Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус шкодзіць сэрцу пацыентаў нават зь лёгкай формай хваробы


Перанесеная каранавірусная інфэкцыя можа парушыць нармальную працу сэрца і выклікаць яго сур’ёзныя доўгатэрміновыя пашкоджаньні. Гэта вынікае з двух дасьледаваньняў, праведзеных у Нямеччыне. Пра іх са спасылкай на нямецкі часопіс STAT інфармуе чэскі інфармацыйны партал Novinky. cz

УЖЫВУЮ. Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Дасьледаваньне на магнітна-рэзанансным тамографе

Сардэчныя ўскладненьні назіраюцца ня толькі ў пацыентаў зь цяжкай фомай хваробы, але і ў тых, хто яе лёгка перанёс дома на карантыне.

У адным дасьледаваньні сотні пацыентаў ва ўзросьце каля 50 гадоў, якія перахварэлі на COVID-19 (дзьве траціны дома), былі абсьледаваныя з дапамогай магнітна-рэзананснага тамографу. Вынікі былі параўнаныя з сотнямі іншых людзей падобнага ўзросту і стану здароўя, якія на каранавірус не хварэлі.

У 78 пацыентаў пасьля COVID-19 былі знойдзеныя структурныя зьмены ў сардэчнай тканцы, у 76 чалавек знайшлі зьмены, тыповыя для перанесенага інфаркту, і ў 60 чалавек былі знойдзеныя прыкметы запаленьня ў сэрцы. І гэта пры тым, што размова ідзе пра абсалютна здаровых у іншым сэнсе людзей, многія зь якіх вярнуліся з горналыжнага адпачынку і ніхто зь іх не адчуваў праблем кардыялягічнага характару.

«Калі 78% „ачунялых“ пацыентаў насамрэч маюць сардэчныя пашкоджаньні, гэта азначае, што сэрца аказваецца пашкоджаным у большасьці пацыентаў нават у тым выпадку, калі хвароба COVID-19 не праяўлялася тыповымі прыкметамі, такімі як боль у цягліцах», — сказала кіраўніца каманды аўтараў гэтага дасьледаваньня Валянціна Пунтман.

Рэплікацыя вірусу проста ў сэрцы

Другое нямецкае дасьледаваньне засяродзілася на зьменах у сэрцы пацыентаў, якія ад COVID-19 памерлі.

У 24 з 36 пацыентаў падчас ускрыцьця высокая канцэнтрацыя вірусу была знойдзенай проста ў сэрцы.

«Мы былі сьведкамі рэплікацыі вірусу (у сэрцы) у тых, хто быў моцна інфікаваны. Невядома, як дакладна гэтыя зьмены ў сэрцы праявяцца ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, але з прыкладу астатніх хваробаў ведаю, што на будучыню вельмі дрэнна мець такія высокія лічбы», — сказаў кардыёляг Дырк Вэстэрман з унівэрсытэту ў Гамбургу.

Доўгатэрміновы прагноз пакуль няясны

З абодвух дасьледаваньняў вынікае, што ў большасьці пацыентаў COVID-19 выклікае хранічныя парушэньні ў працы сэрца, якія з узростам могуць праявіцца сардэчнай слабасьцю (г. зн. горшым забесьпячэньнем сэрца крывёю).

Але пакуль няясна, ідзе мова пра незваротныя зьмены або сэрца з часам вернецца да нармальнага стану.

Дрэнная кандыцыя маладых спартоўцаў

Высновы аўтараў абодвух дасьледаваньняў пацьвярджаюць і лекары, якія кажуць пра небывалую слабасьць у здаровых пацыентаў, у тым ліку і ў маладых, якія перанесьлі COVID-19.

«Да мяне прыходзяць людзі, якім 31 год, якія раней бегалі і з пункту гледжаньня фізычнай кандыцыі ня мелі ніякіх праблем. А цяпер, пасьля COVID-19, для іх праблема перайсьці вуліцу або ўзьняцца на трэці паверх», — кажа доктар Мэцью Томі з мэдычнага ўнівэрсытэту Mount Sinai у Нью-Ёрку.

Кардыёляг Марк Пфэфэр з Бостану таксама мяркуе, што пацыенты пасьля COVID-19 могуць страціць рэзэрвы формы, якой ім пазьней будзе не хапаць.

«Мы ведаем, што каранавірус да сэрца бязьлітасны. Будзе шмат людзей, якія выбраліся з вострай фазы хваробы, але заплацяць пасьля ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG