Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы: прышчэпкі цяжарных ад COVID-19 абараняюць і немаўлят


Паводле апошніх дасьледаваньняў, прышчэпкі ад каранавірусу могуць быць карысныя для немаўлят і, падобна, ня шкодзяць пляцэнце, паведамляе The New York Times.

Калі вакцыны супраць каранавірусу былі ўпершыню дазволеныя ў сьнежні летась, лекары мала ведалі, як прышчэпкі дзейнічаюць на цяжарных жанчын, бо цяжарныя ня бралі ўдзелу ў экспэрымэнтах.

З тых часоў навукоўцы назапасілі аб’ём доказаў (які ўвесь час расьце), што вакцыны бясьпечныя і эфэктыўныя для цяжарных. Папярэднія вынікі двух новых дасьледаваньняў гэта пацьвярджаюць.

Паводле дасьледаваньня, апублікаванага ў Journal of the American Medical Association (JAMA) у чацьвер, вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna выклікаюць устойлівы імунны адказ у цяжарных і кормячых жанчын. Вынікі паказваюць, што вакцынаваныя жанчыны могуць перадаваць ахоўныя антыцелы эмбрыёну праз крывацёк і немаўлятам праз грудное малако.

У другім дасьледаваньні, апублікаваным у аўторак у часопісе Obstetrics & Gynecology (Акушэрства і гінэкалёгія), дасьледчыкі ня выявілі доказаў таго, што вакцыны Pfizer або Moderna шкодзяць пляцэнце падчас цяжарнасьці.

Цяпер, кажуць лекары, можна замяніць канцэпцыю «давайце абаронім цяжарных ад вакцыны» на «давайце абаронім цяжарных і немаўлят з дапамогай вакцыны».

Дасьледаваньні паказалі, што цяжарныя жанчыны з сымптомамі каранавірусу з большай імавернасьцю трапяць у аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі, мецьмуць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і памруць ад вірусу, чым нецяжарныя жанчыны таго ж ўзросту і з тымі ж сымптомамі.

У дасьледаваньні, апублікаваным у JAMA, навукоўцы з Мэдычнага цэнтру дыяканісы Бэт Ісраэль у Бостане і Гарвардзкай мэдычнай школы вывучылі ўзоры крыві 103 жанчын, якія атрымалі вакцыну Pfizer або Moderna ў пэрыяд са сьнежня 2020 году па сакавік 2021-га. З гэтай колькасьці 30 жанчын атрымалі вакцыну цяжарнымі, 16 — у пэрыяд кармленьня, 57 — падчас цяжарнасьці і кармленьня.

Навукоўцы выявілі, што вакцыны выклікалі аднолькавыя рэакцыі ва ўсіх трох групах жанчын — у іх зьявіліся як антыцелы, так і Т-клеткавы імунітэт. Экспэрты асабліва адзначаюць, што прышчэпкі выклікалі высокія ўзроўні нэўтралізуючых антыцелаў, якія могуць перашкаджаць пранікненьню вірусу ў клеткі.

Дасьледнікі таксама выявілі нэўтралізуючыя антыцелы ў грудным малацэ вакцынаваных маці і ў пупавіннай крыві, узятай у немаўлят пры родах. Таму аўтары дасьледаваньня зрабілі выснову, што вакцынацыя цяжарных і кормячых жанчын прыводзіць да перадачы імунітэту іх эмбрыёнам і нованароджаным дзецям.

Было таксама выяўлена, што 14 працэнтаў цяжарных жанчын мелі гарачку пасьля другой дозы вакцыны, у параўнаньні з 52 працэнтамі нецяжарных жанчын. Ніякіх сур’ёзных ускладненьняў або пабочных эфэктаў не было.

У другім дасьледаваньні навукоўцы з Паўночна-Заходняга ўнівэрсытэту і дзіцячай клінікі імя Ганны і Робэрта Лур’е ў Чыкага вывучыла пляцэнту 200 жанчын, якія нарадзілі ў пэрыяд з красавіка 2020 году да красавіка 2021-га. 84 жанчыны атрымалі вакцыну Pfizer або Moderna пры цяжарнасьці, астатнія не прышчапляліся.

Аказалася, што пляцэнты ў вакцынаваных жанчын дэманструюць ня больш прыкметаў траўмы ці анамаліі ў параўнаньні з пляцэнтамі ад невакцынаваных жанчын.

Лекары зрабілі выснову, што вынікі сьведчаць аб тым, што пляцэнта не адчувае ніякага шкоднага ўплыву вакцыны, і гэта сапраўды добрая навіна.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG