Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады плянуюць патраціць на чырвона-зялёны салют у Менску 9 траўня 230 тысяч рублёў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цяпер ідзе прыём заявак на ўдзел у тэндэры. Запусьціць салют зьбіраюцца ў пяці месцах Менску.

На сайце дзяржзакупак зьявіўся тэндэр на паслугу «правядзеньня піратэхнічнай пастаноўкі пад арыгінальнае музычнае суправаджэньне, прысьвечанай Дню Перамогі». Заказчык — дзяржаўнае прадпрыемства «Менскканцэрт», крыніца фінансаваньня — бюджэтныя сродкі. Цяпер ідзе прыём прапаноў.

У апісаньні тэндэру сказана, што сьвяточны салют абыдзецца менчукам прыкладна ў 230 000 рублёў. У тэхнічным заданьні напісана, што салют будзе доўжыцца 5 хвілін, яго запусьцяць у пяці пунктах Менску: на пляцоўцы ў парку Янкі Купалы, каля «Чыжоўка-Арэны», у парках імя Паўлава і імя Уга Чавэса, у вёсцы Зацань побач з вадасховішчам Дразды.

Пры гэтым прапісана, што салют павінен быць у колерах «нацыянальнага сьцяга Рэспублікі Беларусь» (маецца на ўвазе чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг). Раней такога патрабаваньня да колеру фаервэркаў не было. Для салюту на Дзень Незалежнасьці ў 2020 годзе патрабаваньне да колеру сфармулявалі так: «пераважная колеравая гама — ня менш за 50 колеравых эфэктаў і іх камбінацый».

Абаронцы жывёл супраць салютаў

Арнітолягі і кінолягі выступаюць супраць маштабных фаервэркаў у сьвяточныя і іншыя дні. Яны паведамляюць, што свойскія жывёлы палохаюцца выбухаў, а птушкі гінуць ад запушчаных у нябёсы снарадаў.

Акрамя таго, салюты прыносілі гібель і раненьні на дзяржаўных сьвятах Беларусі і людзям. На сьвяточным салюце ў Менску 3 ліпеня 2019 году загінула жанчына, яшчэ 10 чалавек былі параненыя. Гэта ня першая трагедыя на Дзень Рэспублікі: у ноч на 4 ліпеня 2008 году на сьвяце ў цэнтры Менску ўзарвалася самаробная бомба, начыненая мэталічнымі прадметамі. Былі параненыя 54 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG