Аляксандар Лукашэнка 16 лістапада сабраў нараду наконт мігранцкага крызісу на мяжы.
«Нам зараз галоўнае — абараніць сваю краіну і свой народ, не дапусьціць сутыкненьняў. Я ведаю, што спробы дастаўкі зброі ў стыхійны мігранцкі лягер ужо былі. Як і правакацыі, якія могуць прывесьці да сілавога канфлікту. Гэтага дапусьціць ні ў якім разе нельга. Нельга, каб гэтая так званая праблема стала разьвязваньнем гарачага супрацьстаяньня», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка выказаў спадзеў на дапамогу ва ўрэгуляваньні міграцыйнага крызісу на Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
«Кіраўніцтва гэтай краіны мае вялікі досьвед працы з уцекачамі, яны бралі ўжо ўдзел у разьвязваньні такіх пытаньняў у сьвеце і працавалі з тысячамі ўцекачоў», — сказаў Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, ААЭ гатовыя падставіць сваё плячо ва ўрэгуляваньні крызісу на мяжы і ён зьбіраецца пра гэта пагутарыць з кіраўніцтвам краіны.
Напярэдадні адбылася ягоная тэлефонная размова з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.
«Канцлер і спадар Лукашэнка гаварылі пра складаную сытуацыю на мяжы Беларусі з Эўразьвязам — асабліва пра неабходнасьць гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў і мігрантаў, якія знаходзяцца там. Яны дамовіліся працягнуць абмен у гэтых пытаньнях», — паведаміла прэсавая служба Мэркель.
Паводле агенцтва БелТА, размова доўжылася 50 хвілін.
16 лістапада Лукашэнка сказаў, што даў Мэркель прапанову, як разьвязаць сытуацыю.
«Мы дамовіліся з Мэркель, што мы ня будзем пакуль пра гэта гаварыць канкрэтна. Яна папрасіла час, паўзу для таго, каб абмеркаваць гэтую прапанову зь сябрамі ЭЗ», — заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што яны з Мэркель дамовіліся сазваніцца яшчэ раз. А таксама пра тое, што кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей «будуць пастаянна ў кантакце і абмяркоўваць гэтыя пытаньні».
Што яшчэ сказаў Лукашэнка
- Каля 5 тысяч мігрантаў, «у каго хоць самае малое парушэньне закону», беларускія ўлады за восень вярнулі назад.
- «Мы не закрываем раты журналістам. Усякі прадстаўнік прэсы, беларускай і замежнай, можа прыехаць і весьці рэпартажы з усякага пункту дзяржаўнай мяжы».
- «Пагражаюць новымі пакетамі санкцый і будаўніцтвам аж пяцімэтровай сьцяны, падумваюць пра поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусі. Калі ласка. Калі больш няма чым заняцца, мы не пярэчым».
- «Дапусьціць эскаляцыі, як бы некаму гэтага ні хацелася, аж да гарачага сутыкненьня, мы ня можам».
У чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.
Урад Польшчы праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца за тры наступныя тыдні.
Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.
Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.