Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Румыніі экзыт-полы нечакана даюць мэру Бухарэста Дану перавагу ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў


Нікушор Дан з паплечнікамі
Нікушор Дан з паплечнікамі

Паводле двух экзыт-полаў, мэр Бухарэста Нікушор Дан мае шанец перамагчы ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў ультранацыяналістычнага кандыдата Джорджэ Сім’ёна.

Гэты вынік, як мяркуецца, утрымае Румынію на празаходнім шляху, піша Румынская служба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Асобныя апытаньні, праведзеныя Avangarde і CURS, даюць Нікушору Дану нечаканую перамогу, ён атрымлівае крыху больш за 54 працэнта апытаных на выхадах з участкаў для галасаваньня ў другім туры выбараў. Але гэтыя апытаньні ня ўлічваюць вынікі галасаваньня за мяжой, у тым ліку ў Малдове, дзе шмат жыве грамадзян Румыніі.

Яўка склала больш за 64 працэнты — гэта рэкордны паказчык — прагаласавала каля 11,6 мільёна румынаў з самой краіны і за мяжой, што на два мільёны больш, чым у першым туры, і больш, чым на першапачатковым галасаваньні ў лістападзе мінулага года, якое было анулявана з-за абвінавачваньняў ва ўмяшаньні Расеі ў кампанію.

«Ёсьць супольнасьць, якая прайграла сёньняшнія выбары. Супольнасьць, якая абураная тым, як дагэтуль праводзілася палітыка, настолькі абураная, што лічыць адзіным рашэньнем рэвалюцыю», — сказаў Дан неўзабаве пасьля публікацыі вынікаў экзыт-полаў.

«Наш абавязак — пераканаць іх, што рэформа правасудзьдзя і барацьба з карупцыяй будуць на першым месцы».

Джорджэ Сім’ён быў прызваны на замену Кэліну Джарджэску, якому не дазволілі балятавацца пасьля таго, як ён перамог у першым туры галасаваньня ў лістападзе.

Сім’ён разьвіў посьпех Джарджэску, атрымаўшы каля 41 працэнта падтрымкі ў першым туры галасаваньня 4 траўня. Дан тады быў на другім месцы з 21 працэнтам. У большасьці апытаньняў, праведзеных з таго часу, Джорджэ Сім’ён лідзіраваў, хоць апошнія апытаньні казалі пра роўныя шанцы кандыдатаў.

Джорджэ Сім’ён, лідэр партыі AUR, адхіліў вынікі экзыт-полаў, заявіўшы, што яго вынікі выбараў паказваюць, што ён нібы выйграў галасаваньне з розьніцай прыкладна ў 400 000 бюлетэняў.

«Я буду прэзыдэнтам усіх румынаў, таму я буду і вашым прэзыдэнтам», — сказаў Сім’ён у сваёй прамове, у якой сьцьвярджаў, што перамог.

«Я дзякую мільёнам людзей, якія зрабілі перамогу магчымай. Гэта перамога чалавека, які павінен быў стаць прэзыдэнтам Румыніі, гэта перамога Каліна Джарджэску».

Афіцыйныя вынікі чакаюцца пазьней.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG