Ён між іншага тумачыць, чаму праект выклікае ў яго «пазытыўныя эмоцыі»; заяўляе, што Лукашэнка проста зьбіраецца перакладаць паўнамоцтвы з адной сваёй кішэні ў другую, і расказвае аб працы над праектам Канстытуцыі новай Беларусі.
Сьцісла:
- Ад жніўня 2020 году існая Канстытуцыя цалкам не працуе, ад першага да апошняга артыкулу.
- Ствараецца магчымасьць, калі Лукашэнка можа быць і старшынём УНС, і прэзыдэнтам адначасова.
- Мне здаецца, Лукашэнка да апошняга з алоўкам сам працаваў над гэтым праектам, гэта ягонай рукой напісаны праект.
- Заказчыкам нашага праекту Канстытуцыі новай Беларусі выступілі сотні тысяч людзей, якія выходзілі на вуліцы, і мільёны, якія ім спачувалі.
— Якая ваша агульная, стратэгічная ацэнка апублікаванага праекту зьменаў у Канстытуцыю, які будзе вынесены на рэфэрэндум?
— Праект новай Канстытуцыі ў мяне асабіста выклікае пазытыўныя эмоцыі, я сапраўды задаволены. Можна было чакаць горшага. Горшае — гэта калі б яны напісалі нешта прывабнае для народу і для вушэй міжнародных экспэртаў. Напісалі і потым не выконвалі. Але нават на гэта ў іх не хапіла дальнабачнасьці і палітычнай волі.
На гэтым фоне наш праект — Канстытуцыя новай Беларусі — гэта неба і зямля. І нам гэта вялікі плюс, гэта вельмі радыкальныя адрозьненьні, супрацьлеглыя рэчы. Калі б людзі маглі прачытаць адзін праект і другі, то я перакананы, што наш праект набраў бы пераважную большасьць галасоў на сумленным рэфэрэндуме.
Яны заяўлялі, што пішуць Канстытуцыю, а на самой справе атрымаўся падручнік па ўтрыманьні ўлады. Застаецца супэрпрэзыдэнцкая форма кіраваньня, не зьяўляецца ніякага падзелу ўладаў, усё тая ж жорсткая вэртыкаль зьверху данізу. Разьдзел «мясцовае самакіраваньне» якім быў, такім і застаўся, а гэта азначае, што там няма ініцыятывы, адказнасьці, волі людзей. Не зьявілася нават намёку на незалежную судовую сыстэму.
— Калі абстрагавацца ад цяперашняй беларускай сытуацыі і ад прозьвішча Аляксандра Лукашэнкі — ці можа эфэктыўна працаваць сыстэма ўлады і ўвогуле дзяржаўны мэханізм, пабудаваны паводле прапанаванага праекту Канстытуцыі? Ці не вядзе гэты праект да разбалянсаваньня ўлады, да сутыкненьня розных структураў, такіх як прэзыдэнт і «ўсебеларускі сход»?
— Гэта тупіковы праект. Безь цяперашняй сыстэмы, якую стварыў Лукашэнка, гэты праект прывёў бы да моцнага палітычнага крызісу, які закончыўся б неабходнасьцю ствараць новую Канстытуцыю.
Трэба адзначыць, што Лукашэнка і ягонае атачэньне проста ўпісалі гэты праект ва ўжо існую сыстэму. Я сапраўды чакаў, што тут панапісваюць нейкія рэчы, якія будуць прывабныя для замежных экспэртаў. Нават калі казаць пра пераразьмеркаваньне нейкіх паўнамоцтваў, то ўсё роўна атрымліваецца, што Лукашэнка проста перакладае іх з адной сваёй кішэні ў другую. Напрыклад, аддаў пэўныя паўнамоцтвы «ўсебеларускаму народнаму сходу» (УНС). Але разам з тым ствараецца магчымасьць, калі Лукашэнка можа быць і старшынём УНС, і прэзыдэнтам адначасова!
Альбо некаторыя паўнамоцтвы перададзеныя Савету Рэспублікі. А што такое Савет Рэспублікі? Гэта Качанава і іншыя прызначаныя туды чыноўнікі. Фактычна з увядзеньнем УНС ствараецца трохузроўневы трохпалатны парлямэнт. Нідзе ў сьвеце такога няма. Паўнамоцтвы, якія перадаюцца УНС, гэта звычайна функцыі, якія належаць парлямэнту. Да 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, 64 чальцоў Савету Рэспублікі яшчэ дадаюцца 1200 дэпутатаў УНС. І ўсе яны сядзяць на карку беларускага падаткаплатніка. Хто можа галасаваць за такі праект Канстытуцыі?
— Значыць, на вашую думку, улады так і не прапанавалі нейкага прывабнага праекту, каб паспрабаваць прыглушыць нездавальненьне людзей, даць ім нейкую надзею на перамены?
— Так. Можна ж было напісаць усё што заўгодна. Можна было ўзяць найлепшыя рэдакцыі найлепшых краінаў і ўставіць гэта. Усё роўна ж ніхто ня будзе гэтай Канстытуцыі выконваць. Ад жніўня 2020 году існая Канстытуцыя цалкам не працуе, ад першага да апошняга артыкулу. Мне здаецца, нават Расея ў гэтай сытуацыі чакала нечага большага, а не таго, што прапанаваў Лукашэнка. Мне здаецца, ён да апошняга з алоўкам сам працаваў над гэтым праектам, гэта ягонай рукой напісаны праект.
— Вы прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справах парлямэнцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы, ваша група даўно займаецца падрыхтоўкай праекту Канстытуцыі новай Беларусі. Які лёс гэтага праекту ў дадзенай сытуацыі?
— Наш праект, натуральна, ня будзе ўладамі вынесены на галасаваньне, бо гэта тая альтэрнатыва, якая проста расплюшчыць праект Лукашэнкі. У нас прадугледжана дэмакратычная парлямэнцкая форма кіраваньня, галоўным становіцца грамадзянін, выбарнік. У нас траціна тэксту — гэта артыкулы аб правах і свабодах грамадзян; прапісаны магчымасьці адвакатуры, незалежная судовая сыстэма, рэальны падзел уладаў.
Заказчыкам нашага праекту выступілі тыя сотні тысяч людзей, якія выходзілі на вуліцы, і мільёны, якія ім спачувалі. Яны выходзілі за патрабаваньне радыкальнай зьмены сыстэмы. Таму падчас нашай працы мы пераарыентаваліся і пачалі рыхтаваць цалкам новы праект Канстытуцыі, а ня проста пэўныя зьмены.
Калі мы гаворым пра тое, які кепскі праект падрыхтаваў Лукашэнка, то людзі могуць нас спытаць: «А што вы прапануеце?» І калі раней розныя палітыкі па-рознаму давалі адказ на гэтае пытаньне, то цяпер у нас ёсьць палітычнае пагадненьне асноўных палітычных дзеячоў, якія падпісаліся пад гэтым праектам. І гэта палітычна вельмі правільная пазыцыя — ня проста агульна разважаць пра нешта, а мець добра падрыхтаваны дакумэнт зь вельмі добрым экспэртным міжнародным заключэньнем.
Мы цяпер на этапе перамоваў з Вэнэцыянскай камісіяй, каб атрымаць ад яе міжнароднае заключэньне. Калі нам удасца гэта зрабіць да рэфэрэндуму, гэта яшчэ больш узмоцніць нашы пазыцыі. І сёньня, і тым больш заўтра, калі рэформы абавязкова прыйдуць у Беларусь.
Мы маем магчымасьць яшчэ больш гучна заявіць, што альтэрнатыва ёсьць. Паводле апытаньняў, 32% заявілі, што чулі аб праекце Канстытуцыі новай Беларусі. Нам трэба значна гэты працэнт падвысіць, каб яшчэ большая колькасьць людзей прачыталі наш праект і маглі патлумачыць, чаму яны за Канстытуцыю новай Беларусі, а не за «лукавую» Канстытуцыю.