Выступаючы падчас чарговай гадавіны чарнобыльскай трагедыі ў Брагіне, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь сам-насам змагалася з наступствамі катастрофы. Дапамогу, якая ішла з Захаду, ён назваў «мізэрнай».
Тым ня менш Беларусь да сёньня атрымлівае мільёны даляраў на рэалізацыю розных праектаў ад Эўразьвязу. Сродкі паступаюць і на «чарнобыльскія» праекты.
Што гэта за праекты?
З 2019 да 2022 году ў Беларусі пры падтрымцы ЭЗ рэалізуецца праект «Падтрымка эканамічнага разьвіцьця на мясцовым узроўні ў РБ».
- Рэалізуе праект Праграма разьвіцьця ААН (ПРААН) у партнэрстве зь Міністэрствам эканомікі.
- Агульны бюджэт праекту — 9,5 мільёна даляраў. Грошы дае ЭЗ.
- Праграма рэалізуецца як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўні. Праект накіраваны на падтрымку працы Грамадзка-кансультатыўнай Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, зьмяненьне заканадаўства, стварэньне бізнэс-інкубатараў і іншае.
- На мясцовым узроўні ў праекце ўдзельнічаюць 12 раёнаў Беларусі, у тым ліку «чарнобыльскія» — Брагінскі і Хойніцкі.
- Праект падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на разьвіцьцё прадпрымальніцтва.
На экалягічны праект барацьбы са зьмяненьнем клімату ў партнэрстве зь беларускім Мінпрыроды ЭЗ дае амаль 1,3 мільёна даляраў. Праект пачаў рэалізоўвацца ў ліпені 2020 году.
На экалягічны праект «Ветландс», накіраваны на ўдасканаленьне кіраваньня ляснымі і балотнымі экасыстэмамі, Глябальны экалягічны фонд і ПРААН выдзяляюць да 2022 году 4,3 мільёна даляраў. Выканаўца праекту — тое ж самае Міністэрства прыродных рэсурсаў.
А што ў «чарнобыльскіх» раёнах?
Напрыклад, у Хойніцкім раёне на грошы ЭЗ нядаўна пачала працаваць ініцыятыва «Ягадны край».
Яна перамагла ў конкурсе на атрыманьне фінансавай падтрымкі. Ініцыятыва накіраваная на стварэньне ў Хойніцкім і Брагінскім раёнах каапэрацыі мясцовых вытворцаў ягаднай прадукцыі з прыцягненьнем фэрмэраў, прадпрымальнікаў, недзяржаўных арганізацый. Па выніках чакаецца стварэньне кластэра вытворцаў ягаднай прадукцыі. Удзельнікам дапамогуць набыць абсталяваньне, дадуць пасадачны матэрыял і іншае.
На эўрапейскія грошы ў Хойніках рэалізуецца праект «Цэнтар падтрымкі прадпрымальніцтва «Трамплін».
З дапамогай сродкаў ЭЗ у Хойніцкім раёне будзе створана каля 150 працоўных месцаў, у тым ліку для людзей з інваліднасьцю. Для мясцовых жыхароў праводзяць трэнінгі кшталту «як адкрыць бізнэс з нуля».
Летась на абмеркаваньні рэалізацыі праектаў у Хойніках прысутнічалі прадстаўнікі ФПБ, Беларускага саюзу жанчын і «Белай Русі».
«Праект ЭЗ-ПРААН, які рэалізуецца цяпер, дае магчымасьці для разьвіцьця мясцовых ідэй эканамічнай накіраванасьці, якія пакліканыя падтрымаць мясцовы бізнэс. І гэта — важны крок у разьвіцьці грамадзкіх аб’яднаньняў, бо яны тыя, хто падае ідэі жыхароў для ўдзелу ў конкурсах на фінансаваньне», — пісала выданьне «Хойніцкія навіны».
«Прадстаўнікі грамадзкіх абʼяднаньняў расказалі пра сваю дзейнасьць, дасягненьні і пляны. Высьветлілася, што самая шматлікая арганізацыя ў раёне — ФПБ, самая прыгожая — „Беларускі саюз жанчын“, самая патрыятычная — „Белая Русь“», — сьцьвердзіла раённая газэта.