Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі 10 дзён ня ведаюць пра стан палітвязьня Пачобута, які хварэе на каранавірус


Плякат з выявай палітвязьня Анджэя Пачобута ў цэнтры Варшавы.
Плякат з выявай палітвязьня Анджэя Пачобута ў цэнтры Варшавы.

Апошні раз адвакат наведваў Анджэя Пачобута ў жодзінскім СІЗА 11 чэрвеня.

Апошні раз адвакат наведваў Анджэя Пачобута ў жодзінскім СІЗА 11 чэрвеня.

Як расказала жонка журналіста Аксана Пачобут, ужо тады Анджэй адчуваў сябе блага. Ён змог вытрымаць на сустрэчы толькі паўгадзіны, а потым сышоў адпачываць. Звычайна сустрэчы з адвакатамі цягнуліся каля дзьвюх гадзін.

Вядома, што 21 дзень да пачатку ліпеня Пачобут будзе знаходзіцца на карантыне. Што гэта значыць, жонка ня ведае. Яна мяркуе, што муж па-ранейшаму ў камэры на 13 чалавек.

Інфармацыю пра стан мужа Аксана ня можа атрымаць увесь час, як стала вядома пра хваробу Пачобута. Доўгі час яна не магла дазваніцца да турэмнага лекара. Калі ўрэшце атрымалася, той адмовіўся паведамляць ёй інфармацыю праз тэлефон, бо «ня можа ўпэўніцца, што гэта дакладна жонка». Неўзабаве Аксана плянуе паехаць у Жодзіна, каб атрымаць інфармацыю асабіста.

На мінулым тыдні Пачобуту змаглі перадаць неабходныя лекі. Пачобуту не дазволілі перадаць у жодзінскі СІЗА вэнтылятар, які мог бы палегчыць стан вязьня ў сьпёку.

Аксана Пачобут хвалюецца, што мужу не акажуць патрэбнай дапамогі ў СІЗА, там няма шпіталя. Яна зьвярталася да сьледчага, каб мужа паклалі ў шпіталь або прынамсі перавялі на «Валадарку», дзе лепшая мэдычная дапамога. Той не паспрыяў у вырашэньні гэтага пытаньня.

Да таго ж у Пачобута хворае сэрца, зьбіваецца рытм. Асабліва частыя прыступы ўлетку, у сьпёку. Раней ён неаднаразова слабнуў праз сэрца, клаўся ў шпіталь. У лістах журналіст пісаў на волю, што ў турме ўлетку «пякельная сьпёка», што цяжка адбіваецца на здароўі.

Анджэй Пачобут праходзіць па «польскай справе», сядзіць ужо амаль тры месяцы. Яго вінавацяць у «распальваньні варожасьці». Яму пагражае да 12 гадоў калёніі. Пачобуту, як і іншым фігурантам справы, прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на выезд за мяжу. Ён адмовіўся.

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. У журналістыку прыйшоў у 2002 годзе.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут у жодзінскім СІЗА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG