Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым Захаду пагражаюць контрасанкцыі ад Беларусі. Разьбіраемся


Прэм'ер ураду Беларусі Раман Галоўчанка.
Прэм'ер ураду Беларусі Раман Галоўчанка.

У Беларусь забаранілі ўвозіць шэраг тавараў з эўрапейскіх краін: ад сьвініны да солі. Разьбіраемся, на што гэта паўплывае.

Старшыня Савету Міністраў Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову ўраду, якая забараняе ўвоз на тэрыторыю краіны групы тавараў, каб «забясьпечыць абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».

У пастанове вызначаны пералік тавараў, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу і некаторых іншых заходніх дзяржаў (ЗША, Канады, Нарвэгіі, Альбаніі, Ісьляндыі, Паўночнай Македоніі, Вялікай Брытаніі, Чарнагорыі, Швайцарыі).

Сярод тавараў агулам 13 катэгорый: мяса, малако, садавіна, арэхі, кандытарскія вырабы і нават соль.

Ці купляла раней Беларусь такія тавары ў гэтых краінах

У пастанове ўраду забарона на ўвоз жывых сьвіней. Са студзеня па кастрычнік Беларусь закупіла жывых сьвіней на 1,1 мільёна даляраў. І ўсё ў краінах ЭЗ. Таксама ў пастанове Саўміну прапісаная забарона на ўвоз сьвежага і замарожанага мяса буйной рагатай жывёлы. Са студзеня па кастрычнік Беларусь закупіла сьвежай ялавічыны на 2 мільёна даляраў. Сярод краін-пастаўшчыкоў — Расея, Казахстан і Ўкраіна.

А вось замарожанай ялавічыны набылі на 20,7 мільёна даляраў, у тым ліку на 2,4 мільёна ў краінах ЭЗ.

Урад забараніў увозіць з краін ЭЗ малако, але Беларусь — вядомы пастаўшчык малака і малочных прадуктаў. За студзень—кастрычнік малака і вяршкоў Беларусь закупіла на 3,7 мільёна даляраў, з краін ЭЗ толькі на 29 тысяч даляраў.

Па пастанове Саўміну цяпер у Беларусь з краін ЭЗ нельга завозіць тлушч сьвіней і птушак. Гэтага прадукту ў студзені—кастрычніку Беларусь закупіла на 13,7 мільёна даляраў, з краін ЭЗ — на 7,5 мільёна даляраў.

Каўбасы і аналягічныя прадукты з ЭЗ таксама пад забаронай; за студзень—кастрычнік Беларусь імпартавала каўбасаў на 1,2 мільёна даляраў, з ЭЗ — на 437 тысяч даляраў.

Пад забаронай на ўвоз таксама печыва, яго ў студзені-кастрычніку купілі на 27 мільёнаў даляраў, з ЭЗ — на 3 мільёны даляраў.

Пад забарону таксама трапіла садавіна. У студзені—кастрычніку яблыкаў, грушаў і айвы Беларусь завезла на 109 мільёнаў даляраў, з ЭЗ зь іх — на 84 мільёны даляраў.

«Гэта пераразьмеркаваньне рынку»

Фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб зьвяртае ўвагу на тое, што ўведзеныя контрасанкцыі лёгка абыходзіць. Гэта нават прапісана ў прынятым дакумэнце.

«Адразу ж уводзяцца выключэньні, гаворка вядзецца пра тое, што каб пазьбегнуць дэфіцыту; будзе ліцэнзавацца пастаўка тавараў, якія трапілі пад гэтыя санкцыі, і будуць разьмяркоўвацца квоты. Са словаў можна зразумець, што пад гэтыя контрасанкцыі падпадаюць прадукты прыкладна на паўмільярда даляраў, але гэта ня значыць, што Беларусь ня будзе купляць гэтую прадукцыю. Застаецца загадкай, якая частка з гэтых прадуктаў на 500 мільёнаў будзе ўвезеная па ліцэнзіях і па квотах», — кажа Вадзім Іосуб.

На думку фінансавага аналітыка, праз такія контрасанкцыі можа адбыцца проста пераразьмеркаваньне рынку.

«Пад размовы пра контрасанкцыі можна проста памяняць бэнэфіцыяраў імпарту харчаваньня з эўрапейскага кірунку», — зазначае Вадзім Іосуб.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG