У прэс-службе Міністэрства абароны прызналі тое, што вайсковаабавязаным грамадзянам Беларусі пачалі дасылаць выклікі на вайсковыя зборы.
Раней такая інфармацыя зьявілася ў некалькіх СМІ, і Мінабароны вырашыла адрэагаваць.
У паведамленьні адзначылі, што «ўсе зборы ва Ўзброеных сілах праводзяцца ў плянавым парадку». Асобна падкрэсьлілі, што вайсковаабавязаных да ўдзелу ў расейска-беларускіх вучэньнях «Саюзная рашучасьць», якія пачнуцца 10 лютага, прыцягваць да іх ня будуць.
17 студзеня Лукашэнка зацьвердзіў задуму беларуска-расейскіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць – 2022». На брыфінгу для замежных вайсковых аташэ 18 студзеня ў Міністэрстве абароны Беларусі было заяўлена, што манэўры пройдуць з 10 па 20 лютага на беларускай тэрыторыі, а да гэтага падчас праверкі сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы ў краіну будуць прыбываць расейскія войскі. Было заяўлена, што пасьля манэўраў расейскія войскі пакінуць тэрыторыю Беларусі.
Расея ўжо перакінула ў Беларусь дывізіён зэнітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С», шматцэлевыя зьнішчальнікі Су-35С, у дарозе знаходзяцца два дывізіёны зэнітна-ракетных сыстэм С-400 «Трыюмф».
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выказаў асьцярогі, што Расея можа выкарыстоўваць войскі, якія цяпер разьмяшчаюцца ў Беларусі, для нападу на Украіну з поўначы.
На брыфінгу 25 студзеня афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпа ЗША Нэд Прайс заявіў, што ўлады Беларусі папярэджаныя аб наступствах у тым выпадку, калі Менск нейкім чынам будзе датычны да расейскай агрэсіі ў адносінах да Ўкраіны.