Як піша Reuters, польская мытня сканфіскавала 5 тонаў шынаў для цывільных самалётаў Boeing, якія мелі праехаць транзытам празь Беларусь і Расею.
Пра гэта паведаміла ў панядзелак Нацыянальная падатковая адміністрацыя краіны, дадаўшы, што такія тавары падлягаюць санкцыям Эўрапейскага Зьвязу.
Заходнія санкцыі супраць Расеі і Беларусі ня раз узмацнялі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, але вайна не спынілася.
«Супрацоўнікі выявілі падчас праверкі грузавіка ў Карошчыне, што кіроўца перавозіў шыны, якія выкарыстоўваюцца ў цывільных самалётах Boeing, замест заяўленых аўтамабільных і аўтобусных шынаў», — паведаміла Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы.
«Адпраўніком тавару была кампанія з Гішпаніі, а атрымальнікам — з Азэрбайджану. У сувязі з мытным махлярствам была распачата крымінальная справа за падатковае махлярства. Тавары, якія падлягаюць санкцыям, былі затрыманыя».
- 2 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, ЗША наклалі на беларускага авіяперавозьніка «Белавія» абмежаваньні экспарту прадукцыі авіяцыйнай сфэры і ліцэнзаваньня пэўных самалётаў і дэталяў.
- 9 жніўня 2023 году «Белавія» трапіла ў санкцыйны сьпіс ЗША.
- У 2023 годзе генэральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец прызнаў, што пляны мадэрнізацыі флёту самалётаў авіякампаніі «Белавія» парушаныя праз увод заходніх санкцыяў.
- У лютым 2022-га Эўразьвяз увёў санкцыі супраць РФ, якія прадугледжваюць забарону на продаж самалётаў, іх дэталяў і абсталяваньня расейскім авіякампаніям. Найбуйнейшыя авіявытворцы — Airbus і Boeing — адмовіліся ад паставак самалётаў у Расею.
- Boeing таксама прыпыніў пастаўкі дэталяў, тэхнічнае абслугоўваньне і тэхнічную падтрымку расейскіх авіякампаніяў.
Форум