Спэктакль «Валізка» паводле твору польскай сцэнарысткі й драматурга Малгажаты Сікорскай-Мішчук акторы пачалі рэпэтаваць у пачатку траўня, піша «Наша Ніва».
Матэрыял будзе блізкі кожнаму беларусу. Гэта, з словаў чальцоў каманды, галоўнае правіла для іх у выбары новых крыніц.
«Было неяк сказана, што гэта пʼеса-лекаваньне. І я абсалютна згодная з гэтымі словамі. Для мяне сам спэктакль яшчэ і пра прыняцьце. Здаецца, большасьці беларусаў хоць раз на момант хацелася выціснуць з памяці нэгатыўныя ўспаміны, наш калектыўны жахлівы досьвед.
Але ж з багажу такога досьведу вызначаецца чалавек, і спэктакль для мяне менавіта пра гэта — як ня страціць сваёй часткі, сваёй асобы ў працэсе пошуку лепшага жыцьця, лёгкага і спакойнага. Як прыняць нават тое, куды мы баімся глядзець», — сказала «Нашай Ніве» акторка Валянціна Гарцуева, якая выконвае ў спэктаклі ролю Жаклін.
«Валізка» — тэкст адной з найвядомейшых польскіх драматургаў і сцэнарыстак Малгажаты Сікорскай-Мішчук. У 2009 годзе твор адзначылі на XV конкурсе польскай сучаснай пʼесы, яго ставілі на сцэнах шматлікіх тэатраў.
Гэтым разам сваім бачаньнем гісторыі пра тое, ці можам мы адмовіцца ад свайго траўмавальнага мінулага, падзеліцца адзін з найвядомейшых беларускіх рэжысэраў — Аляксандар Гарцуеў, апавядае Reform.by.
Малгажата Сікорская-Мішчук скончыла факультэт журналістыкі і паліталёгіі, гендэрных дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту, а таксама сцэнарныя студыі Дзяржаўнай вышэйшай школы кіно, тэлевізіі і тэатру ў Лодзі. Напісала шмат твораў.
Аляксандар Гарцуеў — рэжысэр больш як 35 спэктакляў у тэатрах Беларусі і ня толькі. Сярод іх —
- «Людзі на балоце» паводле Мележа,
- «Раскіданае гняздо» паводле Купалы,
- «Івона — прынцэса Бургундзкая» паводле Гамбровіча,
- «Ня мой» паводле Адамовіча,
- «Ноч Гэльвэра» паводле Вілквіста,
- «Карʼера доктара Раўса» паводле Марціновіча,
- «Любоў людзей» паводле Багуслаўскага,
- «Гусі-людзі-лебедзі» паводле Бахарэвіча.
У спэктаклі граюць Зоя Белахвосьцік, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Зьміцер Есяневіч і Аляксандар Казела. Квіткі ўжо ў продажы.
- Трупа «Вольныя купалаўцы», якая вымушана працуе за мяжой з прычыны палітычнага перасьледу ў Беларусі, у сьнежні 2024 году была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем» — нібыта за «арганізацыю дзейнасьці па рыхтаваньні замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу ўрадоўцаў».
- «Вольныя купалаўцы» — аб’яднаньне былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, якія пакінулі Беларусь пасьля пратэстаў 2020 году. Цяпер яны выступаюць у Польшчы і гастралююць па Эўразьвязе.
- Латушка быў дырэктарам тэатру з сакавіка 2019 да жніўня 2020 году, пасьля чаго перайшоў у апазыцыю да ўлады на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.
Форум