Эўразьвяз увёў забарону на ўезд і прыняў рашэньне замарозіць актывы 78 беларускіх афіцыйных асобаў і 8 прадпрыемстваў. Глядзім, што за набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцы трапілі ў сьпіс.
Міхаіл Гуцэрыеў
У санкцыйным дакумэнце: «Дзякуючы сяброўству з Лукашэнкам займеў значнае багацьце і ўплыў сярод палітычнай эліты ў Беларусі».
Расейскі алігарх, старшыня рады дырэктараў групы «Сафмар» і нафтагазавай кампаніі «РуссНефть», ягоны асабісты капітал ацэньваюць у 2 мільярды даляраў. Сяброўства Лукашэнкі і Гуцэрыева пачалося ў 2000-х гадах, калі алігарх стаў прэзыдэнтам кампаніі «Славнефть»; тады ён заняўся будаўніцтвам нафтабазаў і бэнзастанцыяў у Беларусі.
Падчас эпідэміі першай хвалі каранавірусу летась менавіта Гуцэрыеву паказальна тэлефанаваў Лукашэнка і прасіў дапамагчы з мэдыцынскай тэхнікай.
У Менску Гуцэрыеў пабудаваў гатэль «Рэнэсанс» і базу адпачынку ў Краснасельскім. Апроч таго, Гуцэрыеў — інвэстар рудніку ў Любані, які цяпер будуецца.
Аляксей Алексін
У санкцыйным дакумэнце: «Ён падтрымлівае цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам і былым дарадцам па нацыянальнай бясьпецы Віктарам Лукашэнкам».
Адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў у Беларусі, які атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сфэры гандлю тытунём. Гэта ягоныя «Табакеркі» зьяўляюцца цяпер па ўсёй Беларусі.
Саўладальнік кампаніі «Брэміна Груп» — буйнога лягістычнага апэратара.
Аляксандар Зайцаў
У санкцыйным дакумэнце: «Праз доступ да сям'і Лукашэнкі Зайцаў атрымлівае выгадныя кантракты для свайго бізнэсу».
Буйны бізнэсовец, ягоныя інтарэсы — гандаль з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і краінамі Афрыкі. Ягоная кампанія Sohra Overseas пазыцыянуе сябе як асноўны пастаўшчык цывільнай прадукцыі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў у краіны Пэрсыдзкай затокі і Афрыку.
Лілія Лукашэнка
Жонка старэйшага сына Лукашэнкі Віктара, зьвязаная з шэрагам кампаній, якія маюць бонусы ад Аляксандра Лукашэнкі, а менавіта Dana Holding/Dana Astra.
Лілія Лукашэнка доўгі час працавала намесьніцай дырэктара гэтай кампаніі, якою валодаюць дзьве кіпрскія фірмы. Галоўнымі ж уладальнікамі «Дана Астра» лічацца сэрбскія прадпрымальнікі браты Карычы.
Сяргей Цяцерын
У санкцыйным дакумэнце: «Набліжаны да атачэньня Лукашэнкі».
Кіраўнік кампаніі «Белглобалстарт», асноўны напрамак кампаніі — продаж алькаголю. Сяргея Цяцерына называюць блізкім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, іх неаднойчы заўважалі разам на спартовых турнірах. Цяпер Сяргей Цяцерын таксама ўзначальвае Беларускую фэдэрацыю тэнісу.
Раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні, Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзяць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».
* У папярэдняй вэрсіі публікацыі памылкова сьцьвярджалася, што Міхаіл Гуцэрыеў мае дачыненьне да кампаніі VP Capital. Гэтая інфармацыя выдаленая.