У верасьні 2021 году адваката Максіма Знака пакаралі 10 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму за «заклікі пашкодзіць бясьпецы Рэспублікі Беларусь», «змову з мэтай захопу ўлады» і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».
Агулам за кратамі ён ужо больш за 400 дзён. Напярэдадні этапу ў калёнію Максім Знак змог даць інтэрвію «Нашай ніве».
На пытаньне, што самае цяжкае асабіста для яго ў турме, Максім Знак знак адказаў:
«Бязглуздае марнаваньне часу, вымушаная адзінота і інфармацыйны мазахізм: спроба даведацца пра рэальныя падзеі праз рэха прапаганды».
Знак паведаміў, што нават у зьняволеньні працягвае падтрымліваць фізычную форму:
«У мяне трэніровак па плаваньні і ровары няма, таму я рабіў розныя сьмешныя практыкаваньні і зноў пераканаўся, што на штодзённыя практыкі арганізм адказвае ўдзячнасьцю і зьдзіўляе дасягненьнямі: можна дасягнуць любой мэты. Цяпер я спыніў экспэрымэнты і штодзённа раблю толькі прэс (каля 300 у дзень у сярэднім), пяць хвілін плянкі і на добры сон усё астатняе — пры пагодзе і па жаданьні».
Максім Знак расказаў, што за кратамі ён сьпіць «як пшаніцу прадаўшы», але сваіх сноў ня памятае.
«На жаль (ці на шчасьце), забываецца, што бачыў у сьне, празь некалькі сэкундаў пасьля гучнага «Пад’ём!», — піша адвакат. Пра пляны на час знаходжаньня ў няволі Знак кажа наступнае:
«Цяпер 10 гадоў для мяне — чвэрць жыцьця. Я б нея стаў сьмяшыць нікога, акрамя Бога, расказваючы пра свае пляны. Добра, што плянаў у мяне заўсёды хапае. Нават тут іх больш, чым вольнага часу. Але ня трэба ілюзій — мы ня ў творчым санаторыі. Амаль усё, мной створанае тут, застаецца са мной у палоне. А гэта дрэнны матыватар. Год таму я напісаў песьню „Майстар“. Яна пра тое, як забівалі творчасьць у ГУЛАГу (Гэтую песьню, як і многія іншыя творы Максіма, цэнзары не прапусьцілі)».
Беларусам, якія адчаяліся, Максім Знак раіць ня страчваць надзеі, але падкрэсьлівае, што даваць парады — «гэта бязглузьдзіца».
«Пакуль чалавек жывы і хоча жыць, ён ня страчвае надзеі. А ў іншым разе ён ня будзе слухаць ніякіх парадаў. Таму надзея будзе жыць у кожным з нас. Могуць толькі зьмяніцца канкрэтныя спадзяваньні», — кажа Знак.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.