15 чалавек звольніліся з «Новага тэатру» пасьля таго, як суд пастанавіў, што іхны страйк незаконны, паведаміў Tut.by.
Супрацоўнікі тэатру напісалі кіраўніцтву два лісты. Першы — з патрабаваньнем новых сумленных выбараў. Другі — з патрабаваньнем карантыну ў тэатры, бо там не ізалююць кантакты першага ўзроўню і не рассаджваюць гледачоў бясьпечна.
Акторы, якія падпісалі ліст, адмовіліся выйсьці на сцэну 27 кастрычніка.
Пасьля гэтага кіраўніцтва падало ў суд. Яно заявіла, што ўсе захады прафіляктыкі робяцца, а палітычныя патрабаваньні для страйку незаконныя.
Суд адзначыў, што ў тэатры працуюць 97 чалавек, а ў сходзе наконт страйку бралі ўдзел 18, і прызнаў забастоўку незаконнай.
У адказ 15 работнікаў напісалі заявы на звальненьне. Ім давялося выплаціць дзяржаўнае мыта 5 рублёў.
«Новы тэатар» месьціцца ў Заводзкім раёне сталіцы непадалёк ад галоўнай прахадной МАЗа.