«Праз паўгода пасьля ўвядзеньня санкцый супраць часткі важнай галіны нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў становіцца ясна, наколькі дзіравыя гэтыя меры», — гаворыцца ў артыкуле.
Spiegel нагадвае, што «Беларуськалію» па-ранейшаму дазволена вывозіць калійныя солі з насычанасьцю каліем ад 40 да 62 працэнтаў — менавіта той прадукцыі, ад якой залежаць такія гіганты ўгнаеньняў, як нарвэская група Yara. Выданьне нагадвае, што Нарвэгія далучылася да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
У Эўракамісіі нямецкай газэце не змаглі адказаць, якую шкоду «Беларуськалію», аднаму з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў угнаеньняў, нанесьлі санкцыі Эўразьвязу.
Нафтавая прамысловасьць, паводле Spiegel, таксама ня так моцна пацярпела. Экспарт нафтапрадуктаў у Эстонію ў 2021 годзе быў на рэкордным узроўні.
«Важная для Лукашэнкі лясная галіна пакуль цалкам пазбаўленая санкцый. Нядаўна было абвешчана, што аўстрыйская кампанія Kronospan пачынае будаўніцтва свайго чацьвёртага завода ў краіне», — гаворыцца ў артыкуле нямецкага выданьня.