Сцэнічная вэрсія яе знакавага твору «Хам» стала на пачатку 20 стагодзьдзя візытоўкай для маладога беларускага нацыянальнага тэатру. Адзін з пачынальнікаў нашага тэатру Францішак Аляхновіч пачынаў сваю творчую дзейнасьць з пастаноўкі гэтай рэчы. Многія яе творы пра прынцыпы свабоды ды пачуцьцё справядлівасьці і ўласнай годнасьці, якія трэба адстойваць пры любых таталітарных рэжымах, актуальныя сёньня як ніколі раней.
1. Пры яе нараджэньні ўпершыню засьпяваў салавей, праз гэта ёй напрарочылі незвычайны лёс
Ажэшка ўспамінала: «Я нарадзілася травеньскай ноччу 1842 году… Казалі, што якраз у той час… упершыню ў мількаўскім садзе засьпяваў салавей [лічылася, што калі пры нараджэньні дзіцяці пяе салавей, то яно будзе незвычайна творча адораным. — РС]… Маці мая яшчэ многа год любіла расказваць тое хатняе паданьне і асабліва любіла ўспамінаць пра яго тады, калі пачынала ганарыцца маёй пісьменьніцкай прафэсіяй, якую спачатку не цярпела…».
2. Не знаходзіла паразуменьня з першым мужам і таму разьвялася
«…пасьля заканчэньня пансіёна, на сямнаццатым годзе жыцьця, яе выдалі замуж за трыццаціпяцігадовага палескага шляхціца Пятра Ажэшку. Сама яна даволі абыякава ставілася да выбару жаніха, а ён быў у сваяцтве амаль з усёй павятовай знацьцю, да таго ж някепска танцаваў…».
«Пачала жыць у Людвінове каля Кобрына на Палесьсі, дзе стварыла, разам з малодшым братам мужа, Флёрэнтым Ажэшкам, школу для дваццаці вясковых дзяцей. Брала актыўны ўдзел у дыспутах земскіх камітэтаў, якія былі створаныя расейскімі ўладамі, з мэтаю правядзеньня грамадзка-эканамічных рэформаў вёскі. Грамадзкія прыхільнасьці былі адной з прычынаў разладу з мужам. Шлюб ня ўдаўся, у 1862 г. Э. Ажэшка пакінула мужа і выехала ў Варшаву. [Ганна Мар’я Келяк. Пра крэсавы гербарый Элізы Ажэшка / O kresowym zielniku Elizy Orzeszkowej. Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук, ГА «Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне» Варшава — Ліда 2006]
3. Пісьменьніцай яе зрабіла паўстаньне 1863 году
«Падчас студзеньскага паўстаньня 1863 года маладая жанчына рашуча далучаецца да прыхільнікаў вызваленьня сялян. Яна арганізуе харчовае забесьпячэньне і мэдыцынскую дапамогу, дае прытулак паўстанцам. Як асабістую трагедыю перажывае… расправу з кіраўнікамі паўстаньня: «Момант гэты запаліў ува мне жаданьне служыць Радзіме па меры маіх сіл і здольнасьцяў… Калі б не яго (1863 году. — РС) молат і сякач, відаць, я ня стала б пісьменьніцай».
4. Нешчасьліва закахалася, бо каханы не хацеў дзеля яе пакідаць Пецярбург
«…У 1869 годзе [яна закахалася ў] маладога доктара Зыгмунта Свяньціцкага зь Пецярбургу, адносіны, аднак, не закончыліся шлюбам, бо З. Свянціцкі не хацеў пакідаць прыбытковую пасаду ў Пецярбургу і пераяжджаць у Польшчу» [Ганна Мар’я Келяк. Пра крэсавы гербарый Элізы Ажэшка / O kresowym zielniku Elizy Orzeszkowej. Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук, ГА «Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне» Варшава — Ліда 2006].
5. Яе каханы распаліў у ёй жарсьць да хіміі
«Доктар запаліў яе інтарэсам… да хіміі: „Як толькі ўстану і прывяду сябе ў парадак, а гэта значыць, не пазьней чым, а 10-й гадзіне, бяруся за хімію. Так, пішу выразна: за хімію, і няхай пан гэтаму не зьдзіўляецца: няўжо ж мы, жанчыны, ня можам пераступіць парог сьвятыні — дакладных навук?“ — так яна піша галоўнаму рэдактару „Газэты польскай“ Юзафу Сікорскаму, якому давярае свае сакрэты як бацьку».
6. Не любіла Горадню да таго моманту, пакуль там не пачаўся пажар
Спачатку жыцьцё ў Горадні яна ўспрымала як часовае зьняволеньне і называла яго «невыноснай мясьцінай». Адносіны пісьменьніцы да гораду зьмяніў вялікі пажар у 1885 годзе. Эліза арганізуе дапамогу пагарэльцам, настойліва змагаецца за тое, каб падтрымка Горадні ў няшчасьці стала справай усяго краю.
7. Раіла Франьцішку Багушэвічу пісаць па-беларуску
«У горадзенскім доме пісьменьніцы ўсё часьцей зьяўляўся Францішак Багушэвіч… Можна сьмела сьцьвярджаць, што яна адна зь першых ацаніла грамадзянскі подзьвіг і значнасьць таленту Ф. Багушэвіча, была першым крытыкам і папулярызатарам яго вершаў сярод сялян, а таксама сярод шматлікіх сваіх добрых сяброў і знаёмых. «Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч, — паведамляла яна Яну Карловічу, — і чытаў мне казку — доўгую, поўную фантазіі, цудоўную, якую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на мой погляд, выдатныя. Трэба было б усімі сіламі заклікаць яго да працы ў гэтым напрамку».
8. Была вельмі жарснай жанчынай
«Яна была жанчынай, шчодрай на пачуцьці: памешчык Пётр Ажэшка, які стаў першым мужам, потым доктар Зыгмунт Сьвянціцкі, зь якім „ня склалася“, за ім адвакат Станіслаў Нагорскі, які праз трыццаць гадоў стаў другім мужам, пасьля яго сьмерці — малады афіцэр Францішак Гадлеўскі… Нават перапіску 67-гадовай Элізы Ажэшкі з 45-гадовым Тадэвушам Бохвіцам дасьледчыкі трактуюць як любоўную»..
9. Яе любімае хобі — зьбіраньне лекавых расьлін, дзе яна дасягнула сапраўднага посьпеху
«Падарожнічаючы па Горадзеньшчыне, Эліза Ажэшка сабрала 228 назваў расьлін — лекавых і прысушлівых, вядомых і малараспаўсюджаных. Усім беларускім назвам траў яна дала лацінскія адпаведнікі… Наколькі пісьменьніца была блізкая да жыцьця народу і глыбока яго вывучала, сьведчыць той факт, што зьбірала яна свой гербарый пад кіраўніцтвам вясковых жанчын… Дарэчы, назваў многіх расьлін і траў не было нават у беларускім слоўніку І. Насовіча».
10. Царскія ўлады забаранялі ставіць ёй пасьля сьмерці помнік
«Паставіць помнік Ажэшцы ў Горадні імкнуліся адразу пасьля сьмерці пісьменьніцы ў 1910 годзе, але тады царскія ўлады не далі на гэта дазвол. Да ідэі ўвекавечыць памяць пра Ажэшку гараджане вярнуліся толькі пасьля Першай сусьветнай вайны. У пачатку 20-х пачаўся збор сродкаў на помнік… Устанавілі помнік у 1929-м годзе (скульптар Рамуальд Зерых). Цяпер гэта самы стары помнік у Гародні».