Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз папярэдзіў пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і наступствы для Расеі ваеннай агрэсіі супраць Украіны


Старшыня Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Старшыня Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Краіны Захаду занепакоеныя павелічэньнем колькасьці расейскіх войскаў ля межаў Украіны.

Лідэры 27 краін Эўразьвязу асудзілі дзеяньні Менску ў «інструмэнталізацыі мігрантаў і ўцекачоў», у выніку чаго на мяжы з ЭЗ утварыўся гуманітарны крызіс, і аб'явілі аб гатоўнасьці прыняць новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай заяве саміту ЭЗ.

«Эўрапейская рада падкрэсьліла важнасьць найхутчэйшай рэалізацыі забаронных мер пасьля зацьвярджэньня пятага санкцыйнага сьпісу і заявіла аб гатоўнасьці прыняць новыя санкцыі ў выпадку неабходнасьці», — гаворыцца ў заяве.

«Эўрапейская рада падкрэсьліла важнасьць забесьпячэння бесьперашкоднага доступу для міжнародных арганізацый у Беларусь і пашырэньня гуманітарнай падтрымкі, а таксама садзейнічаньня вяртаньню мігрантаў на радзіму зь Беларусі», — зазначаецца ў дакумэнце.

У ЭЗ таксама заклікалі вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ. Акрамя таго, зазначаецца, што беларускі народ мае права абіраць прэзыдэнта на новых, свабодных і справядлівых выбарах.

Таксама лідэры краін Эўрапейскага зьвязу папярэджваюць Расею аб «масавых наступствах і цяжкіх стратах» у выпадку ваеннай агрэсіі супраць Украіны і заклікаюць вярнуцца да дыпляматычных мэтадаў дээскаляцыі напружанасьці.

Пра гэта гаворыцца ў выніковай заяве саміту Эўразьвязу ў Бруселі, які закончыўся 16 снежня. Заява заклікала да «абмежавальных захадаў, узгодненых з партнэрамі» ў Вялікай Брытаніі і ЗША.

Злучаныя Штаты, Эўразьвяз і Ўкраіна занепакоеныя павелічэньнем колькасьці расейскіх войскаў ля межаў Украіны, інтэрпрэтуючы гэта як магчымую прэлюдыю да ўварваньня.

Лідэры ЭЗ зноў заклікалі Маскву вярнуцца да перамоваў у «нармандзкім фармаце» і рэалізацыі менскіх пагадненьняў, дзе Нямеччына і Францыя выступаюць пасярэднікамі паміж Украінай і Расеяй у пошуку палітычнага рашэньня для спыненьня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Расея адмаўляе пляны ўварваньня ва Ўкраіну і выстаўляе некалькі патрабаваньняў, у тым ліку прамога дыялёгу са Злучанымі Штатамі і запэўніваньняў, што Ўкраіна ня будзе ўступаць у NATO ў будучыні.

Генэральны сакратар NATO днямі заклікаў Расею да перамоў у фармаце рады «Расея — NATO». «Любая наступная агрэсія будзе мець наступствы і за гэта давядзецца заплаціць высокую цану», — падкрэсьліў Енс Столтэнбэрг.

Енс Столтэнбэрг зноў падкрэсьліў, што будучае сяброўства Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычным альянсе ня можа быць прадметам кампрамісу:

«Украіна мае права выбіраць меры бясьпекі. Гэта фундамэнтальны прынцып эўрапейскай бясьпекі. І рашэньне далучыцца да NATO будуць ухваляць толькі Ўкраіна і 30 чальцоў альянсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG