Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Рамана Бандарэнкі хоча ўдзельнічаць у судовым працэсе над журналісткай Барысевіч і лекарам Сарокіным


Алена Бандарэнка. Фота Tut.by
Алена Бандарэнка. Фота Tut.by

Менавіта Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін расказалі пра дадзеныя экспэртызы крыві загінулага Рамана Бандарэнкі. Насуперак сьцьвярджэньням Лукашэнкі і Сьледчага камітэту, алькаголю ў крыві не было.

Алена Бандарэнка настойвае на максымальнай агалосцы справы вакол гібелі яе сына, піша Tut.by. У размове з журналістамі маці Рамана расказала, што даведалася пра хуткае пасяджэньне Маскоўскага раённага суду Менску ў справе Кацярыны Барысевіч і Арцём Сарокіна праз сродкі масавай інфармацыі, а не ад дзяржаўных органаў, якія ўсё яшчэ афіцыйна праводзяць праверку па факце гібелі яе сына.

За выкраданьне й зьбіцьцё Рамана Бандарэнкі дагэтуль не пачалі крымінальнай справы. Яго маці дагэтуль не прызналі пацярпелай.

Алена Бандарэнка падала заяву на імя старшыні суду з просьбай аб сваім асабістым удзеле ў судовых пасяджэньнях. Заяву зарэгістравалі 8 лютага. Жанчына адзначае, што папрасіла паведаміць ёй пра дату і час судовага пасяджэньня для ўдзелу ў ім.

2 сьнежня Алену Бандарэнку дапыталі ў Генпракуратуры, і падпісаны ёю пратакол ёсьць у матэрыялах справы аб сьмерці Рамана. Пасьля таго допыту сьледчы папрасіў яе прыйсьці на допыт ужо ў справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна 8 сьнежня, аднак за дзень да яго Алене перадалі праз адваката, што нікуды ісьці ўжо ня трэба.

Суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага а 10-й раніцы. Працэс будзе праходзіць у Доме правасудзьдзя. Абвінавачваюць у «разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Нагодай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана не было алькаголю. Родныя Бандарэнкі да журналісткі і доктара ня маюць ніякіх прэтэнзій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG