA.1 і BA.2 адначасова інфікавалі аднаго і таго ж чалавека, і іх гены зьмяшаліся разам, каб стварыць новы вірусны гібрыд.
У адрозьненьне ад BA.1, у BA.2 адсутнічае шыпападобная мутацыя, з прычыны якой PCR-тэсты не працуюць. Ня маючы магчымасьці выкарыстоўваць PCR-тэсты для адсочваньня BA.2, некаторыя навукоўцы назвалі яго «нябачнай» вэрсіяй «Омікрону» або «Стэлс-Омікронам».
Але насамрэч, BA.2 не зусім нябачны: яго можна адсочваць, аналізуючы генэтычныя пасьлядоўнасьці узораў са станоўчых тэстаў. А паколькі штам Delta практычна зьнік, навукоўцы змаглі выкарыстоўваць PCR-тэсты, каб вызначыць розьніцу паміж ВА.1 і ВА.2.
4. Ці працуюць вакцыны супраць «Стэлс-Омікрону»?
На шчасьце, брытанскія дасьледнікі выявілі, што вакцыны супраць BA.2 гэтак жа эфэктыўныя, як і супраць BA.1. Да такіх жа высноваў прыйшлі навукоўцы і ў іншых краінах сьвету.
Таму варыянт «Стэлс» не выклікае асаблівай турботы ў мэдыкаў. Навукоўцаў мяркуюць, што мутаваная вэрсія «Стэлс-Омікрон» можа запаволіць рэзкае зьніжэньне колькасьці выпадкаў хваробы, якое ўжо пачало назірацца шмат дзе ў сьвеце, але наўрад ці зьменіць агульны ход пандэміі.