Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празаходні мэр Бухарэста Дан перамог на выбарах у Румыніі, нацыяналіст Сім’ён прызнаў паразу


Нікушор Дан выступае пасьля абвяшчэньня перамогі на выбарах у Румыніі
Нікушор Дан выступае пасьля абвяшчэньня перамогі на выбарах у Румыніі

Цэнтрысцкі мэр Бухарэста Нікушор Дан перамог у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі, апярэдзіўшы нацыяналістычнага кандыдата Джорджэ Сім’ёна пры высокай яўцы выбаршчыкаў.

Гэта нечаканы вынік, які, верагодна, дапаможа Румыніі заставацца на празаходнім шляху, піша Румынская служба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Паводле зьвестак выбарчай камісіі Румыніі, пасьля падліку 100% бюлетэняў, Нікушор Дан атрымаў больш за 53,6% галасоў (6,17 мільёна) у другім туры, апярэдзіўшы Джорджэ Сім’ёна з 46,4% (5,34 мільёна).

Раней асобныя апытаньні экзыт-пол, праведзеныя Avangarde і CURS, далі Дану перамогу з крыху больш за 54% у другім туры выбараў, які адбыўся пасьля месяцаў беспрэцэдэнтнага палітычнага хаосу.

«Гэта ваша перамога, ведаеце, — сказаў Дан у сваім выступе перад прыхільнікамі.— Гэта перамога тысяч і тысяч людзей, якія ўдзельнічалі ў кампаніі, якія верылі, што Румынія можа зьмяніцца. Не забывайце пра гэтую сілу, таму што ў нас ёсьць справы».

Раней ён заявіў, што засяродзіцца на «судовай рэформе і барацьбе з карупцыяй».

Сім’ён, першапачаткова ўвечары абвясьціўшы пра сваю перамогу, прызнаў паразу раніцай 19 траўня, што разьвеяла некаторыя асьцярогі з нагоды магчымага супрацьстаяньня.

«Я ганаруся вамі і віншую свайго апанэнта з перамогай, — напісаў Сім’ён у Facebook. Нікушор Дан перамог на выбарах», і гэта «была воля румынскага народа».

Яўка склала больш за 64 працэнты — рэкордны паказчык — прагаласавала каля 11,6 мільёна румынаў з краіны і за мяжой, што на 2 мільёны больш, чым у першым туры, і больш, чым на першапачатковым галасаваньні ў лістападзе мінулага года, якое было анулявана з-за абвінавачваньняў ва ўмяшаньні Расеі ў кампанію.

Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен заявіла, што перадала Дану свае «самыя цёплыя віншаваньні», дадаўшы, што «румынскі народ масава прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. Яны выбралі абяцаньне адкрытай, квітнеючай Румыніі ў моцнай Эўропе», — напісала яна на X. «Разам давайце выканаем гэтае абяцаньне».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі павіншаваў Дана, які паабяцаў працягваць падтрымліваць Кіеў сваёй краінай, заявіўшы:

«Для Ўкраіны — як суседа і сябра — важна мець Румынію як надзейнага партнэра».

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што патэлефанаваў Дану і «павіншаваў яго з абраньнем кіраўніком Румыніі».

«Нягледзячы на шматлікія спробы маніпуляцый, румыны сёньня ўвечары абралі дэмакратыю, вяршэнства закона і Эўрапейскі Зьвяз», — напісаў Макрон на X.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG