Прэм’ера пройдзе 23 траўня а 19.00 на YouTube-канале артыстаў, які дасягнуў 143 тысяч падпісантаў.
«Безумоўна, 101-ы сэзон увайшоў у гісторыю. Першы сэзон за шмат гадоў, які не распачаўся традыцыйнай «Паўлінкай». Першы сэзон, калі мы перасталі быць проста артыстамі. Мы сталі ўсім тэатрам. Гэта не разьвітаньне, гэта сапраўднае нараджэньне Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы», — пішуць акторы.
Раней у траўні «Купалаўцы» зьнялі кароткамэтражную стужку «Узнагароды» па матывах твору Васіля Быкава. Акрамя таго, група артыстаў паказала на сваім Ютуб-канале спэктаклі «Страх і адчай Трэцяга Рэйха», «Войцэк. Сцэны», «Іранская канфэрэнцыя» і іншыя пастаноўкі.
Падзеі на 100-годзьдзе Купалаўскага
З Купалаўскага тэатру на знак пратэсту супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў сышлі ўсе вядучыя акторы, у трупу набралі ўчорашніх студэнтаў. Са старога складу засталіся некалькі чалавек. На сцэне тэатру сталі выступаць праўладныя артысты з канцэртамі ў падтрымку Лукашэнкі і АМАПу.
У лютым 2021 году ў тэатар прыехаў сам Лукашэнка, якому паказалі перапрацаваную пастаноўку п’есы «Паўлінка», а міністар культуры Анатоль Маркевіч сказаў, што яна «стала яшчэ лепшай, чым была».
Колішні кіраўнік Купалаўскага тэатру Павал Латушка выехаў за мяжу і заснаваў Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, якое публікуе сакрэтныя дакумэнты рэжыму Лукашэнкі і заклікае таго пайсьці ў адстаўку.
Акторы, якія пакінулі тэатар празь нязгоду з рэпрэсіямі, заснавалі канал на YouTube, на якім паказваюць новыя спэктаклі, зьвяртаюцца да іншых дзеячоў культуры Беларусі і чытаюць вершы.