Як вынікае з дакумэнту, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, нормы харчаваньня асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у турмах і ізалятарах (часовага ўтрыманьня, цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў і г.д.) прадугледжваюць штодзень на чалавека:
- 250 грамаў хлеба з сумесі мукі жытняй і пшанічнай 1-га гатунку
- 200 грамаў хлеба з мукі пшанічнай 1-га гатунку
- 5 грамаў мукі пшанічнай 2-га гатунку
- 100 грамаў крупаў (грэцкіх, прасяных, ячных, рысавых, аўсяных)
- 30 грамаў макаронных вырабаў
- 90 грамаў мяса (сьвініны, ялавічыны І катэгорыі)
- 55 грамаў рыбы з галавой
- 15 грамаў маргарынавай прадукцыі з колькасьцю тлушчу 45%
- 15 грамаў алею
- 125 мл каровінага малака тлустасьцю ня больш за 3,6%
- 2 курыныя яйкі (на тыдзень)
- 30 грамаў цукру
- 15 грамаў солі
- 1 грам гарбаты
- 0,1 грама лаўровага ліста
- 3 грамы таматнай пасты
- 20 грамаў сухога кісялю або 10 грамаў сушанай садавіны
- 25 грамаў мяса птушкі
- 20 грамаў вараных каўбасных вырабаў
- 10 грамаў сьмятаны тлустасьцю да 26%
- 500 грамаў бульбы
- 120 грамаў капусты
- 40 грамаў буракоў
- 30 грамаў морквы
- 40 грамаў цыбулі
- 20 грамаў агуркоў, таматаў, зяленіва
- 0,5 грама ўнівэрсальнай прыправы
- 5 грамаў часнаку (з 1 лістапада да 31 сакавіка).
Акрамя таго, вызначылі нормы забесьпячэньня сродкамі асабістай гігіены асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы і ЛПП.
На месяц вязьням дазволена атрымаць:
- Станкі аднаразовыя для галеньня — 4 штукі
- Гаспадарчае мыла — 200 грамаў
- Туалетнае мыла — 50 грамаў мужчынам і 100 грамаў жанчынам
- Туалетная папера — рулён 25 мэтраў
- Гігіенічныя пракладкі — 10 штук.
Дзясяткі тысяч чалавек затрымалі ў Беларусі ад пачатку леташніх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і міліцэйскага гвалту. Паводле маніторынгу праваабаронцаў, абсалютная бальшыня ацэньвае харчы ў большасьці месцаў зьняволеньня як «немагчымыя для ўжываньня».
Зьдзекам сваякі затрыманых і асуджаных называюць таксама той факт, што пэнітэнцыярныя ўстановы абмяжоўваюць графік прыёму харчовых перадач, а часам наогул іх забараняюць з прычыны «нездавальняючай эпідэмічнай сытуацыі».