Фінансаваньне будаўніцтва сталічнага мэтрапалітэну ў 2021 годзе трэба павялічыць у два разы, заявіў намесьнік прэм’ер-міністра, былы старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак на тэлеканале «Беларусь-1», піша БелаПАН.
Сівак мае зьвесткі, што бюджэт на далейшую будоўлю мэтро ў 2021 годзе складае 68 млн рублёў, але гэтага, на яго думку, недастаткова.
Чыноўнік прапанаваў улічыць тэмпы будаўніцтва жыльля побач са станцыямі, дзе неабходна скончыць інфраструктуру, а таксама тое, што эфэктыўнасьць эксплюатацыі адрэзку лініі сёньня ніжэйшая, чым калі яна запрацуе ўся.
Сівак лічыць, што бюджэт трэба павялічыць удвая, таму прапануе выдзеліць на будаўніцтва мэтрапалітэну як мінімум 130-140 млн рублёў.
«Так, можа быць карэктаваньне бюджэту ў нейкіх пэрыядах, па паўгодзьдзі. Але ў асноўным гэта крэдытныя рэсурсы. Крэдытныя рэсурсы ёсьць, толькі пытаньне цаны гэтых рэсурсаў. У гэтым выпадку гаворка ідзе ў першую чаргу пра крэдыты ў беларускіх рублях».
7 лістапада 2020 году ў менскім мэтрапалітэне адкрылі першыя чатыры з 14 станцый трэцяй лініі.