Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі патрабуюць заплаціць за суткі на Акрэсьціна. Параўноўваем з McDonalds і гостэламі


У Беларусі працягваюць выходзіць з «сутак» адміністрацыйнага арышту ўдзельнікі акцыяў пратэсту. Апошнія маюць выйсьці 19 красавіка, калі ім не дабавяць «сутак» за «няўлічаныя» акцыі пратэсту, як, напрыклад, даюць за абарону Курапатаў.

Зьняволеньне не бясплатнае: за кожны дзень знаходжаньня там трэба заплаціць 11,5 рубля. Плоцяць нават тыя, хто трымаў галадоўку, калі яны не запоўнілі адпаведных дакумэнтаў пра адмову ад ежы.

Свабода разьбіраецца, за што трэба плаціць 11 рублёў 50 капеек, і параўноўвае гэта з альтэрнатывамі на волі.

100 г мяса, 100 мл малака, 500 г бульбы, 500 г хлеба...

Сума ў 11,5 рубля вызначаная Інструкцыяй аб парадку кампэнсаваньня выдаткаў на ўтрыманьне ў папраўчых установах (PDF). Гэтая сума разьлічваецца з таго, што карміць зьняволеных будуць паводле пастановы Саўміну № 1564 ад 2006 году (доступ да дакумэнту платны) пра нормы харчаваньня ў турмах. Прадукты могуць замяняцца іншымі згодна з пастановай МУС № 139 ад 2015 году (PDF), каб не падаваць штодзень адно і тое ж.

Сваякі затрыманых на «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка нясуць перадачы ў турму на Акрэсьціна
Сваякі затрыманых на «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка нясуць перадачы ў турму на Акрэсьціна

Паводле нормаў, зьняволенаму на дзень належыць даваць 500 г хлеба (300 — з сумесі мукі жытняй шатраванай і пшанічнай першага гатунку і 200 — пшанічнага з мукі другога гатунку), 5 г мукі, 90 г крупы, 30 г макароны, 100 г мяса і 100 г рыбы, 500 г бульбы, 250 г гародніны, 20 г алею і 25 г маргарынавай прадукцыі, 100 мл малака, 30 г цукру, 15 г солі, 3 г таматнай пасты, 0,1 г лаўровага ліста і 0,2 г гарчычнага парашку, 25 г кіселю або 10 г сушанай садавіны, а таксама кубак гарбаты на дзень.

Цяжарным жанчынам і жанчынам зь дзецьмі даюць на 50 г болей мяса, на 400 мл болей малака, на 20 г болей цукру, на 100 г болей гародніны, 1 курынае яйка, 40 г масла і 50 г тварагу, але на 50 г меней бульбы. Непаўналетніх кормяць, як дарослых, толькі ў дадатак даюць 10 г цукру, па 15 г сычужнага сыру і каровінага масла.

Гэта праўда? А смачна?

Стваральнік «Арт-сядзібы» і Symbal.by Павал Белавус распавядае Свабодзе, што быў затрыманы ўдзень 26 сакавіка, але два дні зь 15 сутак яго ды іншых затрыманых не кармілі — ні ў дзень затрыманьня, ні на наступны дзень, калі ішлі суды. Але ў аплату палічылі 14 дзён:

Паўла Белавуса (справа) сустракаюць з турмы на Акрэсьціна пасьля 15 сутак арышту, 10 сакавіка 2017 году
Паўла Белавуса (справа) сустракаюць з турмы на Акрэсьціна пасьля 15 сутак арышту, 10 сакавіка 2017 году

«На наступны дзень пасьля суду пачалі карміць тры разы на дзень. Зранку давалі кашу і гарбату. Але абуральна было, што каша была зь дзьвюма-трыма разынкамі — сьмяяліся, што „навыкалупвалі“. Днём быў нейкі суп нясмачны і каша з хлебна-рыбнай катлетай, у якой перамешаныя косткі, вочы, нешта яшчэ. На вячэру давалі кашу і хлебна-рыбную і хлебна-мясную катлету. Давалі шмат хлебу, але яго амаль ніхто ня еў, бо пасьля пайшлі перадачы. Кіслы, нясмачны, яго немагчыма есьці. Я не скажу, што супэрдрэннае харчаваньне. Для некаторых людзей, тых жа бадзяг і п’яніц, якіх туды прывезьлі, было за шчасьце паесьці. Але назваць гэта такой ежай, за якую варта плаціць 11 рублёў 50 капеек за суткі, я не назаву. Наесьціся, у прынцыпе, можна. Проста напхаць страўнік без асаблівай прыемнасьці. Міліцыянты шмат казалі, што калі надыходзяць маразы, то на Акрэсьціна валацугі самі просяцца. Могуць падысьці да міліцыянта і пагон сарваць або дробны крадзеж учыніць, каб на цяжкія маразы іх пасадзілі туды, каб маглі ў цяпле паспаць і паесьці».

Беларускі «рэкардсмэн па сутках» сярод актывістаў Павал Вінаградаў кажа, што зь 2007 году, калі ежа ў СІЗА была зусім жахлівай, сытуацыя значна палепшылася:

Павал Вінаградаў перад судом Маскоўскага раёну Менску, 5 лютага 2017 году
Павал Вінаградаў перад судом Маскоўскага раёну Менску, 5 лютага 2017 году

«Апошні раз, калі я сядзеў у СІЗА, катлета пахла катлетай, бо раней ня пахла. Казалі, што раней пацукі адмаўляліся іх есьці. А што да зонаў, то там паўсюль па-рознаму. Недзе добрае, што ня проста не памрэш, а нават людзі ў трэнажорку ходзяць і цягліцы трэнуюць, а недзе распавядаюць гісторыі пра гнілую рыбу і чарвякоў у капусьце. Але што датычыцца СІЗА на Валадарскага, ёсьць мала рэчаў, якія прыемна прыгадваць з таго часу, але ж гарохавы супчык і нявызначаная вараная рыба там былі ўсё-ткі добрыя. З хатнімі не параўнаць, але для ўзроўню СІЗА проста супэр».

Зь ім завочна не пагаджаецца сустаршыня БХД Павал Севярынец, які кажа, што істотных зьменаў ад 1997 году або ад 2007-га не назіраў. Акрамя таго, ён адзначае нестабільную падачу ежы:

Павал Севярынец (справа) ў судзе ў Воршы, Аляксандар Баразенка (зьлева) вядзе трансьляцыю, 13 сакавіка 2017 году
Павал Севярынец (справа) ў судзе ў Воршы, Аляксандар Баразенка (зьлева) вядзе трансьляцыю, 13 сакавіка 2017 году

«Атрымліваецца двухразовае харчаваньне, могуць падаваць абед і вячэру адначасова. Магу сказаць пра колькасную ацэнку: я за 10 сутак схуднеў на 2 кг, хоць не галадаў, а Баразенка (апэратар „Белсату“ Аляксандар Баразенка трымаў галадоўку падчас 15 сутак арышту. — РС) схуднеў на 8 кг. Дзіўна, што забаранялі ў камэрах часнок: як знайшлі ў кагосьці, дык пагражалі, што „ўсе ня пойдзеце на прагулку“. Чаму часнок? Мы раіліся камэрай, ня ведаем. Мо яшчэ забароненыя срэбныя кулі і асінавы кол? Тады карціна складаецца. Але на ежу я не зьвяртаў увагу, бо былі значна больш істотныя рэчы: там вашывых людзей пхалі ў камэры, вены там сабе ўскрывалі, даводзілася рваць уласныя ручнікі, каб прыбраць камэру, не давалі нават паперу і асадку 4 дні».

Пералічваем у гамбургеры і дранікі

Хатняя ежа, калі верыць актывістам, смачнейшая за турэмную, але яна і больш танная: за 11,5 рубля можна купіць у звычайнай краме 500 г добрага хлеба, 500 г сьвініны, 1 кг бульбы, дзясятак яек, літар малака і яшчэ 1 кг цукру.

Але на гэтыя ж грошы можна накупіць у папулярным рэстаране фастфуду «МакДональдз» цэлых 6 гамбургераў (булачка, біфштэкс зь ялавічыны, гарчыца, кетчуп, цыбуля, скрылік марынаванага агурка — 254 кКал) і застанецца яшчэ на малы пакет соку (усяго з сокам і гамбургерамі 1616 кКал). Або замовіць порцыю дранікаў і «Гранд Біг Мак мэню» зь вялізным бургерам з двума катлетамі, бульбай фры і колай (сумарна 1720 кКал).

Паводле энэргетычнай каштоўнасьці гэта прыблізная норма для пахудзеньня (але не падтрыманьня вагі) здаровага мужчыны сярэднестатыстычных вагі і росту пры невялікай колькасьці фізычных нагрузак.

Рэстарацыі лічацца даражэйшымі за закусачныя фастфуду. Але, напрыклад, у «Васільках», што насупраць галоўнага будынка КДБ, на 11,5 рубля можна набыць боршч з пампушкамі і калдуны зь мясам або дзьве порцыі варэнікаў з бульбай і ванільны кактэйль. А ў кавярні «Грай», што недалёка ад КДБ і «Валадаркі», на 11,5 рубля можна набыць смажаную бульбу з грыбамі і местачковую салянку або дранікі зь сёмгай і каву.

Шмат зьняволеных за палітычныя акцыі адбываюць адміністрацыйнае таксама ў СІЗА ў Жодзіне. У гэтым горадзе, напрыклад, у кавярні «Мяцеліца» можна накупіць на «аплату за суткі» 4 порцыі дранікаў, або два абедзенныя мэню і дзьве порцыі кавы, або вялікую піцу.

Аплата за «суткі» — ня толькі за ежу, але і ня толькі ад вязьня

Аплата за адміністрацыйны арышт — гэта ня толькі кампэнсацыя ўласна харчаваньня. Згодна са згаданай Інструкцыяй аб парадку кампэнсаваньня выдаткаў, у цяперашнія 11,5 рубля ўваходзяць таксама заробкі зьвязаных з кухняй супрацоўнікаў, выдаткі на посуд, транспарт (дастаўку ежы і выправы, каб дамаўляцца пра ежу), рамонт кухоннай тэхнікі і амартызацыя, а яшчэ кампэнсацыя камунальных паслуг, сродкаў асабістай гігіены, адзеньня і абутку (калі яны выдаюцца зьняволеным).

СІЗА №1 на Валадарскага таксама часта «прымае» палітычных актывістаў
СІЗА №1 на Валадарскага таксама часта «прымае» палітычных актывістаў

Пры гэтым зь бюджэту Беларусі на папраўчыя ўстановы выдаецца сёлета 189 млн рублёў (каля 100 млн даляраў). На якую колькасьць зьняволеных трэба дзяліць гэтыя грошы, невядома. Але паводле зьвестак ААН за 2014 год, у Беларусі было каля 30 тысяч зьняволеных (12-е месца ў сьвеце). Гэта значыць, зь бюджэту выдаецца каля 6300 рублёў на вязьня за год, або каля 17 рублёў 26 капеек на дзень.

Мо лепей у гостэл?

Нягледзячы на стэрэатып аб празьмерна высокіх цэнах на гатэлі ў Беларусі, знайсьці жытло «па цане СІЗА» цалкам магчыма. Нумары ў гатэлях будуць відавочна даражэйшымі за «суткі», але альтэрнатывай можа быць ноч у гостэле ў 6-12-месным нумары.

Схема СІЗА КДБ ад Алеся Кіркевіча, архіўная выява
Схема СІЗА КДБ ад Алеся Кіркевіча, архіўная выява

Напрыклад, у бліжэйшыя дні Booking.com прапануе ў Менску ноч у гостэле Smile за 11 рублёў, а ў гостэле Flatcom — за 12 рублёў, у гатэлі «Спорт» у агульным 6-месным нумары ноч будзе каштаваць сама меней 9 рублёў. Мяркуючы па водгуках былых вязьняў СІЗА і карыстальнікаў Booking.com, умовы ў беларускіх гостэлах адназначна лепшыя за сьледчыя ізалятары.

Калі ж скласьці 11 рублёў 50 капеек, што плоціць пакараны адміністрацыйным арыштам, і 17 рублёў 26 капеек зь бюджэту, на волі атрымаецца і пераначаваць у гостэле, і тры разы паесьці фастфуду або адзін раз у сталічнай рэстарацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG