Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне». Маці лекара Арцёма Сарокіна пра справу сына


Арцём Сарокін
Арцём Сарокін

Працэс над лекарам бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі анэстэзіёлягам-рэаніматолягам Арцёмам Сарокіным і журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч пачнецца 19 лютага ў Маскоўскім судзе Менску.

Маці палітвязьня Арцёма Сарокіна — Галіна Канстанцінаўна — расказвае пра сына і сваё стаўленьне да гэтай справы.

Сьцісла:

  • «Арцём казаў, што Раман быў цьвярозы. Але ж „бацька“ сказаў, што быў п’яны, і ўзяў гэтую сытуацыю на кантроль. Таму я думаю, што суд будзе слухаць „бацьку“. Усё, што зрабіў мой Арцём і як ён сябе паводзіў, вельмі справядліва», — кажа маці Арцёма Сарокіна.
  • Паводле крыніцаў BYPOL, дагэтуль ня знойдзена зьніклая мэдыка-крыміналістычная экспэртыза, якая ўстанаўлівае мэханізм прычыненьня цялесных пашкоджаньняў, нанесеных Раману Бандарэнку.
  • «Я думаю, што гэта замова. Такія важныя дакумэнты ня могуць зьнікнуць проста так», — мяркуе Галіна Сарокіна
  • «За што Кацярыну Барысевіч судзіць? За тое, што яна напісала фразу? За што іх наогул судзіць? Я ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне. Адна надзея ў нас — на перамены», — кажа Галіна Сарокіна.
  • Падставай для перасьледу Сарокіна і Барысевіч стаў артыкул на партале TUT.BY пра тое, што ў крыві памерлага ад траўмаў менчука Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Гэта разыходзіцца з вэрсіяй Сьледчага камітэту і Аляксандра Лукашэнкі. Па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі крымінальная справа не распачатая.
  • 19 лістапада Арцёма Сарокіна арыштавалі, цяпер ён у СІЗА № 1 Менску. Яго абвінавачваюць па частцы 3-й артыкула 178 Крымінальнага кодэксу ў выдаваньні мэдычнай таямніцы, што пацягнула за сабой «цяжкія наступствы» з прычыны публікацыі мэдычных дакумэнтаў адносна Рамана Бандарэнкі. Сваякі Рамана ня маюць прэтэнзій ні да журналісткі, ні да лекара.

Працаваў лекарам 10 гадоў

Вось што расказвае Галіна Канстанцінаўна, маці палітвязьня Арцёма Сарокіна. Яна жыве ў Марʼінай Горцы і 40 гадоў адпрацавала акушэрам-гінэколягам.

«Была вельмі кранутая, калі ў дзень салідарнасьці ў Бэрліне на акцыі людзі трымалі плякат з партрэтам Арцёма і надпісам „Свабоду доктару Арцёму Сарокіну! Свабоду Беларусі!“ Яны патрабуюць вызваліць Арцёма, скандуюць „Жыве Беларусь!“. Я была ўражана, гэта ж іншая краіна, — кажа Галіна. — У Мар’інай Горцы нас многія людзі падтрымліваюць, выказваюць сваю салідарнасьць. Калі ідзем па вуліцы, ня кажуць, што ідуць бацькі арыштаванага. Усе спачуваюць, многія дзякуюць, што ў нас такі сынок».

Арцём Сарокін скончыў Менскі мэдычны ўнівэрсытэт, працаваў у лякарні ў Мар’інай Горцы загадчыкам аддзяленьня рэанімацыі. Пасьля перайшоў у Чэрвеньскую бальніцу, а пяць гадоў таму ўладкаваўся ў менскую бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі.

Арцём Сарокін — лекар вышэйшай катэгорыі. У зьняволеньні яму споўнілася 37 гадоў.

Што вядома пра суд?

Бацькі Арцёма ня ведаюць, які будзе суд над сынам — адкрыты ці закрыты, каго туды пусьцяць.

«Мы нічога ня ведаем, якія там сьведкі. Я думаю, што адвакаты там асаблівай ролі граць ня будуць. Калі ёсьць рашэньне, на якое ўплывае Лукашэнка, то ніякі адвакат нічога там ня зробіць, — кажа Галіна Сарокіна. — Хоць каштуюць яны вельмі дорага. Адміністрацыя бальніцы, дзе працаваў Арцём, адмовілася даць адваката, хоць калегі аб гэтым прасілі».

Адвакат ня можа паведаміць сваякам абставіны справы, бо ён пад падпіскай аб неразгалошваньні.

«Мы ўсе чакаем, вельмі хвалюемся. У мяне нават нейкі стан нэрвовага напружаньня, калі мы даведаліся дату гэтага суду. Зьбіраемся ў суд, але ж нехта павінен застацца зь дзецьмі, відаць, мне давядзецца. А старэйшы сын, пляменьнік і муж зьбіраюцца паехаць», — кажа Галіна Канстанцінаўна.

Падчас сьледзтва бацькоў Арцёма Сарокіна не дапытвалі, вобшук быў толькі ў доме Арцёма.

«Нявестка не пасьпела прыехаць з працы, і тут жа прыйшлі з вобшукам. Гэта была такая ганьба, прывялі панятога, якога ўчастковы прыкаваў да сябе кайданкамі, нейкага бяздомнага, ня ведаю, адкуль яны яго ўзялі», — расказвае маці доктара.

Пра дасьледаваньне BYPOL

Ініцыятыва BYPOL правяла сваё расьсьледаваньне па факце зьбіцьця і сьмерці Рамана Бандарэнкі. Там сьцьвярджаецца, што Раман пры паступленьні ў бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі быў цьвярозы.

«Так, і сын таксама так казаў, што Раман быў цьвярозы. Але ж „бацька“ сказаў, што быў пʼяны, і ўзяў гэтую сытуацыю на кантроль. Таму я думаю, што суд будзе слухаць „бацьку“, — кажа Галіна Сарокіна. — Усё, што зрабіў мой Арцём і як ён сябе паводзіў, вельмі справядліва. Ён тады прыехаў зь дзяжурства, зайшоў да нас. Я заўсёды ў яго пытаюся: „Сынок, як у цябе дзяжурства?“. І ён расказваў са сьлязьмі на вачах, мы ж яшчэ нічога ня ведалі, проста расказваў, што паступіў такі пацыент, які ён быў зьбіты, як у яго з праламанага чэрапа выступаў ацечны мозг і яны ўсю ноч апэрыравалі, імкнуліся выратаваць. Я зь першага слова паверыла ва ўсё, што Арцём сказаў».

Галіна Сарокіна зьвяртае ўвагу на неабходнасьць дасьледаваць розныя дакумэнты.

«Тое, што яны казалі ў тэлефільме (маецца на ўвазе сюжэт Рыгора Азаронка на тэлеканале СТБ. — РС), што знайшлі ў мачы нейкія сьляды алькаголю, гэта сьведчыць, што ён некалі, магчыма, месяц таму, ужываў, і гэта ўсё можа застацца ў мачы. Але праўдзівы аналіз толькі па крыві. І калі пры паступленьні было нуль праміле алькаголю, то пра што яшчэ можа быць гаворка? Але як ім пайсьці супраць Лукашэнкі? Я ня ведаю, як яны могуць пайсьці», — кажа маці доктара.

Паводле крыніцаў BYPOL, дагэтуль ня знойдзена зьніклая мэдыка-крыміналістычная экспэртыза, якая ўстанаўлівае мэханізм прычыненьня цялесных пашкоджаньняў, нанесеных Раману Бандарэнку.

«Я думаю, што гэта замова. Такія важныя дакумэнты ня могуць зьнікнуць проста так. Я думаю, што вынікі МРТ таксама павінны быць, бо пры паступленьні рабілі МРТ. Што там бачна? Там могуць быць сьляды ад траўмы, якую нанесьлі Раману, чым наносілі гэтую траўму, — кажа Галіна Сарокіна. — Адкуль зьнік гэты дакумэнт, з кампутара ці яшчэ адкуль? Такія дакумэнты павінны захоўвацца амаль вечна, як многія крымінальныя гісторыі захоўваюцца 75 гадоў. І там гэта ў іх зьнікла. Гэта ж салідная ўстанова, як гэта ў іх магло зьнікнуць?».

Галіна Сарокіна, якая адпрацавала 40 гадоў лекарам, ня можа ўспомніць ніводнага выпадку, каб з прычыны выдаваньня ўрачэбнай таямніцы заводзілі справу.

«Аўчынка ня варта вычынкі. Што значыць урачэбная таямніца? Гэта таямніца, якая абараняе інтарэсы хворага чалавека і яго блізкіх. Ну якія тут інтарэсы Ромы і блізкіх, маці ягонай? Маці нічога ня мела супраць. Але якія да гэтай урачэбнай таямніцы мае адносіны прэзыдэнт? Ніякіх, — кажа Галіна Сарокіна. — Бывае на працы, што недзе чалавек раскрыў гэтую таямніцу. Ну, адміністрацыйнае пакараньне, нейкая заўвага на працы, але ніякая не судовая справа. Яны там разьдзьмулі, што гэта ўрачэбная таямніца, маўляў, пацягнула за сабой актыўнасьць грамадзтва. Яны што хочуць, тое і прыдумляюць. За свае 40 гадоў я ніколі ня чула, каб нейкі доктар быў пакараны за разгалошваньне ўрачэбнай таямніцы. Хоць гэтыя таямніцы бясконца выдаюцца. Паглядзіце, колькі перамывалі косьці Джыгарханяну, і што? І ёсьць многа іншых таямніц, пра якія гавораць».

Маці Рамана Бандарэнкі не выказвала ніякіх прэтэнзій да Арцёма Сарокіна.

«Вы ўявіце, жанчына, якая мае адно дзіця, і яна яго страціла, і яго яшчэ горш хочуць ачарніць, яшчэ зрабіць алькаголікам. Як такое магчыма? Гэта нонсэнс, — кажа Галіна Сарокіна. — За што Кацярыну Барысевіч судзіць? За тое, што яна напісала фразу? За што іх наогул судзіць? Я ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне. Адна надзея ў нас — на перамены».

Што вядома пра сям’ю Сарокіных

Муж Галіны Сарокінай Аляксандар — настаўнік. Старэйшы сын скончыў радыётэхнічны ўнівэрсытэт, працуе інжынэрам, нявестка таксама інжынэр. Жонка Арцёма Натальля — доктар.

Лекар Арцём Сарокін зь сям'ёй. 2018 год.
Лекар Арцём Сарокін зь сям'ёй. 2018 год.

«У нас добрая сям’я, усе самастойныя, мэтанакіраваныя. Нашай нявестцы цяпер вельмі складана, бо трое дзетак, і школа, і трэніроўкі, усё яна, бедненькая, матаецца на гэтай машыне туды-сюды, цэлы дзень у разьездах, — кажа Галіна Сарокіна. — Калегі да нас добра ставяцца, дапамагаюць і дзетак наведваюць, прыяжджаюць да Натальлі. Я перахварэла на ковід, дапамагалі калегі».

Старэйшы сын Арцёма Сарокіна Міша ходзіць у трэці кляс. У інтэрнэце ён знайшоў турму, у якой сядзіць тата.

«Паклікаў мяне, паказвае, вось выгляд зьверху, паглядзі, якая вялізная турма. Ён ужо вялікі хлопчык і, канечне, усё разумее. І той, які ходзіць у першы кляс, усё разумее. Яны ведаюць, дзе іх тата, пішуць яму лісты, малююць нешта. Ну, а маленькай толькі тры гады. Мы ёй кажам, што тата ў камандзіроўцы, — кажа Галіна Сарокіна. — Мы хочам, каб наш сын хутчэй быў дома, мы па ім вельмі засумавалі. Усе мары толькі пра сустрэчу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG