Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля «крывавага салюту». Суд прыпынілі на нявызначаны час


Міліцыя на месцы гібелі Натальлі Максімчук, 3 ліпеня 2019
Міліцыя на месцы гібелі Натальлі Максімчук, 3 ліпеня 2019

Год таму на сьвяточным салюце ў Менску на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2019 году загінула жанчына, яшчэ 10 чалавек былі параненыя. Гэта ня першая трагедыя на Дзень Рэспублікі. За адзінаццаць гадоў да «крывавага салюту», у ноч на 4 ліпеня 2008 году, на сьвяце ў цэнтры Менску ўзарвалася самаробная бомба, начыненая мэталічнымі прадметамі. Былі параненыя 54 чалавекі.

Працэс па справе аб выбухах на салюце 2019 году пачаўся сёлета 2 красавіка ў Маскоўскім раённым судзе Менску. «Цяпер працэс прыпынены, — паведамілі Радыё Свабода ў прэс-службе суду. — Час узнаўленьня будзе абвешчаны пазьней».

У справе трое абвінавачаных. Гэта грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі Канстанцін Дзянісаў і Максіміліян Сапронаў ды беларус Аляксей Круглік, які камандаваў патрульнай ротай Менскага гарнізону.

Максіміліян Сапронаў
Максіміліян Сапронаў

Абодва расейцы працуюць інжынэрамі ў расейскай фірме «Пиро-Росс», якая прадала Міністэрству абароны Беларусі ўстаноўкі для запуску салютаў і фаервэркі да іх, выкарыстаныя 3 ліпеня 2019 году.

Сапронава і Дзянісава абвінавачваюць у парушэньні правілаў абыходжаньня зь піратэхнічнымі вырабамі, у выніку чаго загінуў чалавек. Ім пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Канстанцін Дзянісаў
Канстанцін Дзянісаў

Аляксей Круглік абвінавачваецца паводле 2 часткі 463 артыкула. Гэта артыкул пра адказнасьць за парушэньне правіл абыходжаньня з прадметамі, якія ўяўляюць асаблівую небясьпеку. Старшаму лейтэнанту Ўзброеных сіл Беларусі пагражае 5 гадоў зьняволеньня.

Аляксей Круглік (справа) і адзін з пацярпелых
Аляксей Круглік (справа) і адзін з пацярпелых

Што сьцьвярджае сьледзтва

Паводле абвінавачаньня, падчас сьвяточнага салюту 3 ліпеня 2019 году былі задзейнічаныя 8 ствалавых установак вытворчасьці расейскай фірмы «Пиро-Росс». Гэтыя ўстаноўкі запускалі фаервэркі з 6 пазыцый.

Напярэдадні частку зарадаў калібру 195 прызналі бракам, бо іх дыямэтар аказаўся большы за патрэбны.

Каб выправіць недахопы, Дзянісаў і Сапронаў, паводле сьледзтва, дасталі гэтыя зарады, разабралі, паправілі мэханічным спосабам — абрэзалі нажамі да патрэбнага дыямэтру — і выкарысталі для салюту.

Пракурор
Пракурор

Паводле сьледзтва, Дзянісаў, Сапронаў, а таксама Круглік, які адказваў за падрыхтоўку зарадаў да салюту, парушылі службовыя інструкцыі і нормы абслугоўваньня ўстановак.

Падчас салюту 3 ліпеня 2019 году з 4 установак адбыліся пускі бракаванымі фаервэркамі, якія выбухнулі ў ствалах. Ствалы разбурыліся, і аскепкі паляцелі на людзей.

Найбольш пацярпелі тыя, хто аказаўся на набярэжнай Сьвіслачы побач з вуліцай Даўмана. Там загінула мянчанка Натальля Максімчук, якой аскепак трапіў у шыю і перабіў сонную артэрыю.

У іншых 10 пацярпелых былі раны жывата, грудзей, рук, ног, галавы.

Пацярпеў мянчук, які ў момант салюту ехаў міма на аўтамабілі. Кіроўца атрымаў рану пляча ды іншыя пашкоджаньні, шкло ягонага аўтамабіля было разьбіта.

Ад выбухаў фаервэркаў пацярпелі некалькі аўтамабіляў, у тым ліку транспарт дзяржаўных устаноў, а таксама маёмасьць камэрцыйных фірмаў і дзяржаўных арганізацый.

Усяго сьледзтва налічыла стратаў больш як на 742 тысячы рублёў.

Што казалі падсудныя

Старшы лейтэнант Аляксей Круглік віну прызнаў часткова. Вайсковец пагадзіўся са сьледзтвам, што парушыў патрабаваньні дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць абыходжаньне з устаноўкамі і фаервэркамі, але не пагадзіўся з кваліфікацыяй сваіх дзеяньняў.

Расейцы сваёй віны цалкам не прызналі. Канстанцін Дзянісаў сказаў, што ягоныя «дзеяньні былі дазволены кіраўніцтвам і адпавядалі эксплюатацыйнай дакумэнтацыі».

Ня першая трагедыя на Дзень Рэспублікі

За адзінаццаць гадоў да «крывавага салюту», у ноч на 4 ліпеня 2008 году, на сьвяце ў цэнтры Менску ўзарвалася самаробная бомба, начыненая мэталічнымі прадметамі. Былі параненыя 54 чалавекі.

Мэдыкі на месцы выбуху 4 ліпеня 2008 году ў Менску
Мэдыкі на месцы выбуху 4 ліпеня 2008 году ў Менску

Да таго выбуху ў Беларусі ўжо былі наўмысныя падрывы бомбаў, самым рэзанансным стаў выбух у Віцебску самаробнага прыстасаваньня, калі атрымалі раны 40 чалавек.

Што было ў 2008 годзе, сьцісла

  • Каля 1.00 4 ліпеня недалёка ад стэлы «Менск — горад-герой», дзе праходзіў сьвяточны канцэрт, адбыўся выбух самаробнай прылады.
  • Раны атрымалі 54 чалавекі, загінулых не было.
  • За гадзіну да выбуху ля стэлы знайшлі яшчэ адну самаробную бомбу — паведамлялася, што ў кардоннай пакеце ад соку «Садочок» былі выбухоўка, гайкі і балты.
  • У гэтай справе затрымалі і дапыталі больш за дзясятак апазыцыйных актывістаў, у паловы дарослых мужчын Беларусі ўзялі адбіткі пальцаў; падазраваных было каля 120, але вінаватых тады не знайшлі.
  • Праз тры гады аднаго з падазраваных у тэракце 2011 году ў менскім мэтро, Дзьмітрыя Канавалава, назвалі выканаўцам і менскага выбуху 2008 году, і віцебскага 2005 году. Яго і саўдзельніка Ўладзіслава Кавалёва прызналі вінаватымі ў тэракце ў менскім мэтро і расстралялі ў сярэдзіне сакавіка 2012 году.
  • Лукашэнка назваў вінаватым у дапушчэньні тэракту 2008 году сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана. Шэймана звольнілі з пасады, у студзені 2009-га прызначылі памочнікам прэзыдэнта.

«Праявы хуліганскіх дзеяньняў»

Празь некалькі гадзінаў пасьля здарэньня паведамлялася пра два дзясяткі пацярпелых, затым пра чатыры дзясяткі. Мэдыкі правялі ў той жа дзень 26 апэрацыяў параненым. Людзі атрымалі траўмы пераважна ніжняй часткі цела — бомбу заклалі пад дрэва, якое часткова закрыла разьлёт мэталічных прадметаў, закладзеных у яе. У пацярпелых былі адкрытыя пераломы ног, пашкоджаньні ўнутраных органаў і скуры.

Шмат у каго з пацярпелых былі пашкоджаныя ногі і рукі
Шмат у каго з пацярпелых былі пашкоджаныя ногі і рукі

4 ліпеня была заведзеная крымінальная справа за «злоснае хуліганства», міліцыя казала пра выбух як «праявы хуліганскіх дзеяньняў». Апісаньне падазраваных не давалася. Былы старшыня Вярхоўнага Савету генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб у той дзень адзначаў, што па маштабах гэта «хутчэй нешта падобнае да тэракту».

Сьвята не спынілі, Лукашэнку не эвакуавалі

Выбух быў ціхі, казалі відавочцы; большая частка гледачоў сьвяточнага канцэрту яго не пачула, і шоў працягвалася. Тэлетрансьляцыю канцэрту не спынялі, проста не паказвалі тую зону, дзе езьдзілі машыны хуткай дапамогі. Па дзяржаўнай тэлевізіі пра выбух паведамілі толькі ўдзень 4 ліпеня.

Аляксандар Лукашэнка быў на месцы выбуху празь некалькі хвілінаў, згадвалі відавочцы. Яго не эвакуавала служба бясьпекі. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч тады зьвяртаў увагу на тое, што гэта выглядала дзіўна: «У такой сытуацыі ахова, што б там ні рабіла гэтая „першая асоба", хапае яе і выцягвае з таго месца, дзе гэта адбылося».

Адно зь першых фота зь месца выбуху
Адно зь першых фота зь месца выбуху

Сам Лукашэнка адказаў на гэта: калі б ён «пакінуў месца здарэньня, то арганізатары гэтай гнюснай акцыі дасягнулі б сваёй мэты», бо «яны ж разьлічвалі менавіта на тое, каб пасеяць паніку». Праз тры гады, калі адбыўся выбух у менскім мэтро, Лукашэнка таксама хутка прыбыў на месца здарэньня і ўзяў з сабой​ 6-гадовага сына Мікалая.

3 ліпеня 2008 году яшчэ да выбуху была знойдзена адна самаробная бомба, але нейкіх захадаў у ачапленьні тэрыторыі або пошукаў іншых прыстасаваньняў відавочцы ня бачылі.

Апазыцыя падазравала, што абвінавацяць яе

За дзень да выбуху ў «Камсамольскай праўдзе» апублікавалі інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён казаў, што «Захаду надакучыла нашая апазыцыя», што заходнія спонсары кажуць беларускай апазыцыі: «Будуць справы — будуць грошы», а гэта значыць «найперш вулічныя выступы, дэманстрацыі, а калі яшчэ пагромы і выбухі…»

Днём пасьля выбуху Партыя БНФ выступіла з заявай, у якой рашуча асудзіла злачынства, якое, як пісалі, мог зрабіць толькі «бясконца далёкі ад прынцыпаў чалавечнасьці, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, любові да беларускага народу». Партыя таксама папярэджвала, што «з боку ўлады было б вялікай памылкай паспрабаваць скарыстаць гэтую вартую безумоўнага асуджэньня падзею ў мэтах далейшага абмежаваньня свабоды й дэмакратыі ды барацьбы з палітычнымі апанэнтамі».

Апазыцыя непакоілася нездарма.

120 падазраваных, 1 300 000 прайшлі праз дактыляскапію

За год пасьля выбуху на Дзень Рэспублікі ў Менску ў якасьці падазраваных у гэтай крымінальнай справе прайшлі 120 чалавек. Іх трымалі па 10 сутак у сьледчым ізалятары, але потым выявілася, што ніхто зь іх не датычны да арганізацыі выбуху. Затрымлівалі нават тых, хто быў у дзень выбуху за мяжой.

У ваенкаматах часам утвараліся чэргі з тых, хто ішоў здаваць адбіткі пальцаў
У ваенкаматах часам утвараліся чэргі з тых, хто ішоў здаваць адбіткі пальцаў

Участковыя міліцыянты таксама рабілі пакватэрныя абходы грамадзянаў і пыталі пра тое, дзе людзі былі падчас выбуху, а на допыты выклікалі ўсіх, хто меў хоць якое дачыненьне да выбуховых рэчываў. Адбіткі пальцаў пасьля выбуху былі ўзятыя ў 1,3 мільёна чалавек — практычна паловы дарослых мужчынаў краіны, а таксама некаторых дзяцей. 12 тысяч чалавек адмовіліся ад гэтай працэдуры, хоць яе часта называлі абавязковай.

Выканаўцам трох выбухаў розных гадоў назвалі аднаго чалавека

Тры гады пасьля выбуху нікога не абвінавачвалі афіцыйна, хоць прапаноўвалі ўзнагароды за фота і відэа здарэньня. Нават затрымлівалі супрацоўнікаў кампаніі, якая пастаўляла сок «Садочок» (тыя сьцьвярджалі, што бомбу заклалі ў пакет з-пад соку «Моя семья»), і прапаноўвалі ўзнагароду за пакеты соку пэўнай сэрыі.

Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў на судзе
Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў на судзе

Вінаватых знайшлі пасьля выбуху ў менскім мэтро ў 2011 годзе. Выбух, у якім загінулі 15 чалавек і былі параненыя яшчэ чатыры сотні, адбыўся 11 красавіка, а ўжо 12-га былі затрыманыя Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў. Першы прызнаў віну і ў тэракце ў мэтро, і ў выбухах у Менску ў 2008 годзе, і ў Віцебску ў 2005-м, другога прызналі вінаватым толькі ў неданясеньні, але не саўдзеле.

Нягледзячы на шматлікія неадназначнасьці і несупадзеньні, выяўленыя ў час суду, Канавалаву і Кавалёву ў лістападзе 2011 году прысудзілі сьмяротнае пакараньне, і прысуд выканалі між 14 і 16 сакавіка 2012 году. Пра расьсьледаваньне і суд журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч напісаў кнігу «Хто ўзарваў Менскае мэтро?», якую можна бясплатна спампаваць у PDF.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG