Гэта прынясе ўздых палёгкі Брусэлю, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.
Цэнтрысцкі, праэўрапейскі і праўкраінскі мэр Бухарэсту Нікушор Дан цяпер выходзіць на міжнародную арэну ў той час, калі ў суседняй Украіне бушуе найбуйнейшы канфлікт у Эўропе з часоў Другой усясьветнай вайны.
«На гэтых выбарах Румынія стаяла перад відавочным выбарам: ці працягваць свой празаходні курс, ці ссунуцца ў бок ультранацыяналізму і на карысьць Расеі. Абіраючы Нікушора Дана, яны выбралі працяг празаходняй лініі», — заявіла ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Оана Люнджэску, навуковы супрацоўнік брытанскага аналітычнага цэнтру ў пытаньнях бясьпекі, Каралеўскага аб’яднанага інстытуту дасьледаваньняў абароны.
«Як у ЭЗ, так і ў NATO, надзейным сябрам якіх Румынія зьяўляецца цягам дзесяцігодзьдзяў, будзе ўздых палёгкі. Румынія мае стратэгічнае становішча», — дадала Люнджэску, былая прадстаўніца NATO для прэсы.
На выбарах 18 траўня Дан атрымаў каля 54 працэнтаў галасоў і перамог 38-гадовага ультранацыяналіста Джорджэ Сім’ёна ў другім туры. У гэтай перамозе ёсьць шмат вартых увагі аспэктаў.
Дэн нават не балятаваўся ў першай спробе прэзыдэнцкіх выбараў у лістападзе летась, калі толькі пачынаўся ягоны другі тэрмін у мэрыі Бухарэсту.
Але калі гэтыя выбары былі ануляваныя праз абвінавачаньні ў расейскім умяшаньні, Дан вырашыў кінуць пальчатку на рынг паўторных выбараў у траўні.
«Мы знаходзімся ў пункце раўнавагі, найбольш складаным пасьля 1989 году», — сказаў ён, маючы на ўвазе год, калі адбылося крывавае зрынаньне камуністычнага рэжыму Румыніі.
Другі характэрны момант — тое, што Дан прайшоў першы тур, апярэдзіўшы Крына Антанэску, што заняў трэцяе месца, менш чым на адзін працэнт і адстаўшы ад Сім’ёна прыкладна на 20 працэнтаў.
Ён нейкім чынам скараціў гэты адрыў і абышоў Сім’ёна ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта, але цяпер яму трэба будзе супакоіць палітычныя жарсьці ў глыбока палярызаванай краіне, і гэта цяжкая праца.
Дан балятаваўся як незалежны кандыдат і перамог кандыдатаў як ад кіроўнай кааліцыі, так і ад галоўнай апазыцыйнай партыі зь яе хаўрусьнікамі, якую прадстаўляе Сім’ён. Гэта азначала б, што ён можа падаваць сябе як аб’яднальнік, але гэта таксама азначае, што яму трэба заваяваць падтрыманьне ў парлямэнце.
Гэтае падтрыманьне будзе асабліва важным для Дана ў адной зь яго першых задачаў — прызначэньні новага прэмʼер-міністра, які зможа грунтавацца на парлямэнцкай бальшыні.
«Гэта нялёгка, гэта складана, бо парлямэнт вельмі фрагмэнтаваны», — сказаў Радыё Свабода Сэрджу Мішкою з факультэту эўрапейскіх даследаваньняў унівэрсытэту ў Клюжы.
Прэзыдэнт мае паўвыканаўчую ролю з важнымі для замежнай палітыкі функцыямі, такімі як удзел у міжнародных самітах і выкарыстаньне права вэта Румыніі на рашэньні ЭЗ. Дан заявіў, што хоча мець шчыльныя адносіны са Злучанымі Штатамі, захоўваючы пры гэтым пасьлядоўную праэўрапейскую пазыцыю і надалей падтрымліваючы Ўкраіну.
Яго абраньне будуць вітаць у Брусэлі й іншых эўрапейскіх сталіцах, якія сярод двух кандыдатаў бачаць Дана як свайго натуральнага хаўрусьніка і чалавека, зь якім яны могуць весьці справы.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск нават наўпрост выказалі знакі падтрыманьня Дану ўсяго за два дні да выбараў.
Адразу ж пасьля выбараў і Макрон, і Туск павіншавалі Дана зь перамогай.
«Нягледзячы на шматлікія спробы маніпуляваньня, румыны сёньня ўвечары выбралі дэмакратыю, вяршэнства закону і Эўрапейскі Зьвяз», — заявіў Макрон, які сказаў, што пагаварыў з Данам праз тэлефон пасьля абвяшчэньня вынікаў.
Адміністрацыя Трампа, наадварот, рашэньне ануляваць леташнія выбары гучна крытыкавала, што цешыла прыхільнікаў Сім’ёна.
Дан выказаў нязьменную падтрымку NATO і спадзевы захаваць падтрымку Вашынгтону, не ў апошнюю чаргу таму, што Злучаныя Штаты трымаюць у Румыніі ключавую базу супрацьракетнай абароны і каля 1700 вайскоўцаў. На фоне пастаянных размоваў аб плянах ЗША вывесьці войскі з Эўропы гэта можа стаць яшчэ адным галаўным болем для новага прэзыдэнта Румыніі.
«Кожны прэзыдэнт, абраны на праэўрапейскай плятформе, меў бы пэўныя праблемы з адміністрацыяй Трампа. Але Нікушор Дан зусім ня левы, — сказаў Мішкою. — Ён даволі, скажам так, памяркоўны кансэрватар. Гэта можа дапамагчы яму ў перамовах зь Белым домам», — дадаў ён.