Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк ацаніў заходнія санкцыі і адрэгаваў на прапанову Раманчука вярнуцца ў Беларусь


Зянон Пазьняк, 2019
Зянон Пазьняк, 2019

Лідэр Кансэрватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк ужо працяглы час знаходзіцца ў эміграцыі.

У інтэрвію «Народнай волі» ён адказаў на прапанову Яраслава Раманчука прыехаць у Беларусь.

«Ёсьць патрэба на дыялёг, і для гэтага можна нават выкарыстоўваць аўтарытэт і патэнцыял таго ж Зянона Станіслававіча Пазьняка, каб ён прыехаў у краіну і паспрабаваў, калі можна так сказаць, з чыстага ліста размаўляць зь беларускімі ўладамі», — сказаў Раманчук, які ў інтэрвію Свабодзе нэгатыўна ацаніў заходнія санкцыі супраць уладаў Беларусі.

Зянон Пазьняк адрэагаваў на словы Раманчука ў інтэрвію «Народнай волі»:

«Што датычыцца ацэнкі санкцый, то Раманчук сказаў абсалютна правільна. Усе разумныя палітыкі-прафэсіяналы так ацэньваюць.

Санкцыі могуць даць толькі адмоўны вынік. Санкцыямі як быццам ставіцца задача ліквідаваць беларускі рэжым, але гэта немагчыма, таму што ён завязаны на Расею. Санкцыі прывядуць толькі да таго, што абваліцца беларуская эканоміка, будзе цяжка жыць людзям, будзе вялікая эміграцыя і пачнецца разбурэньне дзяржавы. Але ўлада застанецца, таму што за іх плячыма — Крэмль. Крамлю гэты рэжым патрэбны, у Маскве яшчэ ў 2003 годзе казалі, што бачаць Беларусь у складзе Расеі. І гэта палітыка працягваецца.

Таму для Расеі вельмі зручна, каб пакласьці Беларусь на лапаткі і каб гэты рэжым нікуды ня мог падзецца. Каб дарога была толькі адна — у Маскву. Каб выконвалі ўсё, што там скажуць. А грошы для падтрымання сілавых структур Расея дасьць, тым больш што там не такія і вялікія грошы.

Я ўпэўнены, што санкцыі — гэта антыбеларуская стратэгія, якую Масква праводзіць сумесна з Заходняй Эўропай, таму што Захад пранізаны расейскай агентурай. Гэта ўсе ведаюць, хто займаецца палітыкай. Купляюць аўстрыйскіх палітыкаў, францускіх, нямецкіх...

У выніку Захад уводзіць санкцыі, спасылаючыся на тое, што такім чынам хоча зьнішчыць беларускі рэжым, а атрымліваецца, што санкцыі выгадны толькі Маскве. А найбольш небясьпечныя яны для беларускага народу і для беларускай дзяржавы. Калі будзе разбурана нашая дзяржава, то нікому зь беларусаў ад гэтага дакладна лепш не будзе. Гэта вельмі сур’ёзна! Санкцыі вельмі шкодныя для незалежнасьці Беларусі. Аналіз Раманчука вельмі правільны.

Што наконт майго магчымага прыезду ў Беларусь, дык гэта вельмі наіўнае ўяўленьне, якое нават ня варта камэнтаваць. Для гэтага рэжыму не існуе ніякіх аўтарытэтаў, ніякіх маральных і палітычных каштоўнасьцяў. Таму ня мае сэнсу пра гэта размаўляць. Гэта наіўнае меркаваньне, якое, відаць, спадар Раманчук не падумаўшы выказаў.

Прыехаць у Беларусь?! Не гаварыце глупства! І Раманчук сказаў глупства. У якую краіну і да якой улады вы запрашаеце мяне прыехаць? Думаеце, што гаворыце?! Таму гэта нават не хачу абмяркоўваць. Я прыеду ў Беларусь тады, калі трэба будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG