Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі рады за сваіх сябровак». Што піша Анджэй Пачобут з турмы


Анджэй Пачобут, архіўнае фота
Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Чытач Свабоды падзяліўся фрагмэнтамі ліста ад зьняволенага журналіста Анджэя Пачобута, які праходзіць у «польскай справе».

Ліст напісаны 8 чэрвеня ў жодзінскім СІЗА, за некалькі дзён да таго, як стала вядома, што Пачобут захварэў на каранавірус. Згадак пра хваробу там няма.

Анджэй заўважае, што ня ўсе ягоныя лісты даходзяць да адрасатаў, але іх не далучаюць і да крымінальнай справы. Куды зьнікаюць паведамленьні, ён ня ведае.

Ён кажа, што збольшага ён сам «у парадку».

«Безумоўна, з пункту гледжаньня здароўя ўсё гэта цяжкое выпрабаваньне. Лета ў турме — гэта пякельная сьпёка і недахоп паветра, але мой арганізм пакуль неяк дае рады», — піша Пачобут.

На «Валадарцы» ён сядзеў у невялікай камэры на 4 чалавекі.

«Калі ўсё разам уставалі, то адзін дакранаўся да другога. Там на шпацыр было толькі 2 з паловай крокі», — успамінае ён.

Фрагмэнт ліста ад Анджэя Пачобута
Фрагмэнт ліста ад Анджэя Пачобута

У жодзінскім СІЗА камэра большая, уздоўж яна 16-18 крокаў. Раней Анджэй хадзіў па камэры па 3-4 гадзіны на дзень. Але калі пачалася сьпёка, ужо «не да практыкаваньняў».

«Нягледзячы на гэта, настрой бадзёры», — адзначае ён у лісьце.

Гадзіну ў дзень журналіст выдзяляе на тое, каб рыхтавацца да суду.

Пачобут піша, што сам ён нікуды зьяжджаць не плянуе, але разумее людзей, якія зрабілі іншы выбар.

«Вельмі рады за сваіх сябровак, якія ў гэты момант у бясьпецы. У мяне ж іншы шлях», — кажа Анджэй.

Ён просіць перадаць прывітаньне Горадні, Нёману і ўсім, хто яго ведае.

Хто такі Анджэй Пачобут

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.

У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Сяброў незарэгістраванага СПБ Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву, якія праходзяць у гэтай жа справе, у траўні вызвалілі зь СІЗА ўзамен на выезд з краіны. Яны застаюцца абвінавачанымі, цяпер жывуць у Польшчы. У няволі ў гэтай справе застаюцца толькі Пачобут і Борыс.

Вядома, што Пачобуту таксама прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на выезд за мяжу, але ён адмовіўся. Неўзабаве пасьля гэтага ён адчуў пагаршэньне стаўленьня да яго. Журналіста паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму». На днях ён перадаў праз сукамэрнікаў, што захварэў на каранавірус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG