Лекары назіраюць рэзкае павелічэньне колькасьці пацыентаў, у якіх анамальна выпадаюць валасы, і лічаць, што гэта зьвязана са стрэсам ад каранавірусу, піша амэрыканская The New York Times.
Праблема
Гэтым летам Анрэн Роў зьбіралася адсьвяткаваць гадавіну вясельля, калі заўважыла лысіну на галаве. У наступныя дні яе густыя валасы да плячэй пачалі выпадаць пасмамі.
Місіс Роў была шпіталізаваная на 12 дзён у красавіку з сымптомамі каранавірусу. Пасьля здарэньня з валасамі яна знайшла падобныя гісторыі ў онлайн-групах тых, хто перажыў COVID-19. Многія пацьвердзілі, што празь некалькі месяцаў пасьля заражэньня вірусам у іх пачалі выпадаць валасы.
Лекары пацьвярджаюць, што прымаюць цяпер значна больш пацыентаў з выпадзеньнем валасоў — фэномэнам, які, на іх думку, сапраўды зьвязаны з пандэміяй каранавірусу.
Валасы выпадаюць і ў тых, хто хварэў, і ў тых, хто не хварэў
У звычайны час некаторыя людзі трацяць прыкметную колькасьць валасоў пасьля моцнага стрэсу, такога як хвароба, сур’ёзная апэрацыя або эмацыйная траўма.
Цяпер, паводле лекараў, у многіх пацыентаў, што пваправіліся ад COVID-19, выпадзеньне валасоў назіраецца не з прычыны самога вірусу, але з прычыны фізіялягічнага стрэсу, зьвязанага з барацьбой зь ім.
Многія людзі, якія ніколі не заражаліся вірусам, таксама трацяць валасы з прычыны эмацыйнага стрэсу ад страты працы, фінансавых праблем, сьмерці родных ці іншых разбуральных падзей, выкліканых пандэміяй.
«Гэтую пандэмію суправаджае мноства стрэсаў, і мы ўсё яшчэ назіраем выпадзеньне валасоў, таму што большая частка стрэсу не прайшла, — сказала доктар Шылпі Гэтарпал, дацэнт дэрматалёгіі клінікі Кліўлэнду.
У ліпеньскім апытаньні ў ЗША пра сымптомы пост-COVID сярод 1567 з тых, хто выжыў, 423 чалавекі паведамілі аб незвычайным выпадзеньні валасоў. Такую статыстыку прыводзіць група Survivor Corps і Наталі Ламбэрт, дацэнт-дасьледчык Мэдычнай школы Ўнівэрсытэту Індыяны, якая дапамагла правесьці апытаньне.
Лекары кажуць, што для большасьці пацыентаў гэты стан павінен быць часовым, але можа доўжыцца некалькі месяцаў.
Экспэрты лічаць, што пандэмія выклікае два тыпы выпадзеньня валасоў.
Першы тып аблысеньня
У адным зь іх, які называюць целагенным высільваньнем, людзі губляюць значна больш, чым звычайна, ад 50 да 100 валасоў у дзень, пераважна празь некалькі месяцаў пасьля стрэсавага досьведу. Па сутнасьці, гэта зьвязана з парушэньнем або «адключэньнем сыстэмы росту валасоў», — сказала доктар Сара Хоган, дэрматоляг з Мэдычнай школы Дэвіда Гэфана пры Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Лос-Анджэлесе.
У здаровых людзей большасьць валасоў знаходзіцца ў фазе росту, зь невялікім адсоткам ў кароткай фазе спакою і толькі каля 10 адсоткаў валасоў у фазе выпадзеньня або ў фазе целагену. Але з адключэньнем целагену ў «людзей губляецца больш, расьце менш. Пры гэтым да 50 адсоткаў валасоў могуць пераскокваць ў фазу выпадзеньня, і толькі каля 40 працэнтаў людзей у фазе росту», — кажа доктар Хэтарпал.
Паводле доктаркі Хоган, гэтая зьява таксама назіраецца ў некаторых жанчын пасьля цяжарнасьці. Яна звычайна доўжыцца каля шасьці месяцаў. Але калі стрэсавыя сытуацыі захоўваюцца ці паўтараюцца, у некаторых людзей разьвіваецца стан хранічнага выпаданьня.
Другі тып аблысеньня
Другі тып выпадзеньня валасоў, які цяпер пашыраецца, — гэта очаговая аляпэцыя, пры якой імунная сыстэма атакуе валасяныя фалікулы, звычайна пачынаючы з участку валасоў на скуры галавы ці барадзе, — кажа доктар Махамад Джафэрані, псыхіятар і дэрматоляг з Унівэрсытэту Цэнтральнага Мічыгану.
«Вядома, што гэта зьвязана з псыхалягічным стрэсам або ўскладняецца ім», — сказаў доктар Джафэрані.
Іншыя дактары пацьвярджаюць, што яны бачаць «велізарны рост гэтага тыпу аляпэцыі».
Як з гэтым змагацца
Экспэрты рэкамэндуюць добрае харчаваньне, вітаміны, такія як біятын, а таксама мэтады зьніжэньня стрэсу, такія як ёга, масаж скуры галавы ці мэдытацыя. Некаторыя таксама рэкамэндуюць мінаксыдыл, прэпарат для росту валасоў, але доктар Хоган папярэджвае пацыентаў, што спачатку ён можа выклікаць большае выпадзеньне, перш чым пачне дзейнічаць.
Людзям, якія знаходзяцца ў дэпрэсіі або траўмаваныя выпадзеньнем валасоў, доктар Джафэрані рэкамэндуе псыхатэрапію, але не абавязкова лекі, таму што некаторыя антыдэпрэсанты і заспакаяльныя могуць пагоршыць выпадзеньне валасоў.