Пра хваробу Пачобута стала вядома 11 чэрвеня, 16 чэрвеня тэст пацьвердзіў, што журналіст насамрэч захварэў. Тры тыдні да 8 ліпеня ён заставаўся на карантыне ў жодзінскім СІЗА. Увесь час ізаляцыі яго ня мог наведаць адвакат. Сваякам у турме давалі кароткую інфармацыю пра стан здароўя журналіста.
Нядаўна родным і сябрам пачалі прыходзіць першыя лісты ад Анджэя пасьля выхаду з карантыну. У іх палітвязень расказвае, як сябе цяпер адчувае, пра свой настрой і дзённыя заняткі. Трое чытачоў Свабоды ананімна падзяліліся адказамі ад Пачобута. Ён піша на беларускай і расейскай мовах. Прыводзім фрагмэнты лістоў.
«Аптымізму і бадзёрасьці не губляю»
Анджэй прызнаецца, што хвароба праходзіла цяжка, але наступстваў ад каранавірусу пакуль не адчувае і спадзяецца, што іх і надалей ня будзе.
«Сэрца пакуль, дзякуй Богу, працуе ў нармальным рэжыме. Спадзяюся, што здароўе маё мацнейшае, чым я лічыў», — заўважае ён.
Нягледзячы на цяжкасьці, Пачобут захоўвае добры настрой.
«Хоць рэчаіснасьць у цёмных тонах, аптымізму і бадзёрасьці не губляю. Веру, што ўрэшце рэшт і так пераможа праўда і справядлівасьць», — піша ён.
Турму летам ён называе пеклам, кажа, што калі дождж, тады лягчэй дыхаецца.
«Летам у турме кепска. Сьпёка, якая прыемная звонку і над ракой або возерам, тут — сапраўднае пакараньне. Але лета, як мы ведаем, мае звычку заканчвацца. Таму я сёлета, як ніколі, чакаю канца лета або прынамсі сэзону дажджоў над Жодзінам. Гэта, канечне, чыстай вады эгаізм, але ад гэтага не схавацца», — піша Анджэй.
Журналіст расказаў у лісьце байку пра Ракасоўскага і Сталіна:
«Калі Ракасоўскага ў 1940 (здаецца) выпусьцілі з турмы і зь ім сустрэўся Сталін, то правадыр пралетарыяту, не міргнуўшы вокам, запытаўся: „А дзе вы так доўга прападалі?“. Ракасоўскі адказаў: „У турме сядзеў, таварыш Сталін“. — „Ну і знайшлі вы час у турме сядзець“, — адказаў Сталін».
«Часам трэба быць вельмі цьвёрдым»
Пасьля карантыну вязень вярнуўся да «традыцыйнага арыштанцкага графіку» і да штодзённай падрыхтоўкі да свайго суду.
«Мая справа рухаецца паволі, але я не пераймаюся. У турме ты толькі пасажыр, які едзе ці, правільней сказаць, якога вязуць, і твой уплыў на кірунак, у якім ты рухаесься, вельмі абмежаваны», — кажа мэтафарай журналіст.
Ён прызнаецца, што да такіх абставінаў цяжка прызвычаіцца.
«Але калі ўжо прызвычаісься, то ведаеш, што часам трэба быць вельмі цьвёрдым, але часам проста не зьвяртаць увагі і жыць перакананьнем, што час ідзе і затрымаць яго ніхто ня можа. Усё міне, і гэта таксама», — упэўнены Анджэй.
Даты пачатку суду над ім яшчэ няма.
«Пакуль час ляціць вельмі імкліва. Не пасьпееш азірнуцца — і ўжо вечар», — піша ён.
«Кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні»
Пачобут расказаў, што жыве ў асноўным успамінамі пра родную Горадню, пра «наш цудоўны Нёман».
«Я яго вельмі люблю. Ён такі розны: ад вузкага ручайка да проста-такі марскіх шыротаў... Я таксама люблю летні лес, калі чабор, калі іншыя кветкі... Увогуле прырода — гэта тое, чаго не хапае», — расказвае Анджэй.
Гарадзенец стараецца рабіць у камэры фізычныя практыкаваньні, наколькі гэта магчыма, і шмат хадзіць.
«Я сабе выдумаў так: кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні. Гэта вельмі матывуе», — расказвае Пачобут.
У апошняй камэры ў яго на прагулку было 4 крокі ў адзін бок, але ён хадзіў па некалькі гадзін у дзень.
«Кожны крок — і ты бліжэй да дому. Гэта матывуе! Зразумела, што вывезьлі мяне далёка, а вывезуць яшчэ далей, але калі не здавацца і крочыць, то раней ці пазьней дойдзеш да хаты, да нашага каралеўскага гораду», — дзеліцца сваёй прыдумкай Анджэй.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.