Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка днём 11 чэрвеня склікаў тэрміновую прэс-канфэрэнцыю ў сувязі з крымінальнай справай, якую распачалі супраць былых і дзейных супрацоўнікаў ягонага былога банку. Свабода вядзе жывую трансьляцыю.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сам Віктар Бабарыка не фігуруе ў крымінальнай справе, але раней казаў, што лічыць справу ціскам на яго — «фармаваньне комплексу віны за людзей, якія паверылі і пайшлі».
Нараканьняў не было, хоць праверкі былі
Бабарыка папрасіў прабачэньня за раптоўнасьць прэс-канфэрэнцыю і сказаў, што не рабіў бы экстраных заяваў, каб ня склалася такая сытуацыя і каб яна ня тычылася ягоных сяброў. Крымінальную справу ён зьвязаў з заявай «аднаго з кандыдатаў у кандыдаты» (маючы на ўвазе Аляксандра Лукашэнку) пра кампанію «ПрыватЛізінг».
«Уся мая дзейнасьць на пасадзе старшыні праўленьня „Белгазпрамбанку“ цягам 20 гадоў не выклікала ні ў кога ніякіх нараканьняў з гледзішча прыцягненьня праваахоўных органаў, — адзначыў Бабарыка. — „Белгазпрамбанк“ у гэты час праходзіў міжнародныя аўдыты, аўдыты беларускімі кампаніямі, падвяргаўся аналізу рэвізійнымі кампаніямі нашых акцыянэраў, праходзіў праверкі Нацыянальнага банку, і апошняя праверка — пазаплянавая і экстраная, скончылася ў студзені гэтага году. Ніводныя з гэтых праверак не давалі істотных заўвагаў да дзейнасьці „Белгазпрамбанку“, якія маглі б быць прычынай такіх дзеяньняў сёньня адносна супрацоўнікаў „Белгазпрамбанку“».
Бабарыка згадаў, што ў сярэдзіне 2000-х праходзілі праверкі яго і «ПрыватЛізінгу» правяралі «доўга і падрабязна» — ён зьвязвае гэта са сваёй заявай, у якой гучала «Жыве Беларусь». Але «ПрыватЛізінг» пасьля той праверкі застаўся кліентам «Белгазпрамбанку».
Дзеяньні сёньняшняга дня носяць замоўны палітычны характар
«Напрошваецца выснова, што дзеяньні сёньняшняга дня носяць замоўны палітычны характар, — заявіў Бабарыка, дадаўшы, што ня можа сьцьвярджаць гэта ўпэўнена, але прытрымліваецца такога меркаваньня. — Я лічу гэта недапушчальным, бо выкарыстаньне любога становішча і любых інструмэнтаў для ціску — незаконнае, яно супярэчыць ня проста духу, а і заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Увесь цынізм палягае ў тым, што яны накіраваныя не на мяне. Да таго, што гэтыя дзеяньні будуць накіраваныя на мяне, я гатовы. Але цынічна накіроўваць іх на людзей, у якіх проста „віна“ палягае ў тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я, зьяўляюцца маімі сябрамі... Я лічу гэта проста верхам чалавечай непрыстойнасьці».
«Супраць мяне асабіста няма нічога»
Ён папрасіў прабачэньня ў тых, супраць каго завялі крымінальную справу, за тое, што зьвязаны зь імі чалавек вырашыў выставіць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты. Праваахоўнікаў ён папрасіў «толькі аб адным»: выконваць заканадаўства.
Бабарыка заявіў, што зьвязаны з кампаніямі «ПрыватЛізінг», «Кентаўр» і «Кампары» толькі тым, што тыя былі кліентамі банку, якім ён кіраваў. Кампаніі былі ў «экасыстэме» банку і яго партнэраў у сувязі з асаблівасьцямі банкаўскага заканадаўства, дадаў ён.
«Была інфармацыя, што менавіта па мне і будзе нанесены першы ўдар, — заявіў Бабарыка. — Тое, што ён нанесены не па мне, з майго гледзішча, азначае толькі адно: супраць мяне асабіста няма ні-чо-га. Таму паспрабуюць знайсьці, напэўна, нейкія іншыя гісторыі».
Упэўнены, што зарэгіструюць
Сябры ініцыятыўнай групы, сказаў Бабарыка, будуць працягваць зьбіраць подпісы, бо «любыя дзеяньні супраць нас выклікаюць адваротны эфэкт». Ён дапусьціў, што давядзецца запрашаць дадатковых валянтэраў, каб апрацоўваць дадатковыя падпісныя лісты.
Ён мяркуе, што «была каманда» не адмаўляць кандыдатам у рэгістрацыі. Няма ні фармальных, ні нефармальных прычын адмаўляць яму ў рэгістрацыі кандыдатам, перакананы Бабарыка.
«Вы ўявіце сабе, што расьпісацца ў бясьсільлі такім, што нават ня выйсьці на поле барацьбы! — сказаў ён. — І вы хочаце сказаць, што гэта тады будзе ўяўленьне, што выбары ў Беларусі нейкія маюць легітымнасьць? Я ня веру».
Бабарыка перакананы, што ў гісторыі Беларусі не было прэцэдэнтаў, каб адмаўлялі патэнцыйным кандыдатам, якія сапраўды сабралі 100 тысяч подпісаў. Ён дадаў, што адмова ў рэгістрацыі будзе выразна сьведчыць, што рэйтынгі ўлады з апытаньняў у незалежных СМІ праўдзівыя.
Больш за 300 тысяч подпісаў «пэўна ўжо ёсьць»
Паводле Бабарыкі, у ягонай ініцыятыўнай групы ўжо ёсьць 300 тысяч пацьверджаных і аформленых подпісаў за яго вылучэньне, больш за 100 тысяч правераных падпісных лістоў. Пачаць здаваць лісты ў выбарчыя камісіі зьбіраліся ўжо сёньня.
Чальцы ініцыятыўнай групы, заявіў Бабарыка, самі вырашылі «ўдарыць па беззаконьні» і будуць на пікетах прынамсі да 15 чэрвеня, як і плянавалася.
Адпачатку, кажа Бабарыка, ён прасіў чальцоў групы не выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс, пасьля ўчорашняй заявы Лукашэнкі папрасіў паўторна.
Лукашэнка даручаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў»
Тыдзень таму, 4 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка, не называючы імёнаў, згадаў зьвязаную з банкам кампанію «ПрыватЛізінг» і намякнуў на махлярства. Бабарыка тады адзначаў, што паколькі ягонае прозьвішча не прагучала, то ён мог бы не камэнтаваць гэтае пытаньне.
10 чэрвеня Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаній, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў, і загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей». Таксама Лукашэнка заявіў, што расейскія алігархі нібыта фінансуюць радыкальную апазыцыю ў Беларусі.
Гатовыя яднацца, але ёсьць умовы
Бабарыка заявіў, што гатовы да аб’яднаньня высілкаў зь іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі, але ёсьць пэўныя ўмовы. Ён ня стане яднацца з тымі, хто заклікае да зрыву выбараў. Да таго ж, павінна супадаць «бачаньне руху».
«Я ня веру ў тое, што можа быць фізычны гвалт»
Бабарыка сьцьвярджае, што лічыў абяцаньне Лукашэнкі «нагадаць» пра расстрэлы дэманстрантаў «амаль пераходам за край». Але «калі гэта дапушчальнае эмацыйнае выказваньне, ну, дапусьцім».
Але цяперашнія падзеі азначаюць, што «Рубікон пяройдзены», заявіў ён, і цяпер дапускае, што супраць яго могуць быць любыя дзеяньні.
«Адзінае, чаго я працягваю не дапускаць, — гэта фізычная ліквідацыя і фізычны гвалт або адносна людзей, якія працуюць у штабе або супрацоўнікі нейкіх кампаній, або супраць мяне, — сказаў Бабарыка. — Дагэтуль я ня веру ў тое, што можа быць фізычны гвалт».
«Дастаткова грошай, каб называлі „тлустымі катáмі“»
На пытаньне аб тым, ці выкарыстоўваў Бабарыка службовае становішча дзеля ўзбагачэньня, ён заявіў, што ў «Белгазпрамбанку» былі дастаткова высокія заробкі, каб іх «абмяркоўвала ўся краіна і банкіраў называлі „тлустымі катáмі“».
«У мяне дастаткова грошай для таго, каб збудаваць той дом, у якім я жыву, езьдзіць на тых машынах, якія ёсьць, — казаў ён. — Таму для гэтага ня трэба ўжываць або злоўжываць службовымі паўнамоцтвамі, трэба проста шчыра працаваць на пасадзе старшыні праўленьня найбуйнейшага банку краіны».
Бабарыка дадаў, што гатовы пацьвердзіць гэта дэклярацыяй аб даходах, а калі спатрэбіцца, і на «дэтэктары хлусьні».
Да Цапкалы прыяжджаў Дзяржкантроль, але нічога не зрабіў
11 чэрвеня каля менскага дома іншага патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валера Цапкалы заўважылі прадстаўнікоў Дзяржкантролю. Але ператрусу не было, супрацоўнікі камітэту проста зьехалі.
Навіну пра ператрусы ў офісе «Белгазпрамбанку» і ў людзей з атачэньня Бабарыкі Цапкала пракамэнтаваў цытатай індыйскага дзеяча Махатмы Гандзі: «Спачатку яны цябе не заўважаюць, сьмяюцца зь цябе, змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш».
«Ціханоўскі невінаваты»
Бабарыка не пагадзіўся з журналістамі ў вызначэньні слова «рэпрэсіі» — паводле яго, гэта дзеяньні, ад якіх ужо ёсьць пацярпелыя і ёсьць нейкія іншыя наступствы. Пакуль жа «пацярпелых паводле закону» няма, перакананы ён, бо няма прысудаў, а ёсьць толькі падазраваныя.
Але ён пагадзіўся, што калі адносіць да рэпрэсій таксама запалохваньне і перашкоды выбарчай кампаніі, то тады рэпрэсіі ідуць.
На пытаньне аб тым, ці зьяўляецца рэпрэсіямі тое, што адбываецца з арыштаваным блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якога праваабаронцы ўжо абвясьцілі палітвязьнем, Бабарыка адказаў:
«Ціханоўскі на сёньняшні дзень невінаваты. Гэта маё абсалютнае меркаваньне, бо любы чалавек, які знаходзіцца [пад сьледзтвам] і віна якога не даказаная судом, зьяўляецца невінаватым.
Ёсьць памылкі ўладаў, калі яны затрымліваюць невінаватых і па меры высьвятленьня адпускаюць. Калі яны зрабілі проціпраўныя дзеяньні, затрымалі невінаватага чалавека і не даказалі [віну], я лічу, што наконт гэтага трэба распачынаць справу супраць незаконных дзеяньняў уладаў. Калі будзе даказаная віна Ціханоўскага ў тых злачынствах — значыць, ён вінаваты».
Ціханоўская прыпыніла збор подпісаў у буйных гарадах, ейны муж і чальцы каманды за кратамі
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 11 чэрвеня абвясьціла аб прыпыненьні збору подпісаў за яе вылучэньне на пікетах у Менску і абласных цэнтрах да канца тыдня. У іншых гарадах збор подпісаў працягнуць.
Яна растлумачыла, што гэта зьвязана з затрыманьнем чальцоў ініцыятыўнай групы (за кратамі, сярод іншых, кіраўнік групы — ейны муж, блогер Сяргей Ціханоўскі) і правакацыямі на пікетах. Затрыманых у справе Ціханоўскага беларускія праваабаронцы ўжо прызналі палітычнымі вязьнямі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.